Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”
Туды, дзе фантануюць грошы

Зноў перамогшы на лыжні, афіцыйны кіраўнік Беларусі ляціць у гарачыя пяскі арабійскай зямлі. Найперш, трэба думаць, па інвэстыцыі. Але шэйхаў зь іх саладжавымі ўсьмешкамі разварушыць няпроста.

Эмісары афіцыйнага Менску даўно прыгледзеліся да гэтага райскага кутка. У шэйхаў грошай да халеры. Дый палітычныя норавы тут далёкія ад гнілой дэмакратыі Захаду. Чаму б не пасябраваць?

У 1999 годзе ў ААЭ двойчы пабываў тагачасны міністар замежных спраў Урал Латыпаў. Неўзабаве там адкрылася беларуская амбасада. Ад таго часу і па сёньня — рэдкі выпадак для такой ратацыйнай пасады! — прадстаўніцтва ачольвае Уладзімер Сулімскі.

У Эміраты завітвалі Шэйман, Мартынаў, Навумаў, Мальцаў, кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Азаматаў. Сёлета беларускую прадукцыю адпаведнага профілю паказалі на вядомай выставе ўзбраеньняў "Айдэкс".

Тут купляюць нашы колавыя цягачы, "МАЗы", падшыпнікі... Упадабалі і прадукцыю "Мілавіцы" :)

Менск разглядае Эміраты як патэнцыйны трамплін для гандлёвай экспансіі ў рэгіён. Зрэшты, лічбы двухбаковага гандлю пакуль што ня ўражваюць. Летась таваразварот склаў толькі 26,1 млн USD. Гандаль ідзе няроўна (у 2003-м, напрыклад, было болей — 38,2 млн USD)

Не выпадае казаць, што тамтэйшыя таўстасумы надта разагналіся інвэставаць у беларускую эканоміку.

На думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, тут можа адбівацца і ўплыў ЗША. (Дзеля даведкі: Эміраты — іхні стратэгічны хаўрусьнік у рэгіёне, тут месьцяцца амэрыканскія базы. Ад Дубаю зьнішчальнік, калі што, за паўгадзіны даляціць да Ірану.)

Галоўнае ж, бадай, тое, што ў эмірацкіх багацеяў ёсьць інвэстыцыйны выбар. Наўрад ці беларускія ўмовы выглядаюць найлепшымі, мяркуе Андрэй Фёдараў.

Карацей, фінансавыя ўкладаньні — гэта вам ня скачкі на Кубак Дубаю! Шэйхі умеюць пралічваць рызыкі бізнэсу.

Даводзіцца апэляваць да пасярэднікаў, напрыклад кіраўніка кампаніі "СБ-Тэлеком" Іда Самаві — удалага бізнэсоўца арабскага паходжаньня, які даўно пачуваецца ў Абу-Дабі сваім чалавекам.

Лукашэнка першы раз наведаў Эміраты ў сакавіку 2000-га. Вось там сапраўды зьдзейсьнілі эканамічны цуд. Ці даўно ангельцы на марскіх мапах пазначалі гэтыя мясьціны як Пірацкі бераг? Тубыльцы кампэнсавалі нягоды жыцьця ў голай пустэльні тым, што рабавалі караблі з каштоўнымі грузамі. Цяпер там зямны рай з хмарачосамі, басэйнамі і нават сваімі Сілічамі :) — гарналыжным комплексам пад шклом! І ўсё гэта пабудавана — nota bene! — без аніякіх дэмакратычных завітушак.

Фармальна ў краіне абіраецца прэзыдэнт. Але фактычна гэта спадчынная манархія. Галоўным эміратам Абу-Дабі ўжо два з паловай стагодзьдзі кіруе клан аль-Нахаян. Зь яго паходзіць і цяперашні афіцыйны лідэр краіны. Увогуле ж уладу дзеляць між сабой сем шэйхаў — кіраўнікоў эміратаў (яны і ўтвараюць раду, што абірае кіраўніка краіны).

Палітычныя партыі і прафсаюзы забароненыя. Фэдэральны нацыянальны сход ня мае нават заканадаўчай ініцыятывы і разглядае толькі праекты, прапанаваныя Радай міністраў. Прычым рашэньні парлямэнту ня маюць юрыдычнае моцы (!).

Праўда, і тут мусілі трохі саступіць заходнім прыхамацям. Летась у сьнежні ўпершыню прайшлі частковыя выбары ў парлямэнт. Лёс 20 мандатаў (астатнія разьмяркоўваюцца дырэктыўна) вызначала вузкае кола выбаршчыкаў (у сваю чаргу, прызначаных шэйхамі:)

Карацей, трыюмф дэмакратыі. А ўжо аб правох чалавека і казаць няма чаго. Cамі разумееце, тут проста адпачываеш душой ад надакучлівых маралітэ пана ван дэр Ліндэна.

Во куды літаральна як на курорт могуць езьдзіць на абмен досьведам нашы парлямэнтары! А якія пэрспэктывы супрацы ў Руху недалучэньня!

Але ж галоўны імпэратыў, канешне, грошы. Сёньня беларуская ўлада разгарнула іхні пошук па ўсіх азімутах. Бо, адрозна ад Эміратаў, стварыць цуд на нафце не пашэнціла :(

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)