Общество
Алена Струвэ, Радые Свабода

Турэмныя камэры ў падзямельлі і для V.I.P.

Вязьні беларускіх турмаў утрымліваюцца далека ня ў роўных умовах. Хтосьці сядзіць у так званых V.I.P-камэрах, а хтосьці ў падзямельлі, дзе элемэнтарна немагчыма дыхаць.

СІЗА «Валадарка» — Пішчалаўскі замак

Пра гэта напісаў у сваім лісьце ў праграму наш чытач Аляксандар. Аўтар дзеліцца сваім досьведам утрыманьня ў менскім СІЗА № 1.

Што такое «Шанхай»?

«На „Валадарцы“, — піша наш чытач, — існуюць самыя розныя камэры: тыя, якія завуцца „Шанхаем“, і палепшаныя, і нават зусім добрыя, для так званых V.I.P. Якасьць бытавых умоваў зусім не залежыць ад характару ўчыненага чалавекам злачынства.

„Шанхай“ — гэта камэры ў сутарэньнях, самыя вялікія ў СІЗА, нумары: 54–63. Некалькі гадоў таму на іх месцы былі тэхнічныя памяшканьні, у тым ліку пральня. Там высокая столь, таму ложкі ў тры ярусы. Вокны пад стольлю, але туды ніколі не праходзіць сьвятло, бо яны на ўзроўні зямлі. Вокны заўседы адчыненыя — круглы год. Інакш проста няма чым дыхаць. У гэтыя летнія дні там так горача і няма паветра, што нават адчуваеш зьмены ў легкіх. Звычайна туды ня водзяць камісіі і праверкі, бо паводле ўсіх нормаў гэтыя памяшканьні не прыстасаваныя для жыцьця людзей. „Шанхаем“ камэры празваныя за вялікую колькасьць людзей на квадратны мэтар, дрэнную вэнтыляцыю, вільгаць і г.д. Сапраўдны кітайскі квартал. З 35 квадратных мэтраў — 2 мэтры прыбіральня і 3 мэтры — месца для прыему ежы. На астатнія 30 мэтраў — 18 ложкаў. Пры мне сядзела да 25. Асабістая прастора чалавека — ложак. Рухацца няма дзе. Калі не глядзець сябе, то гемарой і атрафаваньне цягліц забясьпечаныя».

Паводле Аляксандра, чалавек, якога абвінавачваюць у эканамічным злачынстве, і нават той, чыя віна не даказаная, але ад якога чакаюць чыстасардэчнага прызнаньня, трапляе ў адну кампанію з забойцамі, наркаманамі, алькаголікамі, бамжамі... Адзін ЗК з дырэктараў, якому «шылі» хабар, праз год плюнуў на ўсе, узяў на сябе віну і пайшоў пад амністыю. Амністыю ўлады робяць ня з жалю да вязьняў, а для сябе, каб закрыць розныя недаказаныя справы-вісякі.

Плян камэры «Шанхай»

«Паралельна з „Шанхаем“ есьць пара камэраў для V.I.P, дзе нават есьць душ з гарачай вадой, — піша далей наш чытач. — Гэта, здаецца, камэры нумар 23–24. Кажуць, там утрымліваўся былы пракурор Менскай вобласьці Сьнягір, сядзелі і сядзяць былыя мянты, розныя іншыя „былыя“, у якіх свае сувязі з уладамі... Таксама есьць палепшаныя камэры на чатыры чалавекі, напрыклад, на адным паверсе з „бальнічкай“. Там шмат месца, рукамыйнік, унітаз, тэлек, лядоўня. Яшчэ там добрае харчаваньне: мяса, яйкі, тварог, сок. Я ані тварагу, ані яек, ані соку нават ня бачыў... Наколькі ведаю, у такіх умовах сядзеў Саша Варламаў. Каго ў якую камэру пасяліць, вырашаецца на ўзроўні вышэйшым, чым адміністрацыя турмы».

Вось такі ліст. Наколькі дакладна тое, што піша яго аўтар, мы паспрабавалі высьветліць у самых розных дасьведчаных людзей.

Аднак спачатку думка грамадзкасьці на гэты конт: ці існуюць турэмныя камэры для так званых «абраных» зэкаў, ці павінна быць так, або ўсім трэба сядзець у аднолькава кепскіх умовах?

Такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам на вуліцах Магілева.

