Калі на наступным этапе пачнуць казаць пра існуючую не на паперах, а ў рэальнасці, так званую аб’яднаную групоўку войскаў, ці войска Саюзнай дзяржавы, то ўзнікае пытанне: паводле якога закону будуць мабілізаваць грамадзян Беларусі? І ў якіх войсках яны будуць служыць? «Узброеныя Сілы» ці «Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь» — розніца істотная.
Тышкевіч: «Умоўна кажучы, беларускім уладам падалося, што рыхтуецца напад — і без праблем можна ўводзіць ваеннае становішча»
Аналітык — пра змены ў законе аб надзвычайным становішчы (і не толькі).
Законапраект, што прадугледжвае змены ў цэлым шэрагу заканадаўчых актаў па пытаннях бяспекі, унесены ў парламент РБ і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Сярод іншага, новаўвядзенні закранаюць законы аб мабілізацыі, Узброеных сілах, надзвычайным і ваенным становішчы.
Так, у пералік падстаў для ўвядзення ваеннага становішча прапануецца ўнесці «дзеянні іншай дзяржавы, якая дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцім дзяржавам, экстрэмісцкім фармаванням для нападзення на Рэспубліку Беларусь», а таксама засылку «ўзброеных груп, наймітаў ці падраздзяленняў рэгулярных войскаў, якія прымяняюць узброеную сілу» супраць Беларусі.
А надзвычайнае становішча можа быць уведзенае пры спробах «гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, узброенага мяцяжу, захопу дзяржаўнай улады, масавых і іншых беспарадкаў». Прычым права на яго ўвядзенне атрымлівае не толькі прэзідэнт, але і Усебеларускі народны сход — у выпадку «бяздзеяння» першага.
Выглядае на тое, што беларускія ўлады ўспрымаюць як патэнцыйную небяспеку Полк К*ліноўскага, альбо напалоханыя дыверсіямі ў расійскім тыле і не жадалі б стаць другой Белгародчынай. Але, магчыма, проста падсцілаюць сабе саломку на будучыню, каб мець магчымасць здушыць найменшыя пратэсты грамадства супраць рэжыму?
— Пра матывацыю можна думаць па-рознаму, але па факту мы маем спробу пашырыць нагоды для ўвядзення ваеннага і надзвычайнага становішча, — зазначае ў інтэрв'ю Филину аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч. — Таксама заўважу, што прапануюцца змены ў законе пра мабілізацыю.
На думку аналітыка, улады жадаюць мець магчымасць у любы момант увесці метады прамога, дырэктыўнага кіравання, не зважаючы нават на існую прававую базу — «фактычна, гаворка пра абсалютную ўладу, нават у параўнанні з тым, што ёсць цяпер у Беларусі».
— Вельмі цікавыя моманты ёсць у матывацыйнай частцы ўвядзення ваеннага становішча, — гаворыць Ігар Тышкевіч, — акрамя засылкі ўзброеных груп, там сярод іншага згадваецца канцэнтрацыя войскаў, падрыхтоўка і гэтак далей — то-бок, тое, што з’яўляецца суб’ектыўнымі рэчамі. Умоўна кажучы, беларускім уладам падалося, што рыхтуецца напад — і без праблем можна ўводзіць ваеннае становішча.
І гэта рэальна пашырае поле і магчымасці легальна, праз унясенне ў заканадаўства, у любы момант часу перайсці да прамога кіравання краінай. Прытым уведзенае ваеннае становішча можа працягвацца столькі, колькі трэба.
Яшчэ адна рэч, якая мне разанула вока ў дакуменце — калі мы гаворым пра мабілізацыю і мабілізацыйную падрыхтоўку (закон аб ёй таксама прапануецца змяніць), то ва ўсіх абзацах, дзе раней было пазначана «Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь», змяняецца на «Узброеныя Сілы», дзе згадваецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулявала гэтыя пытанні, цяпер ідзе проста «заканадаўства».
І гэта вельмі моцная небяспека.
— Законапраект пашырае і пералік падстаў для ўвядзення надзвычайнага становішча — сярод іншага гаворка пра «ўзброены мяцеж». Але ж у Беларусі зброя напералік, нават таварыства паляўнічых і рыбаловаў узначальвае экс-кіраўнік МУС Ігар Шуневіч. То аб чым гаворка: улады настолькі не давяраюць уласнай арміі?
— Рэч у тым, што ўводзіцца новы тэрмін — «узброены мяцеж», але яго вызначэння ў беларускім заканадаўстве няма. Адпаведна, трактаваць гэтую фармулёўку можна будзе вельмі шырока — пачынаючы ад таго, што на мітынгу хтосьці з дэманстрантаў кіне выбуховы пакет. Зброя? Так. Альбо мяцеж у вязніцы.
