Трэба палюбіць кіроўцу з расійскім сцяжком

Прадпрымальнік Алесь Мазанік вырашыў замірыцца з кіроўцам мінскага аўтобуса, якога пазбавілі прэміі за расійскі сцяг у кабіне.

Напачатку жніўня інтэрнэт-сайт газеты «Наша Ніва» змясціў заметку пра невядомых хлопцаў, якія прадаюць аўтамабілістам на сталічных скрыжаваннях пару сцяжкоў — афіцыйны беларускі разам з расійскім. Чытачы ў каментарах адзначалі, што таксама бачылі гэтых прадаўцоў у розных месцах Мінску.

Трэба сказаць, папрацавалі яны надзвычай плённа, бо такое спалучэнне сцяжкоў у салонах аўтатранспарту восенню ўжо кідалася ў вочы.

Аднойчы кінулася ў вочы Алесю Мазаніку, прадпрымальніку, які гандлюе беларускімі кніжкамі, дыскамі, майкамі з нацыянальнымі сімваламі і г.д. Заўважыўшы тыя сцяжкі ў кабіне кіроўцы аўтобуса, ён запісаў нумар і даслаў ліст са скаргай у аўтобусны парк.

Неўзабаве Алесь атрымаў адказ, дзе паведамлялася, што «парушэнне ліквідаванае». У размове з «Еўрарадыё» дырэктар аўтапарку падкрэсліў: знялі не таму, што гэта той ці іншы сцяг, а таму, што правіламі забаронена змяшчаць на лабавым шкле староннія прадметы.

Гэта не перашкодзіла некаторым успрыняць тое, што адбылося, як нацыяльную перамогу. Іншыя кпілі: «Найбольшая перамога з часоў Аршанскай бітвы, ага!»

Адна акалічнасць справы выклікала гарачыя спрэчкі – аўтапарк пазбавіў кіроўцу аўтобуса, Васіля Ананіча, прэміі. Нямала было з гэтай нагоды каментароў у тым духу, што з «імі» так і трэба, па-жорсткаму, іначай «яны» не разумеюць.

Але нават сярод тых, каму расійскія сцяжкі муляюць вока, многія сталі дакараць Алесю Мазаніку за тое, што ён нарабіў чалавеку шкоды сваімі дзеяннямі. І нявольна паспрыяў таму, каб у «простых людзей» стварыўся адмоўны вобраз «змагара», ад якога адныя праблемы.

Інтэрнэт-каментатары паспрачаліся ды забылі, але Мазанік не забыў. Як стала вядома «НЧ», Алесь наважыўся на даволі неардынарны крок. Ён вырашыў замірыцца з Васілём Ананічам, прычым не толькі на словах.

Свае добрыя намеры Алесь гатовы падмацаваць кампенсацыяй прэміі, якую той не атрымаў, і пляшкай каньяка.

А таксама падарыць яму кнігу Уладзіміра Арлова «Краіна Беларусь» з імянным аўтографам. Гэтую кнігу ён лічыць «найлепшай энцыклапедыяй гісторыі нашай Бацькаўшчыны», і ўпэўнены, што з яе дапамогай зможа данесці свае перакананні да Васіля.

У аўтапарку Мазаніку адмовілі ў арганізацыі сустрэчы з іх супрацоўніком, не далі і ягоных кантактаў. Таму Алесь даслаў на імя Васіля Ананіча ў аўтапарк пасылку з кнігай і лістом – з прапановай кампенсацыі прэміі.

Поўнасцю матэрыял чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)