Як вынікае з адказаў на пытаньні тых асобаў, якія так ці інакш воляй лесу зьвязаны з турмой, то ні для кога не сакрэт, што так званыя камэры для прывілеяваных вязьняў на «Валадарцы» існуюць яшчэ з часоў Алкаева. Што да «Шанхаю», то пра гэтыя сутарэньні вядома нашмат менш.

«Людзей, зь якіх маглі зьдзекавацца, саджалі асобна»

У размове з нашай праграме колішні начальнік «Валадаркі» палкоўнік Алег Алкаеў паведаміў, што пры ім у якасьці экспэрымэнту такой палепшанай спрабавалі зрабіць толькі адну камэру. Але паколькі яе каштарысны кошт склаў каля 800 даляраў, на гэтым усе скончылася.

Дарэчы, перадаваць шлянгі для душа дазволіў таксама ен, Алкаеў. Але гарачай вады не было. Як мяркуе наш суразмоўца, няма яе і цяпер. Гарачая вада ў турме — гэта вялікая праблема. Затое замест жудаснай дзіркі-парашы ў камэрах пачалі ставіць унітазы. Па іроніі лесу, усталяваньнем сантэхнікі ў СІЗА займаўся Юры Данькоў. Розных арыштаваных чыноўнікаў пры Алкаеве таксама нярэдка саджалі ў камэры для малалетак. Там і чысьцей, і камфортней. Імкнуліся асобна ўтрымліваць і людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй, каб зь іх ня зьдзекаваліся. Але гэта былі звычайныя камэры.

Паводле Алега Алкаева, у палепшанай камэры сядзеў, напрыклад, колішні беларускі прэм’ер Міхаіл Чыгір. Дарэчы, у сваіх інтэрвію адразу пасьля вызваленьня Чыгір сьведчыў: «Тое, што адбылося са мной, як бы сказаць, ня вельмі й страшна. Ніхто там мяне не катаваў. Умовы былі больш-менш нядрэнныя». Аднак пры гэтым экс-прэм’ер дадаваў, што ў СІЗА таксама есьць камэры ў падзямельлі, дзе летам «сьцены плачуць, цякуць», «паветра не хапае», «усе пераносіцца цяжка, асабліва калі чалавек нічога незаконнага не рабіў, наагул незразумела, за што сядзіць і чаму».

Што да існаваньня падзямельных камэраў, дзе немагчыма дыхаць, то спадар Алкаеў раіць спраўджваць гэтую інфармацыю «не ў апазыцыянэраў, якія былі арыштаваныя ні за што і нават залатая клетка для іх будзе клеткай, а ў крымінальнікаў». Пры ім на Валадарцы ўтрымлівалася 3 тысячы крымінальнікаў. І іхнія ацэнкі яму даражэйшыя за словы пары апазыцыянэраў.

Алкаеў:«Нашым пакутнікам жадаю здароўя, а таксама зрабіць добрую турму. Пра што яны ня думалі, будучы пры ўладзе. Калі быў арыштаваны Чыгір, здаецца, з АБСЭ мне пазванілі і спыталі: «А як утрымліваецца Міхаіл Мікалаевіч? Як ен харчуецца?» Я ім адказаў: «Утрымліваецца і харчуецца паводле нормаў, зацьверджаных урадам РБ, падпісаных старшынем ураду». Усе пытаньні і адпалі. Потым я з Чыгіром на гэтую тэму размаўляў. Ен усьміхнуўся: адкуль мог гэта ведаць? І ў многіх дэпутатаў тагачасных, якія трапілі ў турму, была такая ж рэакцыя.

Паводле Алега Алкаева, для яго пытаньне турэмнага побыту залежыць найперш ад колькасьці сядзельцаў. Ен лічыць, што рэальна гэта павінны быць двух-, трох-, чатырохмясцовыя камэры. Тады ня будзе канфліктаў паміж асобамі. Можна падабраць склад камэраў адпаведна з характарам злачынстваў, псыхалегіяй сядзельцаў. А для гэтага на «Валадарцы» трэба ўтрымліваць людзей разы ў тры ці чатыры меней.

Алкаеў: «Разумееце, адна справа — проста дачыненьні паміж сукамэрнікамі, іншая — калі гэта сродак для дасягненьня задачаў сьледзтва. Апошняе вельмі небясьпечна. І тут усе ўпіраецца ў наша тупое заканадаўства. Напішыце закон і дамагайцеся яго выкананьня. Гэта вельмі небясьпечна, калі напрамак карнай палітыкі дзяржавы вызначаецца міністрам ці ўвогуле прэзыдэнтам. Мы ведаем не адзін выпадак, калі прэзыдэнт заяўляў, што адных трэба адпусьціць, другіх, наадварот, пасадзіць».

«Дараваць год „Валадаркі“ не зьбіраюся»

40-гадовы Алег Краўчанка адседзеў на «Валадарцы» год у самых розных камэрах. Яму інкрымінавалі віртуальны падман. Упершыню ў гісторыі беларускага сьледзтва гэта была справа аб выкарыстаньні таварных знакаў буйных прадпрыемстваў у карысьлівых мэтах.

Сьцьвярджалася, што абвінавачаны зарэгістраваў у сеціве дамэнныя імены, у выніку чаго на сайты траплялі патэнцыйныя пакупнікі. За кошт вялікай наведвальнасьці сайтаў, дзе прапаноўвалася набыць аўтамабілі, шыны, мэблю, касмэтыку, Краўчанка нібыта нанес асобным прадпрыемствам шкоду. Напачатку яе ацанілі ў 420 мільенаў рублеў, пазьней сума паменшылася да 100 мільенаў, а потым позвы ўвогуле былі адкліканыя ў судзе.

Алег Краўчанка — мянчук, мае вышэйшую тэхнічную адукацыю. Яму, паводле апублікаванай інфармацыі ў афіцыйных СМІ, пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Тым часам віна абвінавачанага ў кіберзлачынстве выглядае недаказанай. Распачаты ад мінулай восені працэс і дагэтуль ня скончаны. Сам Краўчанка каля году ўжо на волі, зь яго ніхто ня ўзяў падпіску аб нявыезьдзе. Як мяркуе Алег, напэўна, спадзяюцца, што ен усе ж схаваецца недзе ў Расеі.

«Мая пазыцыя наступная, — кажа Алег, — я нічога не рабіў супрацьзаконнага. Супраць мяне ў якасьці абвінавачваньня выкарыстоўваліся розныя фальсыфікаваныя ААЦ дакумэнты, несапраўднасьць якіх мне ўдалося даказаць. У намесьніка генпракурора не было наагул аніводнай падставы кідаць мяне на „Валадарку“, аднак ен зрабіў гэта, а калі зразумеў, што гэта можа быць праблемай, паспрабаваў мяне даціснуць, трымаць у СІЗА да ўпору, накіраваць мяне на судова-псыхіятрычную экспэртызу, каб прызнаць часткова вар’ятам, зладзіць закрытае судовае пасяджэньне, каб „прыгожа разруліць сытуацыю...“ Ніхто з тых, хто пасадзіў мяне за краты, ня хоча несьці адказнасьць за шкоду, нанесеную мне і маім блізкім. Дараваць гэта я не зьбіраюся».

Паводле Алега Краўчанкі, адзін з шматлікіх доказаў фальсыфікацыі судовых матэрыялаў — 2 «мышкі» на раздрукоўцы

Як кажа Краўчанка, яму ня раз прапаноўвалі рознага кшталту зьдзелкі: маўляў, робіш частковае чыстасардэчнае прызнаньне, справу нясуць на камісію, і назаўтра ўжо будзеш дома. Падобных прапановаў Алег не прымаў.

«На запыты адносна V.I.P.-камэраў турэмная адміністрацыя не рэагавала»

Алег Краўчанка пацьвярджае інфармацыю нашага слухача адносна існаваньня на «Валадарцы» так званага Шанхаю ды камэраў для V.I.P. «СІЗА ня мае права караць вязьняў умовамі ўтрыманьня, перакананы Алег. Яго функцыя, наадварот, — забясьпечыць падсьледным пэўныя ўмовы існаваньня. Самае цікавае, што прыстойныя камэры на «Валадарцы» есьць. Некаторыя называюць іх камэрцыйнымі. Хоць прэйскуранту на іх няма. На канкрэтны запыт адносна такіх камэраў адміністрацыя нічога не адказвала. Хто можа трапіць у іх — зразумела, «свае людзі».

Краўчанка: «Для такіх людзей існуе новы корпус з камэрамі на 3–4 чалавекі. У гэтыя памяшканьні прабіваецца сьвятло. Там няма надта высокай вільгаці. Там няма цякучкі, як у звычайных камэрах. Умовы там нагадваюць бальнічныя. Там доўга не сядзяць.

