Политика

Ірына Марозава

Тышкевіч: Візіт кітайскага прэм’ера можа паказаць, наколькі ў КНР успрымаюць афіцыйны Мінск у якасці асобнага гульца

Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» — пра візіт прэм’ера Дзяржрады КНР Лі Цяна у Беларусь.

Прэм’ер-міністр Дзяржаўнай рады КНР (найвышэйшага выканаўчага органа Кітая) Лі Цян наведвае з афіцыйным візітам Беларусь ды Расію. На ўсё пра ўсё, паводле анонсаў кітайскага боку, адведзена ўсяго некалькі дзён — з 20 па 23 жніўня.

Пры тым у Маскву кітайскі прэм’ер прыбыў учора ўвечары, а практычная частка візіту адбываецца ў сераду (прадугледжаны прыём у Пуціна).

У Беларусі кіраўніка ўраду Кітая чакаюць 22-23 жніўня, анансаваныя перамовы з прэм’ерам Раманам Галоўчанкам і паездка ў індустрыяльны парк «Вялікі Камень». Пра асабістую сустрэчу з Лукашэнкам прэс-служба правіцеля пакуль нічога не паведамляла.

Як зазначае аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч, у гэтых варунках важным становіцца пытанне таймінгу: калі менавіта Лі Цян прыляціць у Мінск, колькі там прабудзе?

Ігар Тышкевіч

— У візітах такога ўзроўню парадак дня і час, праведзены ў краіне, мае падвойнае значэнне: апроч эканамічнага, таксама палітычнае, — тлумачыць Ігар Тышкевіч у экспрэс-каментарыі «Салідарнасці». — Натуральна, што беларускі бок зацікаўлены ў адносна доўгім (пажадана, даўжэй за маскоўскую частку) і плённым фармаце.

Дзеля гэтага, мяркуе аналітык, беларускія ўлады прадэманстравалі гатоўнасць рабіць не толькі сімвалічныя жэсты, але і палітычныя крокі — таму колькасць незаконных спробаў мігрантамі беларуска-польскай мяжы за апошні месяц паменшылася ў разы, дый указ Лукашэнкі аб памілаванні палітвязняў быў апублікаваны ў сярэдзіне жніўня, на яго думку, не проста так.

— Для ўсходніх краін — не толькі Кітая, гэта пытанне традыцый і Індыі, і В’етнама — вельмі важна абазначыць, наколькі ты ўспрымаеш тую ці іншую дзяржаву як партнёра. Таму пытанне таймінгу, колькі затрымліваюцца дыпламаты і вышэйшыя чыноўнікі, мае значэнне.

Лі Цян падчас прыняцця прысягі ў 2023 годзе

Тэарэтычна заяўлена, што ў візіце Лі Цяна два дні прыпадае на Беларусь, два — на Расію, але па факце ўвесь візіт займае трое з паловай сутак. Таму будзе цікава паглядзець, калі кітайскі прэм’ер прыляціць у Мінск, з кім сустрэнецца, паглядзець, якія дамовы падпісаныя па выніку — гэта дасць разуменне, наколькі паспяховымі былі перамовы там і там.

Хоць значэнне таймінгу не варта празмерна перабольшваць, гэта проста дэманстрацыя, якая не ёсць ключавой і вызначальнай — толькі адной з прыкмет таго, наколькі афіцыйны Мінск у Кітаі ўспрымаюць як асобнага гульца, асобнага партнёра.

Да кожнай краіны ў Кітая свой інтарэс, і куды ён скіраваны ў Беларусі, будзе бачна з таго, якія дакументы бакі падпішуць і як далей будуць развівацца падзеі.