Tоп-10 помнікаў гісторыі і архітэктуры, якія патрабуюць аднаўлення
За 18 гадоў незалежнасці беларуская дзяржава зрабіла мізэрна мала для захавання і адраджэння гiсторыка-культурнай спадчыны. Больш за тое, менавіта за гэты час з лёгкай чыноўніцкай рукі была вынішчана процьма ўнікальных аб’ектаў, многія нашы гарады назаўжды страцілі спрадвечны гістарычны ландшафт. Толькі цяпер, калі адным з галоўных прыярытэтаў айчыннай эканомікі абвешчана развіццё турызму, дзяржава сям-там узялася-ткi за аднаўленне палацаў і сядзібаў.
У гэтым звязку асаблівыя надзеі выклікае прызначэнне на пасаду міністра культуры экс-амбасадара Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі, якога некаторыя СМІ ўжо назвалі “сімвалам лібералізацыі”. Павел Паўлавіч не толькі з’ездзіў у Мір, дзе раскрытыкаваў рэканструкцыю аднайменнага замка, але і сустрэўся з лідэрам Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам, выказаўшы гатоўнасць працаваць у гэтай сферы разам з грамадскімі арганізацыямі.
TUT.BY звярнуўся да спадара Астаповіча, з дапамогай якога мы склалі спіс 10 самых унікальных помнікаў гісторыі і архітэктуры Беларусі, якім пагражае знішчэнне і якія вымагаюць тэрміновага аднаўлення.
КРЭЎСКІ ЗАМАК (вёска Крэва, Смаргонскі раён)
Ацалелая сцяна Крэўскага замка. Фота Viktar Palsciuk, Wikipedia |
Значэнне: Адна з найстаражытнейшых абарончых пабудоў Беларусі. Паўстаў пасля 1338 года па загадзе вялікага князя літоўскага Альгерда. З’яўляўся звяном абарончай сістэмы Наваградак - Гродна - Ліда - Меднікі - Трокі. Княжская вежа, рэшткі якой захаваліся да нашага часу, - адзіны вядомы ў Беларусі данжон. Гісторыка-культурная каштоўнасць 3 катэгорыі.
Стан: Знішчаны падчас Першай сусветнай вайны. Палякі закансервавалі руіны ў 1929 г., аднак за Cаветамі жыхары Крэва расцягвалі цагліны з ацалелых сценаў замка для будаўніцтва ўласных дамоў. Тое нямногае, што засталося ад муроў (12 на 2,5 метры), непазбежна разбураецца. Апошнім часам - асабліва імкліва. Мясцовыя ўлады ўжо не адзін год заяўлялі аб гатоўнасці прафінансаваць кансервацыю будынка, але дасюль істотна нічога не зроблена. Адна з імаверных прычын: дагэтуль такія скаладаныя кансервацыі ў нас яшчэ не ажыццяўляліся.
ГАЛЬШАНСКІ ЗАМАК (в. Гальшаны, Ашмянскі р-н)
|
|
Значэнне: Унікальны палацава-замкавы комплекс, пабудаваны напрыканцы 16 стагоддзя на ўзор галандска-фламандскай архітэктуры і апеты Уладзімірам Караткевічам у рамане “Чорны замак Альшанскі”. Да 17 стагоддзя з’яўляўся рэзідэнцыяй беларускіх магнатаў Сапегаў. Гісторыка-культурная каштоўнасць 3 катэгорыі.
Стан: Знішчэнне комплексу ў 1880 годзе пачаў расійскі памешчык Гарбанёў, які атрымаў комплекс пасля эміграцыі Сапегаў на Захад. У Савецкі час цагліны з муроў пайшлі на будаўніцтва гальшанскага Дома культуры і кароўніка, які месціўся наўпрост на тэрыторыі замка. Сёння руіны помніка, які месціцца ў адным з найбольш містычных і загадкавых мястэчак Беларусі, параслі пустазеллем і пераўтвараюцца ў пыл літаральна на вачах.
РУЖАНСКІ ПАЛАЦ (пасёлак Ружаны, Пружанскі р-н)
|
|
Значэнне: Адзін з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі, рэзідэнцыя князёў Сапегаў. Пабудаваны ў 1784-1786 гг. ў пераходным стылі ад барока да класіцызму.
