«Ты што? Хто ж сёння дзіця міліцыяй палохае?!»
З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

У выходны выбраўся з сябрам на колішні бацькоўскі хутар на Стаўпеччыне. Хутар той месціцца ў дзесяці кіламетрах ад чыгункі пасярод лесу, зусім побач з былой савецка-польскай мяжой.
Прызнаюся, хацелася адпачыць ад навінаў хоць колькі гадзін, але ці не штокіламетр на вочы трапляліся дрэвы з намаляванымі на камлі 3%, а на полі каля хутара хтосьці намаляваў на белых рульках з саломай чырвоныя палосы. Зрэшты, такое вымушае вяртанне да палітыкі хутчэй парадавала.
***
Банк у Карэлічах. Стаю ў чарзе хвілін з дзесяць. За гэты час два чалавекі знялі з дэпазітаў агулам 2000 рублёў. Следам за імі да касы «толькі спытаць» падыходзіць мужчына. Пытае ён, што праўда, без асаблівай надзеі:
— Даляры ёсць? Ну хоць 25, ну 20? Няма? І дзесяці няма? Што, зусім нічога?
Пачуўшы адказ касіркі, дзядзька кіруецца да выхаду і бурчыць пад нос: «Дарукавадзіўся, б*я, баксаў у банку не купіць».
***
На бетоннай агароджы вакол пляцоўкі для смецця хтосьці даволі смела, як для апошніх дзён, напісаў: «Кто не любит милицию, тот бандит».
Надпіс нагадаў пра ўбачанае на днях на дзіцячай пляцоўцы. Хтосьці з мамак насварыўся на дзіця: «Будзеш біцца з хлопчыкам, аддам цябе дзядзі-міліцыянеру!»
Сяброўка жанчыны на гэта адрэагавала нечакана рэзка:
— Ты што? Хто ж сёння дзіця міліцыяй палохае?!
***
У краме прадавачка, што вярнулася з бальніцы, расказвае калегам пра перажытае. На развітанне дзеліцца парадай:
— Карона, дзевачкі, не падарунак. Лепей не хварэць. Як толькі заўважылі, што з раніцы пахаў не адчуваеце, адразу да доктара.
Дзевачкі ўсе ў масках, ад калегі трымаюцца метрах у трох.
***
Каронавірус вярнуўся. Пра яго гавораць у чэргах у аптэцы, у крамах і электрычках.
Да гарадскога рынка падыходзіць пара пенсіянераў, на хаду нацягваюць на твары маскі.
— Гладзі, амаль ніхто тую маску не носіць. Бессмяротныя яны ўсе, ці што? — абураецца дзед.
Падслуханае ў мінулы раз: «Штосьці АМОНы перасталі па электрычках хадзіць…»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное