Общество
Глеб Лабадзенка , «Звязда»

Тры старонкі рукапісаў Коласа расійцы прадалі беларусам за 1000 долараў

Рукапісы класіка вярнуліся ў літаратурна-мемарыяльны музей акурат на ягоны дзень народзінаў. Аператыўна спрацаваў паэт Ганад Чарказян. Спадар Ганад у нядаўнім мінулым працаваў загадчыкам аддзела выдавецтва "Мастацкая літаратура". Цяпер пайшоў на пенсію, але любоў да кніг засталася. Не дзіва — на добрую справу ён выдаткаваў сваю месячную пенсію!..

— Усё пачалося з таго, што ў адной газеце я пабачыў інфармацыю, што ў Расіі ў інтэрнэце прадаецца кніга Якуба Коласа з аўтографам, — згадвае спадар Чарказян. — А побач — калонка з апытаннем вядомых людзей: ці набылі б яны такія рукапісы ці аўтографы? Адказвае чалавек дзесяць — і ніхто з іх "не купіў бы". Адзін нават заявіў, што ахвотней узяў бы за вялікія грошы аўтограф якога-небудзь галівудскага акцёра. Гэта мяне па-чалавечы закранула! У той жа дзень я патэлефанаваў сюды, у музей Коласа, і спытаў у дырэктара Зінаіды Мікалаеўны, ці ў курсе яна, што такая кніга прадаецца. Зінаіда Мікалаеўна пацвердзіла, што музею гэта вельмі цікава, што яны вядуць перамовы аб кошце. Я адразу сказаў: "Дамаўляйцеся — я згодны аплаціць!" Урэшце дамовіліся з прадаўцамі, што іх чалавек прывязе кнігу ў Мінск. Гэтую кнігу "Суд у лесе" Колас у 1945 годзе падпісаў загадчыку аддзела газеты "Правда" Сяргею Кошачкіну. А прадавала рарытэт ягоная дачка. У выніку кнігу прывезлі ў Мінск, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч пацвердзіў, што гэта почырк бацькі — і я набыў кнігу для музея. Варта зазначыць, што "па дарозе" яны павялічылі кошт — з 5000 да 6000 расійскіх рублёў, у выніку давялося аддаць ім каля 600 тысяч беларускіх рублёў!.. Але тут высветлілася самае цікавае — што апроч кнігі, чалавек прывёз паказаць нам яшчэ і тры старонкі Коласавых рукапісаў — верш, ліст, надпіс на канверце (яны ўсё палічылі як асобныя старонкі)! Пачаўся гандаль. Спачатку яны прасілі 10 тысяч расійскіх рублёў за 3 старонкі (каля мільёна нашых — Г.Л.). Потым нібыта пагадзіліся на 7000. Той паехаў у Маскву — і яны вырашылі, што хочуць... 30 тысяч (каля 3 мільёнаў беларускіх альбо блізу 950 долараў! — Г.Л.)!.. Мабыць, пабачылі, што мы зацікавіліся — і нагналі кошт! Як мы не таргаваліся — ніяк! На дапамогу прыйшоў шчыры беларус, пісьменнік Станіслаў Сакалоў, які сам з Асіповіцкага раёна, але ўжо паўстагоддзя жыве ў Маскве. Ён сказаў: "Рукапісы Коласа трэба выкупіць абавязкова. Не хочуць за менш — значыць, за такую суму". І выкупіў рукапісы для музея за ўласныя сродкі! Такім чынам, кнігу і рукапісы мы ўрачыста падаравалі музею якраз на дзень народзінаў Коласа, у часе "Каласавінаў".

Спадар Ганад заўважыў цікавую дэталь: кніга "Суд у лесе" выдадзена падчас вайны, у 1943 годзе, накладам (!) 10 тысяч экзэмпляраў.

— Уяўляеце, як шанавалася паэзія, якое было разуменне, калі ў вайну замест 10 тысяч патронаў выпускалі 10 тысяч кніг паэзіі, і нібыта зброю, падмацаванне адпраўлялі людзям сюды...

Эксклюзіў

"Я болел четыре месяца воспалением лёгким..."

Ліст, выкуплены Станіславам Сакаловым і перададзены ў Музей Якуба Коласа, яшчэ нідзе не друкаваўся. Музей павінен мець права першай публікацыі — таму прасілі не друкаваць і нас. Але, разумеючы, што шаноўны чытач памірае ад цікаўнасці, дазваляем сабе пахуліганіць і прывесці некалькі радкоў. Правапіс і мова арыгіналу захаваныя.

1.ХІІ.1948 г.

Дорогие товарищи!

...Меня просили написать статью. Но это для меня уже трудно: 1. Одну статью я послал в "Литературную газету.", 2. Я болел четыре месяца воспалением лёгким. Недавно вышел из больницы. Последствия такой болезни в моем возрасте очень сильно дают себя чувствовать...

Далей класік піша, што спецыяльна для "Правды" напісаў верш "Савецкія годы" — і нават сам знайшоў перакладчыка на рускую мову. Да ліста прыкладаўся і сам верш — напісаны ад рукі па-беларуску.

Дарэчы, надпісы на канверце, зробленыя рукою Коласа, расійцы прадалі асобна — фактычна за 300 долараў:

Заказное

Куда: Москва, 40

Ленинградское шоссе, ул. "Правды", д. 24

Редакция "Правды"

Кому: Отдел "Литературы и Искусства"

Минск, ул. Пушкина, 56

Якубу Коласу

Каментар музея

"Для нас важны кожны аўтограф, кожны радок Коласа!.."

Дырэктарка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская кажа, што вяртанне рукапісаў у дом паэта — сапраўдны цуд. Бо вярнуліся з-за мяжы, і выкупілі іх для музея прыватныя асобы.

— Трэцяга лістапада, у дзень народзінаў Коласа, у нас звычайна праходзіць літаратурнае свята "Каласавіны", у межах якога адбываецца навуковая канферэнцыя, — гаворыць спадарыня Зінаіда. — Ужо стала традыцыяй, што ўдзельнікі прыходзяць у музей са сваімі знаходкамі, якія датычацца жыцця і творчасці Коласа. Сёлета была 25-я па ліку канферэнцыя, былі ўдзельнікі з Балгарыі, Літвы, Украіны... Але за ўвесь час (а я ўжо працую 23 гады) ніколі не было такога, каб рукапіс Коласа прыйшоў з-за мяжы!.. І не проста прыйшоў, а падараваў нам Ганад Бадрыевіч, яго выкупіўшы. Прыемна, што Ганад Бадрыевіч, чалавек з небеларускімі каранямі (Ганад Чарказян паводле нацыянальнасці курд — Г.Л.), разумее важнасць таго, што рукапісы Коласа павінны знаходзіцца ў сваім доме.

— Наколькі каштоўная гэтая знаходка, улічваючы вашыя немалыя фонды?

— Для нас важны кожны аўтограф, кожны рукапіс! З моманту, калі Коласа не стала, мінула шмат часу. І застаецца шмат аўтографаў і рукапісаў Коласа, якія пакуль што не знайшлі месца ў нашым доме, у доме Коласа. І гэтая кніга, гэтыя рукапісы — сапраўдны скарб! Нават надпісы, зробленыя алоўкам, захаваліся цудоўна! Мы будзем вельмі ўдзячныя ўсім, хто дапаможа знайсці нам іншыя рукапісы паэта!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)