Филин

Ірына Дрозд

Тышкевіч: «Не перашкодзіць мець «трывожны чамаданчык» на розныя выпадкі — ад ракетных удараў да стыхійных бедстваў»

Аналітык Украінскага інстытуту будучыні — аб тым, як рыхтавацца да небяспекі.

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў з просьбай паклапаціцца пра сябе і блізкіх на выпадак складанай сітуацыі.

— Усё гэта не магло прысніцца нам нават у страшным сне. І ўсё ж гэта здарылася. Пратэсты, рэпрэсіі, збіцці, крызіс, вайна. Мы не маглі прадбачыць гэтыя падзеі, але навучыліся дзейнічаць у самых складаных сітуацыях, — напісала Ціханоўская.

Яна папрасіла «не дазваляць сабе лішняй панікі, прымаць рашэнні спакойна», і калі ёсць нешта, што можна зрабіць, каб засцерагчы сябе, зрабіць гэта загадзя. У тым ліку парада тычыцца і плану дзеянняў на выпадак вайны.

Магчымыя пагрозы Филин абмеркаваў з экспертам Украінскага інстытуту будучыні Ігарам Тышкевічам. Беларус, які адзінаццаць месяцаў жыве ва Ўкраіне ва ўмовах вайны, даў некалькі практычных парадаў.

Ігар Тышкевіч

— Калі Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну супраць Украіны менавіта сіламі ўзброеных сіл краіны, то натуральна ў адказ будуць удары, — адзначыў аналітык. — Але ўсё ж такі варта супакоіць людзей: станам на сёння, калі глядзець групоўку расейскіх, нават і беларускіх войскаў, верагоднасць наступу беларускай ці расейскай арміі ў бліжэйшыя чатыры тыдні з тэрыторыі Беларусі мінімальная.

Вясной з Беларусі па розных ацэнках заходзілі ад 30 да 50 тысяч вайскоўцаў. Яны ўперліся ў Кіеў і былі вымушаныя адкаціцца назад. Таму зараз лагічна, каб групоўка была больш моцнай. А ў Беларусі цяпер толькі каля 10 тысяч розных вайскоўцаў. Адпаведна, сюды трэба перакінуць яшчэ ад 30 да 40 тысяч.

Назапашванне такой колькасці тэхнікі і арміі — гэта некалькі тыдняў, калі не адбудзецца нейкі марш-брасок, але і гэта будзе бачна загадзя. Усе астатнія перамяшчэнні — справа нехуткая.

Каб сфармаваць ударную групоўку ў самой Беларусі, адных сіл спецыяльных аперацый недастаткова. Трэба набраць рэзервістаў, навучыць, правесці баявое зладжванне. Гэта прыблізна месяц.

Але нават пры такім раскладзе аналітык не выключае ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, якая не абавязкова будзе звязаная з баявымі дзеяннямі.

— У любым выпадку не перашкодзіць мець «трывожны чамаданчык» і набор неабходнага на розныя выпадкі — ад ракетных удараў да стыхійных бедстваў.

Мы зараз бачым тое, што адбылося ў Турэччыне. У нас тэрыторыя не з'яўляецца сейсмічна небяспечнай, аднак, напрыклад, ад аварыі на якім-небудзь энергетычным абʼекце мы не застрахаваныя.

Сыходзячы з гэтага, ёсць два тыпу трывожных набораў, два тыпу падрыхтоўкі.

У выпадку аварыі вам давядзецца выжываць унутры сваёй хаты. Калі, дапусцім, няма электрычнасці, вельмі вялікая верагоднасць таго, што таксама перастануць працаваць водаправод і каналізацыя.

Таму першае, што ў вас павінна быць, гэта запас пітной вады ў пляшках, а другое — ёмістасці для вады, пітной і тэхнічнай, каб хадзіць кудысьці набіраць. Пажадана, каб яны закрываліся.

Вільготныя сурвэткі — неабходная ў такіх умовах рэч. Іх трэба мець некалькі вялікіх пачак, бо яны спатрэбяцца і для асабістай гігіены, і для нейкай прыборкі.

