Общество

The New York Times пра новую рызыку для Лукашэнкі — некаторыя мігранты хочуць застацца ў Беларусі

Карэспандэнт амэрыканскай газэты The New York Time Эндру Гігіс пабываў у Брузгах, піша Радыё Свабода.

У размовах карэспандэнта з курдзкімі мігрантамі ў памяшканьні вялікага лягістычнага складу высьветлілася, што некаторыя зь іх вырашылі застацца ў Беларусі, калі Польшча не адкрые мяжы.

Шмат хто з больш як 2000 чалавек, якія засталіся на беларускім баку калючага дроту ў Брузгах, вялікім закрытым памежным пераходзе, настойваюць, што яны не адмовяцца ад спробаў трапіць у Эўрапейскі Зьвяз. Але на фоне асьцярог, што замест ЭЗ іх могуць адправіць назад у свае краіны, 21-гадовы курд з Іраку Бэйл Нісу і іншыя задаюцца пытаньнем, ці ня будзе ім лепшым варыянтам застацца ў Беларусі?

— Я хачу паехаць у Нямеччыну, але, калі гэта немагчыма, я проста застануся тут, — сказаў Бэйл Нісу ў сераду пасьля пераезду ў вялікі склад недалёка ад мяжы, які беларускія ўлады ператварылі ў цэнтар утрыманьня мігрантаў, спрабуючы аслабіць ціск на мяжы і палепшыць змрочны імідж краіны.

Бэйл Нісу паскардзіўся амэрыканскаму журналісту на тое, што патраціў больш за 4000 даляраў і шмат дзён быў на марозе ў лесе толькі для таго, каб апынуцца ў беднай, вельмі рэпрэсіўнай былой савецкай рэспубліцы, дзе мала працы і іншых магчымасьцяў.

Але, паказваючы штаны, парваныя, як ён сьцьвярджаў, пры пабіцьці яго польскімі сіламі бясьпекі пасьля няўдалай спробы пракрасьціся празь мяжу на мінулым тыдні, Нісу сказаў, што Беларусь выглядае значна больш прывабнай, чым вяртаньне ў Ірак ці новая сустрэча з польскімі салдатамі і памежнікамі. Ён сказаў, што хоча падаць заяву аб прытулку ў Беларусі.

— Беларусь, — сказаў ён, — вельмі, вельмі добрая краіна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2(38)