Карацей, «мэты ўстойлівага разьвіцьця» — гэта такая псеўдаўтопія усеагульнага доступу да таннай зялёнай энэргіі, роўнасьці даходаў, усеагульнай адукацыі і аховы здароўя.
«Тое, што ў Беларусі палітвязьні паміраюць за кратамі, чыноўнікаў ААН па ўстойліваму разьвіцьцю не турбуе»
Журналіст Віталь Цыганкоў — пра запрашэнне Лукашэнкі на саміт у Нью-Ёрк.
— Народ зьдзіўляецца, чаму Лукашэнку запрасілі ў ААН на саміт па мэтах устойлівага разьвіцьця, — піша Віталь Цыганкоў. — А што тут абурацца, калі Беларусь у гэтым рэйтынгу амаль у сусьветных лідэрах, на 34-м месцы.
Што такое «ўстойлівае разьвіцьцё»? Гэта набор такіх прекраснодушных і часам даволі абстрактных мэтаў, па якіх вельмі добра даваць справаздачы ў розныя міжнародныя арганізацыі. Можна глянуць тут. Карацей, там 17 пунктаў ад ліквідацыі жабрацтва, да гендарнай роўнасьці, ад памяншэньня няроўнасьці ў даходах да захаваньня экасыстэмаў.
А ў Беларусі з усім гэтым проста цудоўна. Алігархаў няма, іх адразу раскулачваюць ці саджаюць — вось вам «памяншэньне няроўнасьці».
Койкамесцаў у шпіталях на душу чалавека больш, чым дзе. Праўда, дактароў не хапае, але гэта для статыстыкі ня важна, галоўнае — койкамесцы і афіцыйная «бясплатнасьць» медыцыны.
Трэба вам гендерная роўнасьць? У нас у «палатцы» траціна жанчынаў. Заўтра можам і палову, можам і 90% жанчынаў туды прызначыць, для падвышэньня паказчыкаў.
Пункт нумар 8 «годная праца»? Дык у нас у Беларусі беспрацоўя ўвогуле фактычна няма. А адкуль яму ўзяцца, калі сотні тысяч зьехалі, а тыя, хто засталіся — каб ня быць запісаныя ў «дармаеды», вымушаныя ўладкоўвацца на працу хоць куды.
Яраслаў Раманчук напісаў шмат прыгожых допісаў пра сусьветны бюракратычны культ «устойлівага разьвіцьця», які прыйшоў на замену «непазьбежнасьці пабудовы сацыялізма». Гэта культ павялічэньня ролі дзяржавы і чыноўніка.
Таму не дзіўна, што ў гэтай схеме Куба і Беларусь стаяць вышэй за ЗША і Ізраіль. Беларусь на сваім 34-м месцы вышэй за ЗША, Аўстралію, Люксембург(!), Літву, Кіпр, Ізраіль, Бразілію, Аргентыну, Сінгапур (увогуле 60-е месца, недаразвітыя якія).
Што ўвогуле можна казаць пра рэйтынг, дзе Куба на адным узроўні з Люксембургам і вышэй за ЗША?
Ну а тое, што ў Беларусі саджаюць за ўдзел у мірным мітынгу і за лайкі ў сацсетках, і палітвязьні паміраюць за кратамі — дык гэта чыноўнікаў ААН па ўстойліваму разьвіцьцю не турбуе, бо на рэйтынг краіны не ўплывае. Няма такога крытэра ва «ўстойлівым разьвіцьці».
«Захаваньне экасыстэмаў сушы» ёсьць, а «дэмакратыя і правы чалавека» — няма. Рэпрэсіі ў Беларусі маюць цалкам устойлівае разьвіцьцё — чаму б тады не запрасіць Лукашэнку на саміт.
Читайте еще
Избранное