Вам спатрэбяцца крыніцы святла: лямпачкі на акумулятарах, паўэрбанкі, калі ўзяць наш украінскі вопыт, гэта і сонечныя генератары альбо сонечныя паўэрбанкі, якія можна нават набыць на AliExpress. Калі ёсць лішнія грошы, можна, канешне, пра запас на некалькі сем’яў купіць бензінавы альбо дызельны генератар.

Не забывайце, што калі няма святла, заўсёды ёсць праблема з сувяззю. Таму не лішнім будзе радыёпрыёмнік на кароткіх хвалях.

Набор бялізны лепш падрыхтуйце ў непрамакаемым пакеце, тры-чатыры змены. У адным месцы збярыце дакументы.

А вось грошы я б захоўваў у розных месцах, у розных валютах, у тым ліку абавязкова і беларускія. Таму што калі ў вас няма святла, вы нідзе не знойдзеце працуючы абменнік.

Ніколі не будзе лішнім запас прадуктаў: крупы, макароны, дэгідраваная ежа. Памятайце, няма электрыкі — няма вашай маразілкі. Таму трымаць шмат мяса ў лядоўні на нейкі выпадак бессэнсоўна.

Добра, калі ёсць турыстычная газавая гарэлка ці мангал, калі яго ёсць дзе паставіць.

Асобны пункт — лекі. Прынамсі месячны запас таго, што вы прымаеце рэгулярна, трэба падрыхтаваць. Таксама лепш мець неабходныя медыкаменты на адзін курс ад прастуды і ад хваробы страўніка. Абавязкова перакіс вадароду.

Па вялікім рахунку, на выпадак, калі пачнуцца праблемы з інфраструктурай, гэта ўвесь мінімальны набор, — кажа суразмоўца.

У выпадку ваенных дзеянняў ён раіць дадаць некаторыя рэчы, акрамя тых, што пералічыў.

— Калі трэба выжываць, паглядзіце загадзя, дзе паблізу ёсць крыніца вады, гэта можа быць прыватны дом, нейкі калодзеж ці калонка.

Падрыхтуйце зручны абутак і вопратку. Нават калі гэта халодны час, не трэба спадзявацца на цёплую куртку, лепей шмат слаёў, як капуста, але каб яны не скоўвалі рухі. Тады можна здымаць лішняе і вам будзе камфортна.

Для жывёлы нарыхтуйце корм і напаўняльнік для туалета хаця б на два тыдні і прадумайце, у чым будзеце іх пераносіць, калі давядзецца бегчы ці з’язджаць. Мне, напрыклад, адну кошку давялося засоўваць у заплечнік.

Апроч стандартнага набору аўтамабільнай аптэчкі, у аптэчцы першай дапамогі мусіць быць гемастатычны бінт (2 шт.), вельмі зручная рэч, таксама хаця бы два кроваспынных бандажы, ён жа турнікет, на выпадак, калі трэба спыніць крывацёк.

Гэта значна больш бяспечная штука, чым звыклы нам жгут Эсмарха. Тут хачу папярэдзіць, што танныя кітайскія турнікеты зроблены вельмі няякасна.

— Многія апошнім часам пытаюцца пра бамбасховішчы, некаторыя дабраліся да сваіх падвалаў.

— Гэта спатрэбіцца ў тым выпадку, калі баявыя дзеянні ўжо каля твайго гораду. Але навесці парадак у падвалах не зашкодзіць, асабліва калі дом мае нармальны фундамент і нармальныя бетонныя перакрыцці. Можна навесці парадак і паставіць якія-небудзь месцы для сядзення.

Таксама паглядзіце на сваю кватэру. Ёсць такая рэч — правіла дзвюх сцен. Гэта азначае, што ад вуліцы вас мусіць аддзяляць дзве сцяны, у адной можа быць вакно, калі няма іншых варыянтаў.

У выпадку любога ўдару першая сцяна прымае на сябе ўдар, гасіць значную частку энергіі, другая сцяна можа разваліцца, але там вам значна бяспечней.

І ўсё ж галоўнае, калі вы ведаеце, што да вас набліжаецца зона небяспекі, баявыя дзеянні ці яшчэ што, і ў вас ёсць магчымасць адносна бяспечна выехаць загадзя, не чакайце — выязджайце, па прычыне таго, што пасля можа быць позна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(18)