Аднойчы мяне пасадзілі ў падобную камэру № 20 дзесьці на месяц. Сядзеў разам з „палатачнікам“ Глебам Бядрыцкім. Мне далі зразумець, што можна сядзець добра, калі пайсьці на зьдзелку са сьледзтвам. Увесь астатні час сядзеў у камэрах 57 і 63, што ў сутарэньнях. Гэта тое, што называецца „Шанхаем“.

Дадам, што многія зьняволеныя наагул ня ведаюць пра „Шанхай“, пра шконкі ў тры паверхі, дзе могуць спаць у дзьве зьмены. Прусакоў — мора. Здараюцца і мышы. Іх імкнуцца лавіць, абы не паўзьлі пад падлогу і не каналі там... У такіх выпадках сьмярдзела нясьцерпна. Яшчэ такі момант: нармальны чалавек можа апынуцца ў кампаніі адмарозкаў. Мэта адна — каб чалавек прызнаў віну. Людзі ідуць на такое дзеля таго, каб хутчэй трапіць у каленію»...

Як сьведчыць Алег Краўчанка, у адносінах да яго выкарыстоўваліся розныя рычагі ціску. Напрыклад, пагрозы пасадзіць яго жонку, якая была на 7-м месяцы цяжарнасьці, за тое, што нібыта і яна мела дачыненьне да кібэрсквотэрства і на гэта нібыта паказвалі дырэктары асобных прадпрыемстваў. Ціск чыніўся і непасрэдна, і з боку сукамэрнікаў на «Валадарцы».

«Там былі розныя „падсадныя качкі“. Напрыклад, з намі, першаходамі, сядзелі людзі, якія ўчынілі не адно крымінальнае злачынства. Так званым „смотрящим“ па камэры быў прызначаны крымінальнік, этапаваны з „крытай“ турмы.. Ен чакаў адмены прысуду і, самі разумееце, як чалавек паднявольны, вельмі імкнуўся да супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Са мною сядзелі і забойцы. На „Валадарцы“ такіх утрымліваецца да 100 чалавек. Пяцера-сямера зь іх прайшлі праз мае камэры.

Гэта вельмі псыхалягічна цяжкая абстаноўка, разьлічаная на тое, каб у чалавеку быў пасеяны страх. Мне было прасьцей, чым іншым, маладзейшым першаходам. Мне было пад 40. Я родам з Воршы, а там свае правілы ў моладзевым асяродзьдзі яшчэ са школы. Акрамя таго, я зь сям’і вайскоўца. З 6-й клясы рос бяз бацькі. У войску служыў з усей яго дзедаўшчынай, прывык дабівацца ўсяго сам. Вучыўся ў ВНУ, жыў у інтэрнаце... Плюс да ўсяго іншага, у мяне добрая фізычная форма».

Як сьцьвярджае Алег Краўчанка, год, які ен пры адсутнасьці доказнай базы з боку абвінавачаньня правеў у падвалах «Валадаркі», можна прыраўнаць да двух гадоў «крытай» турмы. За гэты час была нанесена маральная і матэрыяльная шкода ня толькі яму, але і ягоным сваякам ды блізкім. Дараваць ен не зьбіраецца, як і спускаць сытуацыю на тармазах.

У яго вялікія прэтэнзіі да ўсей праваахоўнай, судовай і пэнітэнцыярнай сыстэмы. Ім напісана некалькі тамоў хадайніцтваў аб разглядзе ў судзе ягоных абвінавачваньняў супраць прадстаўнікоў Генпракуратуры, суду, Сьледчага камітэту, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Алег Краўчанка ўказвае, што ягоныя заявы ў Генпракуратуру «тармазіліся» на «Валадарцы» і перадаваліся прадстаўніку Сьледчага камітэту ці перанакіроўваліся тым, на чые дзеяньні ен скардзіўся.

«Стаўленьне блатных да тых, хто сядзіць у „віпах“, нэгатыўнае»

Больш за паўгода правеў у камэрах сьледчых ізалятараў на «Валадарцы» і ў Магілеўскай турме № 4 моладзевы актывіст Артур Фінькевіч. Разам зь ім сядзелі забойцы, наркаманы, людзі зь неадэкватнай псыхікай і гэтак далей. Але гэтыя камэры месьціліся на другім паверсе новага корпусу, які таксама называюць «чырвоным».

Пра Шанхай Артур нічога ня ведае. Як ужываўся з сукамэрнікамі Артур, ці былі канфлікты, як паводзілі сябе ў абмежаванай прасторы сядзельцы? Як ставіліся асуджаныя да тых сядзельцаў, хто няволіўся ў гэтак званых віп-камэрах?

У сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага актывіст «Маладога фронту» Артур Фінькевіч трапіў у няпоўныя дваццаць гадоў. Яго арыштавалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году — 31 студзеня 2005-га за графіці палітычнага характару. Да суду яго ўтрымлівалі на «Валадарцы». Як кажа Артур, асаблівых непаразуменьняў зь сядзельцамі ў яго не было. Пра асуджаных ен кажа:

«Кантынгент на „Валадарцы“ працэнтаў на сорак складаюць наркаманы. Былі там і забойцы. Са мной сядзеў чалец банды Марозава, якога потым расстралялі. Гулялі зь ім у шахматы. Адэкватны чалавек. Ня ведаю, ці забіваў ен каго, ці не забіваў».

Пасьля года з паловай «хіміі» суд Кастрычніцкага раену Магілева прызнаў Артура Фінкевіча вінаватым ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня і асудзіў актывіста на паўтара года каленіі агульнага рэжыму. З канца кастрычніка 2007-га да 5 лютага 2008 году Артур няволіўся ўжо ў Магілеўскай турме № 4. Сядзеў у адной камэры з падазраваным у справе забойства цэлай сям’і зь Бялыніцкага раену.

Яму на судзе запатрабавалі сьмяротнага пакараньня, але ў выніку быў вызвалены празь недаказанасьць віны

«Яму на судзе запатрабавалі сьмяротнага пакараньня, але ў выніку быў вызвалены празь недаказанасьць віны. Але да суду да яго ўжывалі „меры ўзьдзеяньня“, катаваньні. У яго выпалі ўсе зубы за час сьледзтва. Нават было відаць, што чалавек быў троху неадэкватны. Выклікаў пэўныя насьцярогі, бо калі чалавек неадэкватны, ен жа можа ўночы накінуцца ці яшчэ што».

Сядзелец, упершыню заходзячы ў камэру, кажа Артур Фінкевіч, не абавязаны распавядаць падрабязнасьці той справы, празь якую апынуўся ў няволі:

«Ен мусіць сказаць, за што, але падрабязнасьці не абавязаны казаць. Ніхто ня мае зь сядзельцаў права выпытваць гэтыя падрабязнасьці. Паводле іхных паняцьцяў гэта лічыцца няправільным. Хто хоча, той крыху раскажа. Там галоўнае, каб чалавек не сядзеў за згвалтаваньне, што не вітаецца ў тым асяродзьдзі. Калі чалавек сам хоча запытаць у кагосьці парады, як сябе паводзіць, якія паказаньні даваць, то людзі там, вядома ж, падкажуць. Я, напрыклад, сваю справу ні з кім не абмяркоўваў, бо гэта мне не прынесла б нічога добрага. Са мной сядзеў былы дырэктар заводу. І ен сваю справу ні з кім не абмяркоўваў».

Карэспандэнт: «Ці могуць турэмшчыкі падбіраць у камэру асуджаных паводле характару?»

Фінкевіч: «Я ня ведаю наконт характару, але калі трэба стварыць нэгатыўнае асяродзьдзе, то, безумоўна, гэта робіцца. Каб выбіць паказаньні, каб надламаць чалавека. Нас перакідалі ў камэру, у якой было мінус пяць градусаў. Немагчыма было спаць. Вымушаныя былі ўвесь час хадзіць, каб быў працэс абаграваньня».

Артур Фінькевіч кажа, што калі сядзеў на «Валадарцы», то даведаўся, што ў ей есьць гэтак званыя V.I.P -камэры. Паводле Артура, у гэтых камэрах есьць лядоўня, тэлевізар, могуць быць гульнявыя прыстаўкі. Кампутараў няма. Стаўленьне сядзельцаў звычайных камэраў да тых, хто сядзіць у «віпах», нэгатыўнае. Перадусім таму, што тыя ня ўдзельнічаюць у турэмных камунікацыях, мала таго, яшчэ і перашкаджаюць ім:

«Ніткі нацягваюцца. Перадаюцца „малявы“, грузы розныя, цыгарэты, бо нехта ў карты прайграў, і гэтак далей. І ўсе гэта ганяецца па вось гэтых нітках. V.I.P у гэтым працэсе ня ўдзельнічаюць, чым перашкаджаюць усім астатнім. Зразумела, да іх і нэгатыўнае стаўленьне».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)