Фактычна, калі няма дакладнага вызначэння, то напоўніцу працуе свабода ўявы, фантазіі ў таго, хто зацікаўлены пры жаданні абвясціць мяцяжом што заўгодна.
Што да права ўвядзення надзвычайнага і ваеннага становішча, якое нададзенае Усебеларускаму народнаму сходу пры «бяздзейнасці прэзідэнта», тут, мяркуе аналітык, пытанне да кваліфікацыі саміх беларускіх заканатворцаў.
— Лукашэнка разлічвае, калі давядзецца сыходзіць, мець для сябе рэзервовую пляцоўку — Усебеларускі народны сход. Але я б не так баяўся гэтай нормы. Па-першае, за такія рашэнні сход мае галасаваць поўным складам, а гэта да халеры людзей. А па-другое, па дзейным заканадаўстве, улада і выканаўчыя працэдуры перадаюцца ўсё ж іншым органам — Радзе Бяспекі, Саўміну і г.д.
І ў такім фармаце можна колькі заўгодна прапісваць паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, каб пацешыць самалюбства аднаго асобна ўзятага беларуса, але як гэта будзе працаваць у рэальнасці?
Уявім, што Лукашэнка пачаў транзіт, выдумаў сабе пасаду старшыні прэзідыума УНС — такі імператар, абкладзены з усіх бакоў падушкамі, і зверху падвешаны німб. Але — што, калі наступнік вырашае весці іншую палітыку?
Вось нешта здарылася, сабралі УНС, Аляксандр Рыгоравіч стукнуў кулаком па стале і сказаў, што трэба ўвесці надзвычайнае становішча, прагаласавалі. Цудоўна. Але, на хвіліначку, на моманце транзіту — Рада Бяспекі іншая, Савет Міністраў іншы, і наступнік мае ўсе магчымасці сказаць: дзякуйце, таварышы, але не. І ў выпадку патрэбы першае, што ён робіць — распускае той Усебеларускі народны сход.
Таму гэтая прапанова — сведчанне дэградацыі сістэмы падрыхтоўкі заканадаўчых актаў. Ёсць жаданне напісаць новыя законы, але, калі ў абойме пры ўладзе ідзе негатыўны адбор і замест разумных выбіраюць паслухмяных, рана ці позна такія перлы здараюцца.
Ігар Тышкевіч прыводзіць красамоўны прыклад з нядаўняга мінулага:
— Давайце згадаем, як афіцыйны Менск казаў пра саўдзел у агрэсіі супраць Украіны: мы, маўляў, ні на кога не нападалі, гэта Расея, мы толькі прадаставілі сваю тэрыторыю. А цяпер глядзім у Закон РБ «Аб ваенным становішчы», артыкул 4, дзе напісана, што прызнаецца нападам, незалежна ад абвяшчэння вайны: «…дзеянні іншай дзяржавы (кааліцыі іншых дзяржаў), якая дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцяй дзяржаве для нападу».
Атрымліваецца, што атачэнне Лукашэнкі, якое сцвярджала «мы не нападалі», распісваецца ў няведанні ўласнага заканадаўства. Я ўжо не кажу пра новую Канстытуцыю, 18 артыкул якой нормай прамога дзеяння выключае агрэсію з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Відавочна, гаворыць аналітык, што беларускія ўлады імкнуцца абкласціся падушкамі бяспекі на ўсе выпадкі жыцця. Аднак пры выжыванні ва ўмовах палітычнага крызісу на любую крытыку глядзяць як на праяву варожасці — і гэта датычыцца не толькі апанентаў рэжыму, але і тых, хто працуе на вертыкаль.
— Таму гэтыя людзі баяцца крытыкаваць, указваць нават на шчырыя «ляпы», якія пасля будуць біць па самому ж атачэнню Лукашэнкі. І яўных неадпаведнасцяў, абсурду ў новых законапраектах проста не бачаць, — альбо бачаць, але лічаць за лепшае прамаўчаць. Чым больш будзе такіх супярэчлівых момантаў, якія, з аднаго боку, развязваюць рукі, але з другога, дазваляюць рабіць што заўгодна ў абодва бакі, тым горш для самой сістэмы.
Ліхаманкавыя спробы ўнесці дадатковыя змены нават у свежыя законы (Закон аб надзвычайным становішчы, прыкладам, правіўся толькі летам 2021 года) выглядаюць як затыканне дзірак, спроба паставіць кастыль на кастылі або латку на латку старой вопраткі. Аднак калі твая вопратка ператвараецца ў рваннё, куча новых латак не робіць яе ані мацнейшай, ані зручнейшай. Гэтыя латкі толькі муляюць, ты нібыта сам сябе заспакойваеш, але не ведаеш, дзе парвецца наступнага разу.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное