Политика

The New York Times расказала, як беларусы супраціўляюцца Пуціну

Адно з самых уплывовых выданьняў сьвету напісала пра краму symbal.by і курсы «Мова нанова», паведамляе Радыё Свабода.

Фота James Hill, The New York Times

Артыкул «As Putin Pushes a Merger, Belarus Resists With Language, Culture and History» быў апублікаваны 29 чэрвеня. Аўтары наведалі Менск, Берасьце і Гарадзішча і прыйшлі да высновы, што беларусы могуць супраціўляцца магчымай інкарпарацыі ў склад Расеі з дапамогай сваёй мовы, культуры і гісторыі.

«Поўная інтэграцыя паміж Беларусьсю і Расеяй прывядзе да стварэньня новай пасады кіраўніка дзяржавы — пазыцыі, якую Пуцін, якому забаронена Канстытуцыяй заставацца прэзыдэнтам Расеі пасьля 2024 года, можа заняць без парушэньня закона. Прэзыдэнт Расеі адмовіўся ад падобных амбіцый, але многія ў Беларусі занепакоеныя. Асабліва тыя, хто даўно абвінаваціў Лукашэнку ў продажы сваёй краіны Маскве», — гаворыцца ў артыкуле.

У якасьці прыкладу супраціўленьня магчымаму далучэньню да Расеі аўтары называюць растучую папулярнасьць беларускай мовы, культуры і гісторыі. Паводле амэрыканскага выданьня, Лукашэнка шмат гадоў не бачыў неабходнасьці абараняць нацыянальную ідэнтычнасьць, але ўсё зьмянілася пасьля 2014 году і падзей ва Украіне.

The New York Times цытуе Сьвятлану Алексіевіч, Алену Анісім, Глеба Лабадзенку, Паўла Белавуса і Піта Паўлава.

«Вядома, я беларуска, і мая родная мова — беларуская, але я не размаўляю на ёй, бо ўся маё жыцьцё было расейскамоўным і зьвязаным з расейскай культурай. Але я адчуваю сябе беларускай, я на беларускай зямлі і гэта мая зямля», — цытуе NYT Алексіевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(35)