Общество
Сяргей Шапран, Новы час «Новы час»

«Творчасць — практыкаванні ў свабодзе»

Сёння — дзень народзінаў Уладзіміра Някляева. А не так даўно ў выдавецтве «Лімарыус» выйшла ягоная аўтабіяграфічная кніга «Знакі прыпынку». Пра кнігу і пра жыццё, пра паэзію і палітыку гэта гутарка.

— Уладзімір Пракопавіч, першае пытанне, напэўна, падасца вам дзіўным — і тым не менш: як нарадзілася ідэя кнігі «Знакі прыпынку»?

— Ёсць такі журналіст і літаратуразнаўца Сяргей Шапран, які аднойчы прыйшоў і спытаў: «Калі вы ўсё раскідваеце нейкія «знакі» па розных выданнях, дык чаму б іх не сабраць, каб яны сталі кнігай?» Час, маўляў, раскідваць каменні — і час каменні збіраць. На тое, каб збіраць, не меў я часу, а Шапран яго недзе знайшоў. Ён сабраў «знакі» — і дзякуючы гэтаму з’явілася кніга, да рукапісу якой я дадаў што-кольвечы з таго, што нідзе не друкавалася.

Калі я рабіў першыя запісы ў Варшаве, пісаў «знакі» ў Хельсінкі, куды змушаны быў з’ехаць у 1999 годзе, дык зусім не думаў пра тое, каб друкаваць іх. Яны занатоўваліся проста для памяці. На шматках паперы, на сурвэтках... Гэтым, дарэчы, тлумачыцца іх адкрытасць: я пісаў для сябе. Для іншых пішацца інакш. Хто б і як ні даводзіў мне, што ў той ці іншай кнізе мемуарнага жанру (а кніга «Знакі прыпынку» да гэтага жанру ўсё ж мае адносіны) ён менавіта такі, якім сябе выпісаў, я ў гэта не паверу, бо ніводзін чалавек не можа так расхрыстацца, каб паўстаць голым, таму што там, дзе ён голы, там страшна. Нават — і перш за ўсё — перад самім сабой.

У кнізе ёсць «знак», запісаны са слоў вядомага палітыка Андрэя Клімава пасля таго, як ён у чарговы раз выйшаў з турмы. «Калі я зазіраю ў самога сябе, у найцёмныя свае глыбіні, і бачу ў іх сябе самога такім, які я ёсць, то ўсе астатнія людзі, якімі б яны ні былі, здаюцца мне анёламі». А ўпяклі яго ў турму далёка не анёлы — і не анёлы там дапякалі. Гэтаксама, як пазней мяне.

— І вы можаце сказаць пра сябе тое самае, што сказаў пра сябе Андрэй Клімаў?

— Што значыць: магу сказаць? Я пра тое і кажу. Безумоўна, гэта гранічнае стаўленне да самога сябе, і выяўляцца яно можа хіба ў асобныя моманты, але наша жыццё — асобныя моманты і ёсць. Усё астатняе — тое, чаго магло і не быць.

Працяг тэксту чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)