Таму Лукашэнку важна, каб ён не застаўся з міжнароднай супольнасцю адзін на адзін, каб побач з ім былі хаця б эфемерныя саюзнікі па АДКБ.
Тышкевіч: АДКБ развальваецца, і Лукашэнка баіцца застацца ў адзіноце пасля паразы Расіі ў вайне
Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч – пра чарговыя прэтэнзіі кіраўніка Беларусі да саюзнікаў па АДКБ.
11 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Імангалі Тасмагамбетавым заклікаў да большага згуртавання ў АДКБ.
– Калі хтосьці думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька дзесьці адседзімся, то нічога падобнага, так не будзе. Прыйдзе час (ён недалёка, літаральна заўтра) — ён запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю.
Я не кажу, што на шкоду нацыянальным інтарэсам і гэтак далей. Але з усімі нашымі саюзнымі недахопамі нам давядзецца дакладна вызначаць сваю палітыку, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць разам. Разам заўсёды прасцей і лягчэй, — сказаў Лукашэнка.
Филин абмеркаваў з аналітыкам Ігарам Тышкевічам, чым тлумачыцца рыторыка кіраўніка Беларусі.
– Якую дапамогу Лукашэнка жадае атрымаць у выніку сваіх заклікаў да краін-членаў АДКБ?
– Пытанне не ў тым, што Лукашэнка разлічвае атрымаць ад іншых краін АДКБ дадатковую дапамогу. Пытанне у тым, што арганізацыя фактычна развальваецца. Лукашэнка застаецца адзіным, на каго Пуцін можна націснуць.
Давайце ўзгадаем дэмарш Арменіі на апошнім саміце АДКБ: прем’ер Пашынян раскрытыкаваў працу арганізацыі і адмовіўся падпісваць выніковыя дакументы. Арменія разлічвала на падтрымку падчас баявых дзеянняў супраць Азербайджана. Але ўлазіць у вайну па сваіх прычынах не хацелі не толькі Расія і Беларусь, але і краіны Цэнтральнай Азіі, якія цесна супрацоўнічаюць з Турэччынай у межах Арганізацыі цюркскіх дзяржаваў.
Давайце ўзгадаем, што ў краінах Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан) ідзе фактычна падмена АДКБ структурамі, якія ствараюцца пра Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Давайце ўзгадаем, што Форум па бяспецы ў Астане фактычна пераўтвараецца ў рэгіянальную арганізацыю. І ўсё гэта адбываецца шмат у чым пад патранажам Кітая.
Што прадэманстравалі свежыя заявы Лукашэнкі: з аднаго боку, яму важна замерыць сярэдную тэмпературу па бальніцы – паглядзець, як на яго патрабаванні рэагуе, у тым ліку, новы сакратарыят АДКБ, якім ён бачыць будучыню арганізацыі. Бо уплыў Беларусі ў арганізацыі пасля адстаўкі Станіслава Зася з пасады генеральнага сакратара істотна знізіўся.
З другога боку, рыторыка Лукашэнкі пра дапамогу і гарантыі тлумачыцца тым, што ён банальна баіцца: а што ж будзе на наступным этапе вайны з Украінай? Цяпер гарантам бяспекі яго рэжыму з’яўлецца Расія. А што, калі яна пачне прайграваць у вайне, і ёй не будзе справы да Беларусі?
– Чаму краіны АДКБ акрамя РФ і Беларусі дыстанцыяваліся ад пазіцыі Масквы і Мінска ў вайне з Украінай?
– Яны не рызыкуюць выступаць на баку Украіны, але яны і не падтрымліваюць расійскі бок. Цяпер, калі ідзе вайна, большасць краін АДКБ лічыць занадта рызыкоўным звязваць сябе дадатковымі абавязацельствамі альбо падцвярджаць старыя датычна РФ.
Пра незадаволенасць Арменіі ўжо сказаў, а краінам Цэнтральнай Азіі сёння значна больш выгадна падмяняць фармат супрацоўніцтва ў межах АДКБ на фармат супрацоўніцтва ў межах ШАС.
Пакуль Расія губляе статус супердзяржавы, Кітай наадварот узмацняе гэты статус – у тым ліку праз пашырэнне ўплыву на суседнія краіны.
З аднаго боку, краіны Цэнтральнай Азіі не могуць гэтаму запярэчыць і супрацьстаяць, а з іншага – ім выгадна ісці ў фармаце супрацоўніцтва з КНР, асабліва з улікам агрэсіўнай палітыкі Расіі супраць Украіны.
АДКБ як арганізацыя з мэтай расійскага ўплыву будзе паціху адміраць. Дэ-юрэ яна можа існаваць яшчэ доўга – ніхто не хоча грукаць дзвярыма, выходзячы з яе. Але дэ-факта арганізацыя знаходзіцца ў глыбокім крызісе.
Читайте еще
Избранное