Общество

«Тэрор супраць беларусаў падчас вайны быў жахлівым, але гэта не генацыд», — дасьледчык Галакосту

Гісторык з Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту, кіраўнік праекту «Гісторыя габрэяў Беларусі» Леанід Сьмілавіцкі тлумачыць у інтэрвію Радые Свабода, чаму нельга называць зьнішчэньне беларусаў падчас вайны генацыдам і навошта менавіта гэты тэрмін патрэбны ўладзе.

Менск пад няямецкай акупацыяй, 1941 год

У Беларусі прапануецца караць турэмным зьняволеньнем за адмаўленьне «генацыду беларускага народу», які працягваўся «ад 1941-га да канца 1951 году». Пад беларускім народам у праекце закону маюцца на ўвазе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР.

«Ніякага генацыду беларусаў падчас ІІ сусьветнай вайны не было»

Леанід Сьмілавіцкі з канца 1970-х займаецца дасьледаваньнем нямецкіх злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Ён аўтар амаль паўтысячы артыкулаў і 7 манаграфій. У інтэрвію Свабодзе ён назваў законапраект аб генацыдзе, які плянуецца прыняць у Беларусі, маніпуляцыйным і заснаваным на савецкіх гістарычных мітах.

«Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ставіцца знак роўнасьці паміж тэрорам і генацыдам. Ніякага генацыду беларусаў падчас ІІ сусьветнай вайны не было, паводле таго азначэньня, якое адносіцца да генацыду як тэрміна. Калі гаварыць проста, то беларусаў ніколі не забівалі толькі за тое, што яны беларусы. У законапраекце абагульнена беларусамі называюць усіх савецкіх грамадзян таго часу на тэрыторыі БССР. Вось тут і хаваецца прамы падлог», — гаворыць Сьмілавіцкі.

Гісторык тлумачыць, што прыраўноўваць лёс этнічных беларусаў у пачатку 1941 году да долі, якая напаткала габрэяў, «неаб’ектыўна, ненавукова і амаральна».

«Тэрор адрозьніваецца ад генацыду тым, што, калі вы супраціўляецеся, тады вас караюць. А генацыд прадугледжвае зьнішчэньне пэўнай катэгорыі людзей паводле нейкай прыкметы. Гэта значыць, вы можаце нічога не рабіць, але калі вы трапляеце ў тую катэгорыю, якая прызначана для пагалоўнага зьнішчэньня, то хоць дзіця ў калысцы, хоць дарослы мужчына, ці жанчына, ці стары, ці салдат са зброяй або і без, у любым выпадку ты ў сьпісе на зьнішчэньне», — кажа Сьмілавіцкі.

«Немцы адкрылі для беларусаў школы, музэі, цырк. Гэта генацыд?»

Гісторык тлумачыць, што размовы пра генацыд беларускага народу маюць свае карані вакол пляну «Ост», ідэя каторага была выказаная нацыстамі ў 1940 годзе. Сам плян не захаваўся, засталіся чарнавікі яго пратаколаў.

«Там сказана, што трэба перасяліць 85% славянскага насельніцтва з акупаванай тэрыторыі ў Заходні Сібір і нават Лацінскую Амэрыку. Але пра генацыд і забойствы там нічога не гаворыцца. Гэты дакумэнт ёсьць у інтэрнэце, яго ў 2009 годзе апублікавалі на сайце Бэрлінскага ўнівэрсытэту Гумбальта. Ён быў далучаны да матэрыялаў Нюрнбэрскага працэсу, таму і быў невядомы. А ўсе размовы былі вакол гэтага, што ў беларусаў не было выйсьця, што яны былі асуджаныя, што яны ўзьняліся самі супраць нацыстаў, што ніхто іх не правакаваў. Гэта такая ж гістарычная няпраўда, як і ўклад партызанаў у перамогу, які быў перабольшаны».

Сьмілавіцкі зьвяртае ўвагу на гістарычныя дэталі, якія пацьвярджаюць ягоную думку. Ён зьвяртае ўвагу, што пасьля прыходу немцаў у Беларусь у эвакуацыю ўцякалі партыйныя работнікі, сем’і вайскоўцаў, камуністы і габрэі. Звычайныя беларусы не ўцякалі, бо думалі, што вайна — гэта часовая справа і што хутка ўсё скончыцца.

«Калісьці я апублікаваў у часопісе «Полымя» артыкул пра беларускія школы на акупаваных тэрыторыях, дазволеныя немцамі. 1 кастрычніка 1941 году ў гэтыя школы пайшлі 380 тысяч дзяцей. Там выкладалі па-беларуску, былі падручнікі, працавалі настаўніцкія сэмінарыі, цырк, музэі, выдаваўся часопіс «Беларуская школа».