Стан: “Беларускі Версаль” згарэў у 1914 годзе, у 1944-м быў разбураны канчаткова. Да нас дайшлі парэшткі галоўнага і ўсходняга карпусоў, аркады, уяздная арка і флігелі. Год назад ўпершыню за доўгія дзесяцігоддзі на аб’екце пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Найперш плануецца аднавіць галоўную браму і флігелі, дзе мае размясціцца музей. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу, аднак адказная за работы "Брэстрэстаўрацыя" сцвярджае, што далейшыя тэмпы будуць залежаць ад фінансавання.
БЫХАЎСКІ ЗАМАК (Быхаў)
Быхаўскі замак. Фота А. Дыбоўскага, globus.tut.by |
Значэнне: Палацава-замкавы ансамбль у стылі барока з асобнымі фрагментамі архітэктуры рэнесансу паўстаў на пачатку XVII ст. на месцы былога драўлянага замка. Належаў магнатам Хадкевічам і Сапегам. Быў у цэнтры баявых дзеянняў вайны Рэчы Паспалітай з Масквой і Паўночнай вайны. Гісторыка-культурная каштоўнасць 2 катэгорыі.
Стан: За савецкім часам у замку месцілася мэблевая фабрыка, потым будынкі пуставалі. У 2004-м яго арандаваў прадпрымальнік Мікалай Сапега, які размясціў там лесапілку і збіраўся набыць ды адрэстаўраваць замак. Але здарыўся пажар, які знішчыў дах і гарышча. Потым заняпаў бізнэс Сапегі. Замак выстаўлялі на аўкцыён за 360 млн рублёў, але ахвочых інвеставаць у помнік гісторыі і архітэктуры не знайшлося.
БЫХАЎСКАЯ СІНАГОГА (Быхаў)
Быхаўская сінагога. Фота А.Дыбоўскага, globus.tut.by |
Значэнне: Помнік архітэктуры барока, пабудаваны ў пачатку 17 ст. Апроч таго, што сінагога з’яўлялася цэнтрам габрэйскага жыцця Быхава, дзе іудзеі складалі палову насельніцтва, выконвала і абарончыя функцыі. На сценах сінагогі дагэтуль бачныя старажытныя фрэскі.
Стан: Захавалася лепш за Быхаўскі замак, але незваротна разбураецца. Раней вялася гаворка аб аднаўленні сінагогі, але яна ні да чаго не прывяла. Цяпер Мінкульт разглядае магчымасць унясення быхаўскага помніка (у камплекце з іншымі абарончымі храмамі Беларусі) у Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Але для гэтага аб’екту прыйдзецца надаць божы выгляд.
КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОІЦЫ (в. Воўчын, Камянецкі р-н)
Касцёл Найсвяцейшай Троіцы. Фота К.Шастоўскага, Radzima.org |
Значэнне: Шэдэўр архітэктуры позняга барока, створаны па аналогіі з рымскай царквой Санта-Марыя Маджоры ў 1733 годзе італьянскім дойлідам. Тут быў ахрышчаны апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які нарадзіўся ў Воўчыне ў 1732 годзе. У 1938-м парэшткі манарха былі прывезеныя з Пецярбургу і перапахаваныя ў касцёле, дзе знаходзіліся да 1995 года
Стан: Ад былой прыгажосці засталіся адны сцены. Кансервацыі, аднаўленні не праводзіліся.
СЯДЗІБА НАРКЕВІЧАЎ-ЁДКАЎ (в. Наднёман, Уздзенскі р-н)
|
|
Значэнне: Сядзіба беларускіх магнатаў ля самага вусця Нёмана была перабудаваная са старога радзівілаўскага бровара ў 1820-1830-х гг. Буйны землеўласнік, славуты на ўсю Еўропу навуковец, адкрывальнік электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сігналаў Якуб Наркевіч-Ёдка змясціў у сядзiбе метэаралагiчную станцыю. Па сутнасці, у памяшканнях палаца пачыналася беларуская навука.
Стан: Яшчэ ў вайну палац спалiлi партызаны. З той пары ён ужо нiкім не выкарыстоўваўся, адно знішчаўся вандаламі. У 1995 годзе абрынулася палацавая вежа, з якой Наркевіч-Ёдка ўпершыню зарэгістраваў навальнiчныя разрады электрычнасцi за 100 км (1890). Кажуць, вежу ад няма чаго рабіць падарвалі мясцовыя "аўтарытэты". Гісторыка-культурная каштоўнасць 2 катэгорыі.
