Общество
Eolonir

ТОП-5 блёгасфэры ў лютым: пра сьмерць Ірыны Казулінай, незалежнасьць Косава і беларускіх студэнтаў

Асноўнаю тэмай у блёгасфэры стала сьмерць Ірыны Казулінай. Асаблівы рэзананс надало й тое, што за два тыдні да той трагічнай падзеі Аляксандар Лукашэнка расказаў, што Казуліну прапаноўвалася вызваленьне, каб той мог адвезьці жонку ў Нямеччыну на лекаваньне, ад чаго той, маўляў, адмовіўся. Кажучы гэтыя словы, прэзыдэнт наўрад ці ня ведаў, што толькі цуд можа выратаваць гэтую сьмелую жанчыну.

Тэма 1. Сьмерць Ірыны Казулінай. Магчыма, не скажы Аляксандар Лукашэнка тых недарэчных словаў, рэзанансу на такім узроўні б не было. Але сказанага не павернеш: большасьць блёгераў, што пісалі пра пані Ірыну, зазначылі сваё, мякка кажучы, негатыўнае й грэблівае стаўленьне да тых выказваньняў. Словы “Памерла Ірына Казуліна” без аніякіх камэнтараў праз 2 – 3 гадзіны з’явіліся прынамсі на 300 блёгах – менавіта столькі адгукнулася маіх стужкафрэндаў. У рэчаіснасьці іх, напэўна, было намнога болей. Заява Казуліна, што калі яго ня выпусьцяць, то празь 5 – 6 дзён пахаваюць разам з жонкай, а таксама заклікі іх дачок выходзіць на плошчу, выклікалі актыўныя абмеркаваньні. Маўляў, ці варта ўжываць сьмерць для матывацыі палітычных акцыяў.

Тэма 2. Незалежнасьць Косава. Другой тэмай, паводле працягласьці (абмеркаваньні затухлі толькі ў дзень сьмерці пані Казулінай) ды раз’юшанасьці камэнтатараў (тэма ажно два разы трапляла ў ТОП-рэйтынг Яндэкса), сталася незалежнасьць Косава. Паколькі частка блёгераў вельмі эмацыйна выказвалася на тэму права народа на самавызначэньне, а частка наадварот заклікала да “славянскае еднасьці супраць ісламу”, камэнтары папросту спрычыніліся да таго, што была абражаная рэкордная колькасьць людзей. Аляксандрам Брэчакам таксама была высунутая гіпотэза, што косаўскае пытаньне ўзьнімалася Расеяй дзеля таго, каб нагадаць пра існаваньні сябе як “вялікае дзяржавы”.

Тэма 3. Палітычная сыстэма элемэнтаў. Спроба клясыфікацыі асноўных гульцоў беларускага палітычнага полю была сустрэта досыць адмоўна: маўляў, хопіць падзяляць усіх на катэгорыі ды будаваць муры паміж намі.

Тэма 4. Што патрэбна беларускаму студэнцтву? Беларускае студэнцтва пераймаецца тым, як застацца ў Менску або як зваліць зь Беларусі. Масавых акцыяў у абарону сваіх правоў ад студэнтаў няма чаго чакаць: маўляў, сваіх праблемаў багата, як яшчэ збіраць подпісы ў абарону Франака Вячоркі. Дыскусыя пад постам trauch таксама дала зразумець, што большасьць студэнтаў баіцца выключэньня з унівэрсытэтаў за ўдзел у дэманстрацыях, частка ўвогуле лічыць, што студэнты павінны вучыцца, а не страйкаваць, а некаторыя крыўдзяцца, што калі іншых выключалі, дык нікто іх не абараняў, а пра таго ж Франака 99% студыёзусаў, маўляў, нават і ня ведаюць.

Тэма 5. Пратэст жыхароў вуліцы Карла Маркса. Тым часам, як жыхары дамоў ладзілі пікеты, паэт А.Хадановіч у сваім блёгу прапанаваў паэтычную гульню — прыдумаць палітычныя лёзунгі вядомым пісьменьнікам і паэтам у змаганьні за свае жыллёвыя мэтры.

Варта асобна адзначыць, што ў лютым да шэрагаў блёгераў далучыўся амбасадар Вялікай Брытаніі ў Беларусі Найджэл Гулд-Дэвіс. Ягоны блёг на ЖЖ ужо прыцягнуў да сябе дастатковую ўвагу: на адзін з запісаў было пакінута ажно 57 каментароў.