Общество

Марына Міхайлава

«Тое, што хацелі панішчыць, усё роўна прарастае»

Па еўрапейскіх сталіцах праходзіць беларускі літаратурны тур. «Салідарнасць» расказвае, хто яго ўдзельнікі і якія кнігі можна набыць.

10 траўня афіцыйна ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка» афіцыйна стартаваў продаж новай кнігі Альгерда Бахарэвіча. Але набыць яе можна не толькі там. Вільня, Рыга, Талін, Уроцлаў і Прага — у  гэтых пяці гарадах у межах праграмы ArtPower Belarus Беларускай рады культуры і Дацкага інстытуту культуры пры фінансавым садзейнічанні Еўрасаюза праходзіць літаратурнае турнэ.

Удзельнікі туру — выдавец Андрэй Янушкевіч, перакладчык і рэдактар Сяргей Шупа і пісьменнік Андрэй Бахарэвіч. «Салідарнасць» пабывала на віленскай сустрэчы з чытачамі і расказвае, што вязуць.

Выдавецтва прадстаўляе купку кніжных навінак — перадусім новы раман Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая рыба». Адметнасцяў у ім нямала. Па-першае, гэта зусім не той «звыклы» для чытача Бахарэвіч, у якога патрэбна ўчытвацца — раман прыгодніцка-авантурны, напісаны ў стылі Янкі Маўра (калі вы чыталі ў дзяцінстве «Амок» і «У краіне райскай птушкі», то разумееце, пра што гаворка).

Па-другое, расповед ідзе ад жаночай асобы, галоўная гераіня — дзяўчына-беларуска Алеся, якая воляй лёсу апынулася ў партовым Гамбургу. І калі пра Гамбург пісьменнік ведае шмат, бо акурат жыве там апошнім часам, то наконт разумення жаночай псіхалогіі могуць быць пытанні.

Нарэшце, «фішка» кнігі — ілюстрацыі, якія зрабіў знакавы для беларускай сучаснай культуры чалавек, праўда, не мастак, а музыка — Лявон Вольскі. Прычым гэта была ягоная ідэя, і, паводле Бахарэвіча, кніга толькі выйграла ад гэтага эксперыменту і «адчування свабоды творчасці» Вольскага.

Кнігу Юліі Цімафеевай «Мінскі дзённк» навінкай не назавеш — дзённікавае апісанне падзей 2020-га выйшла акурат у год пачатку беларускай рэвалюцыі годнасці. Але на англійскай мове і ў выглядзе эсе, для разумення замежнай аўдыторыяй, што ж адбываецца ў Беларусі і як у гэтым жыць дзень за днём.

Потым — на шведскай, нямецкай, нідэрландскай, часткова па-нарвежску і па-літоўску. І толькі летась, у брытанскім выдавецтве «Скарына» — па-беларуску. Таму ў пэўным сэнсе ўсё-ткі навінка — і адначасова вяртанне ў 2020-ы.

Сяргей Шупа прадставіў новы і самы поўны на сёння пераклад — выданне раману «Зэлмэняне» Мойшы Кульбака (гэты літаратар са Смаргоні быў расстраляны ў 1937 годзе). І гэта пра Мінск стогадовай даўніны, міжваенны, на стыку 1920-30-х — хоць акурат Мінск нідзе ў рамане не названы, але сакавітыя і дакладныя апісанні перадаюць атмасферу і нават пэўныя габрэйскія адрасы. У ранейшых перакладах рэдактары з розных прычын, у тым ліку палітычных, выразалі каля 12% тэксту — цяпер Сяргей Шупа гэта выправіў.

— Кажуць, што эмігранцкая літаратура асуджаная на смерць, бо людзі асімілююцца і пісьменніку няма для каго пісаць, — зазначыў на сустрэчы Альгерд Бахарэвіч. — Але беларусаў з’ехала столькі насамрэч, што ў кожнай краіне, дзе б я ні выступаў, на сустрэчы прыходзяць дзясяткі людзей, а патэнцыйных чытачоў, я думаю, мы маем дзясяткі тысяч. У гэтым сэнсе я веру, што Беларусь — не толькі там, у дзяржаўных межах, Беларусь — там, дзе мы.

Фота з тэлеграму кнігарні «Кнігаўка»

Андрэй Янушкевіч пагадзіўся са сцвярджэннем, што беларускае жыццё працягваецца незалежна ад межаў. Калі два гады таму ў Мінску кніжная крама «Кнігаўка», па сустнасці, усталявала антырэкорд, бо працавала пасля адкрыцця ўсяго толькі 7 гадзін і «дзякуючы» прапагандыстам адразу была зачыненая — то пасля кнігарню ўдалося адрадзіць у Варшаве, і ў яе пастаянна зазіраюць пакупнікі — прычым не толькі беларусы Польшчы, але і месцічы, і замежнікі. І выдавецтва таксама працягвае працаваць і выпускаць у свет новыя кнігі беларускіх аўтараў, маючы далёкія планы.

— Тое, што гэтыя сволачы хацелі панішчыць, усё роўна прарастае, — рэзюмаваў Янушкевіч. — І так павінна быць — мы ж беларусы, у рэшце рэшт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)