Коктейль

Трэнер Казека распавёў, як спартсмены на сустрэчы з міністрам спорта «грымнулі ад смеху»

Вядомы беларускі трэнер распавёў Народнай Волі пра свой сённяшні статус і атэстацыю, якая адбудзецца 25 мая, пра тое, чым зараз займаецца чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская, а таксама пракаментаваў словы міністра спорту.

Не так даўно міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук падчас сустрэчы са спартсменамі, відаць, у мэтах патрыятычнага выхавання моладзі «праехаўся» па славутым трэнеры Мікалаю Казеку, які ў 2020 годзе адмовіўся ісці «ў нагу з лініяй партыі».

«У нас сёння адзіны ў свеце закрыты палац для фрыстайла, – распавядаў Кавальчук. – І вось скажыце мне, вы мне патлумачце: сёння, працуючы міністрам, ведаючы, колькі атрымліваў Мікалай Іванавіч, як я магу да яго ставіцца?! Калгаснік любы ў вёсцы скажа, колькі атрымлівае, якія там заробкі. Колькі атрымлівае рабочы на заводзе, на Мінскім трактарным?..

Якія ў цябе складанасці і праблемы, калі ў цябе толькі стыпендыя 5500 рублёў?.. Такая стыпендыя ў галоўнага трэнера, які вырасціў алімпійскага чэмпіёна, якая выплачвалася кожны месяц на працягу чатырох гадоў. У дадатак заробак галоўнага трэнера – гэта 8 тысяч ужо. Плюс 13 збораў на працягу года: Канада, ЗША, Італія, Фінляндыя двойчы, Швейцарыя, Японія, Чэхія і гэтак далей. Усё за дзяржаўны кошт. Табе аплачваюць пералёт, праезд, пражыванне, харчаванне – усё. А гэта, прабачце мяне, вельмі немалыя грошы для дзяржавы. Чаго табе не хапае?..»

Нагадаем, што Мікалай Казека ўзначальваў нацыянальную каманду з 1993 года. Прызнаваўся лепшым трэнерам года ў Беларусі ў 2014-м і 2018 гадах. Кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступеняў.

Пасля выбараў 2020 года Мікалай Іванавіч адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, а ў верасні быў пазбаўлены імянной стыпендыі. У лістападзе знакамітага трэнера не ўзялі на збор нацыянальнай каманды па фрыстайле.

Вучні Мікалая Казекі заваявалі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

У мінулым годзе Мікалай Іванавіч перанёс каранавірус у цяжкай форме і зараз працягвае аднаўляць здароўе.

– На сто працэнтаў пакуль не аднавіўся, але, як кажуць, працэс ідзе, – кажа Казека. – Да ўрача ўжо не наведваюся, а форму падтрымліваю самастойна: раблю фізічныя практыкаванні, гуляю на свежым паветры. У мяне норма – тры-пяць кіламетраў у дзень.

– Чым увогуле зараз займаецеся?

– Я ж намінальна пакуль застаюся галоўным трэнерам зборнай, таму нейкія ўскладзеныя на мяне функцыі даводзіцца выконваць. Хаця актыўнай працы з камандай, на жаль, няма. Мяне можна назваць галоўным трэнерам без паўнамоцтваў.

25 мая будзе праходзіць атэстацыя ў Міністэрстве спорту, таму пабачым, як складзецца сітуацыя. Хаця, наколькі мне вядома, наша федэрацыя нават не падала маю кандыдатуру на атэстацыю. Мяркую, гэта не іх ініцыятыва, указанне ідзе ад міністра.

– Ведаеце, што міністр спорту казаў пра вас падчас сустрэчы са спартсменамі?

– Так, пазнаёміўся, хаця такое нават каментаваць не хочацца. Як бачым, некаторыя людзі ўсё вымяраюць выключна грашыма. Іншых паняццяў, напэўна, і не існуе. Вось і не зразумела чалавеку, чаго Мікалаю Казеку яшчэ не хапала, калі грошы ён атрымліваў.

Дарэчы, памятаю, як той жа Сяргей Кавальчук прыходзіў да нас у цэнтр «Фрыстайл» на вуліцы Сурганава яшчэ да выбараў і праводзіў з камандай агітацыйную работу.

І вось ён нам распавядае: «Вы паглядзіце, як мы сталі добра жыць! Да прыходу прэзідэнта ў нас не было ніводнага 50-метровага басейна для плавання». А праз некалькі метраў ад цэнтра, дзе адбывалася сустрэча, – Палац воднага спорту, які быў пабудаваны яшчэ ў 1967 годзе. Усе так і грымнулі ад смеху! Вось такога ўзроўню ў нас спартыўныя кіраўнікі.

– Крыўдна, калі вы столькі зрабілі для беларускага спорту, для краіны, а зараз чуеце ў свой адрас такія «кампліменты» і «словы ўдзячнасці»?

– Такія часы зараз надышлі. У пашане сёння іншыя каштоўнасці.

– Мікалай Іванавіч, а як справы ў чэмпіёнкі свету Аляксандры Раманоўскай, якая таксама трапіла ў «чорны спіс» і ўжо не выступае за зборную? Вы падтрымліваеце з ёй сувязь?

– Так, па тэлефоне пастаянна размаўляем. Саша, хаця і не выступала за нацыянальную каманду, але прыходзіла ў цэнтр фрыстайла і займалася – працавала ў трэнажорнай зале, аднаўлялася. Але з нядаўняга часу ў яе забралі ўсе пропускі і сказалі: «Усё! Да пабачэння! Калі хочаш займацца, то на агульных платных падставах».

– Ведаю, што адзін час Саша працавала ў фотастудыі…

– І ў фотастудыі спрабавала сябе, і зімой – у гарналыжным цэнтры «Сілічы», дзе вучыла дзяцей і дарослых катацца на лыжах. Але зараз Саша, што называецца, у свабодным палёце. Будзем спадзявацца, што ў яе ўсё складзецца добра.

– У мінулым годзе вы распавядалі, што пішаце мемуары пра сваё жыццё. Як ідзе праца?

– Калі коратка: яна працягваецца. Кніга яшчэ не закончана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(29)