СЛОНІМСКАЯ СІНАГОГА (Слонім)
Слонімская сінагога. Фота А.Дыбоўскага, globus.tut.by |
Значэнне: Унікальны ў сваім родзе помнік архітэктуры барока сярэдзіны XVII стагоддзя (1648), найстарэйшы будынак Слоніма, які да Другой сусветнай вайны быў населены галоўным чынам габрэямі. Гісторыка-культурная каштоўнасць 2 катэгорыі.
Стан: Сінагога працавала да 1940 года. У савецкі час там месціўся склад мэблевай крамы. З 1990 г. будынак пачаў імкліва разбурацца. У 2000 частка пабудовы абрынулася, яшчэ праз год яе перадалі Іудзейскаму рэлігійнаму аб’яднанню Беларусі. Была праведзена кансервацыя, а вось на паўнавартасную рэстаўрацыю грошай не адшукалі дасюль. Увесну намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка заявіў, што зваротаў ад слонімскіх уладаў адносна аднаўлення сінагогі дагэтуль не паступала. У чэрвені камунальшчыкі пабялілі фасад ды пафарбавалі агароджу.
ФАРА ВІТАЎТА (Гродна)
Касцёл, рэстаўраваны ў стылі неаготыкі, канец 1930-х. Фота Wikipedia |
Значэнне: Драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (Фара Вітаўта) ў канцы XIV ст. быў закладзены князем Вітаўтам, а ў 1584-1587 гадах перабудаваны ў мураваным выглядзе па загадзе Стэфана Баторыя. Адзін з самых вялікіх каталіцкіх храмаў у ВКЛ першапачаткова прадстаўляў готыку. Потым змяняўся ў стылі рэнесансу, барока, псеўдарускім і неагатычным.
Стан: Пашкоджаны Другой сусветнай вайной і занядбаны, касцёл праіснаваў да 1961 года. 29 лістапада па рашэнні выканкаму Гродзенскага гарсавета дэпутатаў храм на Савецкай плошчы быў узарваны спецатрадам сапёраў. Шматлікія заклікі ўзнавіць Фару Вітаўта так і засталіся ў паветры. Адно што колькі гадоў назад на месцы помніка быў разбіты сквер, у цэнтры якога пліткай выклалі сімвалічны круг.
БЕЛДЗЯРЖМУЗЕЙ НАРОДНАЙ АРХІТЭКТУРЫ І ПОБЫТУ (пад Мінскам)
Значэнне: Музей пад адкрытым небам, заснаваны ў снежні 1976-га, - адзіны ў Беларусі, які збірае і захоўвае помнікі народнай архітэктуры (сялянскія хаты, цэрквы, гаспадарчыя пабудовы) канца 19 - пачатку 20 стагоддзяў. Сёння на плошчы 151 га экспануецца каля 30 помнікаў архітэктуры. Мае каля 25 калекцый тканіны, адзення, хатняга начыння, сельскагаспадарчага інвентару і інш.
Стан: Як паведамляла нам дырэктар музея Святлана Лакотка, з шасці запланаваных у музеі сектараў толькі першы абсталяваны экспанатамі на 90%, другі-трэці - фрагментарна. Выдзяляемых дзяржавай сродкаў хапае толькі на ўтрыманне і рэстаўрацыю існага фонду, але не на яго развіццё. На думку ж Антона Астаповіча, разбудова музея народнай архітэктуры і побыту мае сёння выключнае значэнне, бо драўляная архітэктура Беларусі адыходзіць у нябыт паскоранымі тэмпамі, а належнай увагі з боку дзяржавы да гэтай праблемы няма.
“Неабходна адмысловая праграма”
На думку старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, перад тым як брацца за рэканструкцыю архітэктурных перлінаў, праекціроўшчыкам, спецыялістам па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў, падрадчыкам і, канечне, чыноўнікам трэба навесці парадак у сваіх галовах. “Каб прыступаць да рэстаўрацыі з усведамленнем, што гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, а не проста будаўнічы аб’ект. Максімальна захаваць аўтэнтыку, а не проста засвоіць грошы - вось галоўная задача", - кажа Астаповіч.
Эксперт таксама заўважае, што ніводная, нават з самай развітай эканомікай краіна, не здолее аднавіць усе занядбаныя гісторыка-культурныя помнікі з дзяржаўнага бюджэту. Немагчыма гэта і ў Беларусі. Таму апроч зацверджаных Саўмінам спісаў прыярытэтных аб’ектаў для фінансавання як паветра патрэбна адмысловая праграма прыватызацыі і інвеставання. Ці дачакаюцца іх занядбаныя архітэктурныя шэдэўры?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное