Тышкевіч: «Калі на Радзе бяспекі Пуцін не сказаў ні слова «агрэсія», ні слова «вайна», у Беларусі быў адзін самы шчаслівы чалавек»

Аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч — пра жнівеньскія страхі і раптоўнае свята для Лукашэнкі.

Па звестках The Wall Street Journal, расіяне пачалі выводзіць частку войска з Украіны з-за наступу ЗСУ на Курскую вобласць. Як падзеі там уплываюць на ход вайны і ці зможа застацца не пры справах беларускі рэжым як саюзнік РФ, разважае аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

— У РФ адбылася дэстабілізацыя сітуацыі, прынамсі часткова, — зазначае Ігар Тышкевіч у эфіры 6TV Biełaruś. — Бо асноўны ўдар прыйшоўся фактычна па салдатах тэрміновай службы, у дзень палоннымі бяруць па некалькі тысяч чалавек — за іх трэба будзе нейкім чынам мяняцца, а Расія ўкрай неахвоча ідзе на абмены.

Ігар Тышкевіч

Але ў дадзеным выпадку ёсць яшчэ парушэнне слова Пуціна, які кляўся бацькам гэтых салдат, што тыя на вайну не будуць адпраўленыя — а вось яна, вайна. І дэпутаты пачынаюць ужо казаць, што салдаты тэрміновай службы таксама могуць ваяваць, прыгадваюць Афганістан і г.д. А гэта адзін з трыгераў, які хвалюе значную частку расійскага грамадства. Калецтва, нават смерць кантрактніка ўспрымаюць больш-менш нармалёва — маўляў, сам пайшоў, а ўспрыняццё прызыўнікоў — што гэта дзеці, і перспектывы для бацькоў, у каго дзеці 15-18 год і больш, вымалёўваюцца не надта прыемныя.

Калі ж Пуціну спатрэбіцца праводзіць мабілізацыю — у Расіі гэтае пытанне таксама трыгерыць.

І яшчэ адзін аспект — пытанне «чырвоных ліній» РФ. Казалі: маўляў, нельга біць па Крыму, у адказ прыляціь так, што мала не падасца. І што? Рэдкі дзень, па-мойму, калі па Крыму штосьці не прылятае. «Нельга біць па караблях Чарнаморскага флоту» — увесь боездатны склад флоту цяпер хаваецца ў Наварасійску і Сухумі. Крымскі мост, які быў дакладна абазначаны «чырвонай лініяй» — адзін раз разбілі, другі раз амаль разбілі, ну і трэці раз будзе, калі будзе патрэба. Тое ж самае з ударамі па «суверэннай тэрыторыі Расіі» і г.д.

Гэта геапалітычны выклік для Расіі, якая актыўна працуе з краінамі Блізкага Усходу, Афрыкі — бо там культ сілы. А калі ты не можаш гарантаваць бяспеку сваёй тэрыторыі, ты не можаш гарантаваць нічога іншага і з’яўляешся адэкватным партнёрам. Таму для РФ выціснуць украінскія войскі назад — вельмі важна, інакш гэта стане праблемай і дасца ў знакі па іншых накірунках.

Цяпер з пункту гледжання больш далёкіх задач. Любая вайна рана ці позна заканчваецца замірэннем. Пра мірныя перамовы казалі даўно, і яшчэ два тыдні таму Расія была гатовая іх ініцыяваць з моцнай пазіцыі. Аднак украінская абарона пяціцца пад тым жа Пакроўскам, але не правальваецца, прарыву ў Расіі не атрымалася.

Затое тое, што яны страцілі кантроль над часткай  сваіх тэрыторый — цікавая рэч у сэнсе мадальнасці магчымых перамоваў. Бо калі Украіна ўтрымае гэтыя тэрыторыі — гэта ўжо не гісторыя перамогі для расіян, «пабедабесіе» на гэтым не зладзіш.

Распісвацца ў слабасці Пуцін як кіраўнік дзяржавы-»геапалітычнага лідара» не хоча, мяркуе аналітык — таму назваў падзеі ў Курскай вобласці не «агрэсіяй» альбо «вайной», каб не ўступілі ў дзеянне абавязкі саюзнікаў па АДКБ.

— Ёсць яшчэ досыць неразумныя паводзіны афіцыйнага Менску, які, прымаючы вайсковую дактрыну і дактрыну аб нацыянальнай бяспецы, зафіксаваў падвышаныя параўнаўча з расійскімі абавязкі датычна Расіі ў выпадку агрэсіі супраць яе.

І вось калі на Радзе бяспекі Пуцін не сказаў ні слова «агрэсія», ні слова «вайна», у Беларусі быў адзін самы шчаслівы чалавек — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ці то шампанскага, ці то гарэлачкі ён сабе дазволіў, але на працягу апошняга месяца гэта было проста свята, — іранізуе Ігар Тышкевіч.

— Чаму? А таму, што іначай — страшна. Не таму, што давядзецца «ўпісвацца» за лузера і фактычна самому стаць такім, не таму, што статус суагрэсара зменіцца на агрэсарскі, такі самы, як у РФ. Яму проста страшна.

Камунікацыя між Украінай і Беларуссю была і ёсць. Але з Украіны ўвесь час ідзе вельмі просты сігнал, прыкладна тое ж, што напісана на слупах высакавольтных ліній: «Не залазь — заб’е!». І адна справа, прымаць такі сігнал і ўспрымаць як тэорыю, а другая — Курская вобласць наглядна паказала, што гэта значыць. Пры такой дэманстрацыі як думаеце, ці будзе Лукашэнка кудысьці лезці?

Пры гэтым, дадае аналітык, страх не перашкаджае беларускаму рэжыму падтрымліваць расійскі ВПК.

— Ці перадаюць тэхніку з дзейсных частак — шчыра скажу, не ведаю. Калі перадаюць, то беларускія ўлады «барыжаць» на гэтым вельмі добра. Але з пункту гледжання беларускіх інтарэсаў гэты працэс шмат у чым у перспектыве можа быць пазітыўным. Калі ты пазбаўляешся старога савецкага мотлаку, даводзіцца траціцца на развіццё ўласнага ВПК і выраб фіналізаваных узораў узбраення для патрэб уласнай арміі.

Ну а сёння, калі беларускую вайсковую тэхніку перадаюць у Расію — гэта яшчэ адзін фактар, чаму беларускае войска не будзе ўлазіць у канфлікт: банальна няма чым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)