Общество
Радыё Свабода

Творы Караткевіча перакладуць на японскую

Пераклады лепшых твораў Васіля Быкава й Сьвятланы Алексіевіч рэпрэзэнтуюць беларускую літаратуру ў Японіі. А цяпер выдаўцоў гэтай краіны зацікавілі кнігі Ўладзімера Караткевіча.

Пляменьніца Ўладзімера Караткевіча Алена Кучкоўская валодае юрыдычным правам на аўтарскую спадчыну беларускага клясыка. У гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода яна паведаміла, што сапраўды адбылася сустрэча зь японскім беларусістам Косіна Го. Са словаў Алены Кучкоўскай, менавіта ён атрымаў дазвол на пераклад тэкстаў Уладзімера Караткевіча.

(Кучкоўская: ) “Ён гаворыць па-беларуску. Паведаміў, што жадае заняцца перакладамі твораў Уладзімера Караткевіча. Але ж павінна быць папера, што я дазваляю гэта зрабіць”.

Паводле спадарыні Кучкоўскай, пісьменьнік Адам Мальдзіс рэкамэндаваў японскага літаратара Косіна Го. Запытваю ў прафэсара, ці могуць спраўдзіцца намеры замежніка.

(Мальдзіс: ) “Ён беларускую мову вывучае, і нядрэнна. Ён жа быў у Менску ў амбасадзе аташэ па справах культуры. І добрым аташэ. Няхай у яго ўсё будзе добра. Гэта вельмі пэрспэктыўны, надзейны й працавіты малады чалавек”.

З творчымі плянамі японца Косіна Го знаёмы таксама паэт Сяргей Законьнікаў.

(Законьнікаў: ) “Мы гаварылі зь ім на гэтую тэму. Ён быў папросту ў захапленьні. Я вам шчыра скажу: наагул вельмі прыемна пачуць ад людзей з далёкіх краінаў, як успрымаецца творчасьць Уладзімера Караткевіча прадстаўнікамі іншай мэнтальнасьці й культуры. Косіна Го вельмі шмат гаварыў пра Караткевіча. І такія моманты здараюцца даволі часта. Дзівяцца, дзівяцца ўнікальнасьці й вялікаму творчаму ахопу нашай гісторыі Ўладзімерам Караткевічам.

Пагутарыць зь японскім перакладчыкам Косіна Го карэспандэнту "Свабоды" цяпер не ўдалося. У канцылярыі японскай амбасады паведамілі, што ён цяпер за межамі Японіі, на стажыроўцы. Наступны ягоны прыезд у Беларусь заплянаваны ў дні 20-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы — у складзе дэлегацыі японскіх гуманістаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)