Спорт
Сяргей НЯТРЭБА

«Тройца» ў кіно

На днях стала вядома, што этна-трыё “Тройца” падпісала кантракт на запіс саўндтрэку да беларускага тэлесэрыялу паводле аповесьці беларускага пісьменьніка Андрэя Федарэнкі “Шчарбаты талер”.

Прыгодніцкі фільм пад назвай “Тры талеры” ўжо зьняты. Ён пра пошукі беларускімі падлеткамі скарбаў Напалеона, якія, паводле паданьняў, былі згубленыя французскімі войскамі падчас вайны 1812 г. пры пераправе празь Бярэзіну.

Як апавядае музыка “Трой-цы” Юры Паўлоўскі, група напіша для фільму новыя кампазыцыі. Акрамя гэтага, рэжысэр Ігар Чацьверакоў адбярэ некалькі песень з альбомаў “Тройцы”. Гэта ня першы ўдзел трыё ў кіна-праектах. Дагэтуль група стварыла арыгінальную музыку да дзіцячага фільму “Маленькія ўцекачы”, а лідэр “Тройцы” Іван Кірчук таксама сыграў у гэтай стужцы.

Раней у напісаньні саўнд-трэкаў да беларускіх фільмаў былі заўважаны таксама групы Kriwi (“Сьвежына з салютам”), “Палац” (“Настасься Слуцкая”) і “Крамбамбуля” (“Колер каханьня”). Прэм’ера фільму “Тры талеры” адбудзецца ў студзені, падчас школьных зімовых вакацыяў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(1)