Тры асобы са зброяй праніклі зь Беларусі ў Польшчу. Варшава выказала пратэст
2 лістапада МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага, піша Радыё Свабода.
Размова датычыла ўварваньня на тэрыторыю Польшчы з тэрыторыі Беларусі ўзброеных людзей без апазнавальных знакаў.
Здарэньне адбылося ў ноч з 1 на 2 лістапада. Як паведаміў прэс-сакратар польскіх спэцслужбаў Станіслаў Жарын, у 01:45 польскія жаўнеры заўважылі на тэрыторыі Польшчы трох чалавек у форме са зброяй. Пасьля таго, як польскі патруль паспрабаваў выйсьці зь імі на кантакт, невядомыя перазарадзілі зброю і адступілі ў бок Беларусі.
Віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Пётар Ваўжык выказаў пратэст беларускаму боку адносна парушэньня дзяржаўнай мяжы. Ён падкрэсьліў, што дзеяньні беларускіх уладаў у апошнія тыдні дэманструюць усё больш прыкметаў наўмыснай эскаляцыі.
Ён паведаміў Часноўскаму, што разам з дэмакратычнымі дзяржавамі эўраатлянтычнай супольнасьці Польшча будзе пасьлядоўна супрацьстаяць «арганізаванай Менскам нелегальнай міграцыі». Намесьнік міністра паведаміў, што накіруе ноту пратэсту ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і заклікаў беларускі бок неадкладна расьсьледаваць інцыдэнт.
Паводле Памежнай службы Польшчы, за ўчорашні дзень палякі зафіксавалі 351 спробу незаконнага перасячэньня мяжы. Затрымалі 16 чалавек. У дачыненьні да 70 чалавек былі вынесеныя рашэньні аб выезьдзе з тэрыторыі Польшчы. Астатнія спробы пранікнуць на польскую тэрыторыю былі прадухіленыя.
У Літве 2 лістапада спынілі 96 спробаў пераходу мігрантамі мяжы зь Беларусі, у Латвіі — 22.
Читайте еще
Избранное