Як гэта супаставіць з тэзісам пра генацыд беларускага народу? У акупаванай Беларусі быў дазволены прыватны гандаль, працавалі прадпрыемствы. Зразумела, з дазволу нацыстаў. Калі параўноўваеш лёс беларусаў і габрэяў у гады ІІ сусьветнай вайны, то гэта несупастаўныя рэчы. Гэта ненавукова», — лічыць гісторык.

«Калі б савецкае кіраўніцтва не распаліла партызанскую вайну, у нацыстаў не было б неабходнасьці зьнішчаць мірнае насельніцтва»

Тэрор у гады ІІ сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі Леанід Сьмілавіцкім называе «самым жахлівым» і падкрэсьлівае, што пра гэта няма патрэбы дыскутаваць. Ён нагадвае, што за тры гады акупацыі было праведзена:

1100 карных апэрацый;

625 вёсак нацысты спалілі разам з жыхарамі;

4 580 населеных пунктаў цалкам зьнішчылі;

насельніцтва Беларусі скарацілася з 10,5 млн да 6,5 млн к ліпеню 1945 году;

 у гэтыя сьпісы ўваходзяць і 800 тысяч габрэяў, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі; 800 тысяч савецкіх ваеннапалонных і 330 тысяч мірнага насельніцтва.

Гісторык называе лёс гэтых ахвяраў страшнымі наступствамі палітыкі выпаленай зямлі, палітыкі помсты і зьнішчэньня ўсіх, хто спрабаваў супраціўляцца нацыстам.

«Калі падсумаваць усе гэтыя лічбы, то атрымліваецца, што ня кожны трэці беларус, як сьцьвярджаецца, загінуў. І нават ня кожны чацьвёрты. Але зноў жа, калі б савецкае кіраўніцтва, пачынаючы зь лета 1942 году, сваімі спэцыяльнымі дэкрэтамі не распаліла б партызанскую вайну ў Беларусі, тады б у нацыстаў не было нагоды і неабходнасьці зьнішчаць мірнае насельніцтва самым барбарскім спосабам, каб пазбавіць партызанаў базы; усё выглядала б інакш.

Нацысты не забівалі тых, хто ім не супраціўляўся. Яны імкнуліся іх падпарадкаваць, скарыць, але забойствы і арышты былі толькі падчас карных апэрацый, не да іх, у адрозьненьне ад сталіністаў, якія шырока выкарыстоўвалі прэвэнтыўныя рэпрэсіі». — гаворыць Сьмілавіцкі.

Хатынь

Гісторык лічыць, што савецкае кіраўніцтва выкарыстоўвала мірнае насельніцтва Беларусі падчас вайны ў якасьці жывой заслоны для таго, каб «прыкрыць тылы і свае памылкі».

«Вынік ІІ сусьветнай вайны вырашаўся не ў лясах Беларусі, а ў Сталінградзе, Ленінградзе, Курску, Каўказе і пад Масквой. Калі пакласьці на адну шалю дасягненьні партызанаў у Беларус, на другую масавыя страты мірнага насельніцтва да лета 1944 году, то па-мойму адказ зразумелы».

Гісторык нагадвае, што і стаўленьне да габрэяў з боку савецкіх ваенных камандзіраў не заўсёды было адназначным.

«Калі габрэі ўцякалі ў лес, партызаны ім казалі: „Мы возьмем моладзь, а старыя няхай вяртаюцца“. А куды яны маглі вярнуцца? У гета. Гэта была трагедыя. А беларуская сям’я магла пайсьці ў лес безь сьмяротнай небясьпекі. У 1941 годзе саветы закрылі старую польска-савецкую мяжу і ўсе, хто жыў у Заходняй Беларусі, не маглі ўцячы. Для габрэяў гэта быў прысуд».

«Чаму ў Беларусі стаіць 500 помнікаў ахвярам Галакосту і ніводзін зь іх не пабудавалі за дзяржаўныя грошы?»

Памяць пра Галакост і трагедыю габрэяў улады пачалі актыўна выкарыстоўваць пасьля таго, як у Беларусі пачаліся пратэсты супраць сфальсыфікаваных выбараў. Прапаганда намагалася прадставіць пратэстоўцаў ідэалягічнымі наступнікамі карнікаў, адказных за Галакост.

Але Леанід Сьмілавіцкі зьвяртае ўвагу на тое, што гісторыя трагедыі габрэяў у Беларусі не была інтарэсам уладаў раней. Усё, што пра яе напісана і выдадзена ў Беларусі, гэта прыватная ініцыятыва асобных гісторыкаў, лічыць Сьмілавіцкі.

«У Беларусі няма часопісу «Генацыд», «Галакост». Няма аніводнага музэю гісторыі габрэяў Беларусі, Менскага гета; не выдзяляюцца стыпэндыі, не праводзяцца канфэрэнцыі. У Музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны гэтай тэме прысьвечаная ня заля, а нейкі прахадны пакой. А да 2015-га і гэтага не было. І раптам цяпер, нечакана, успомнілі пра Галакост. Разгарніце падручнік па гісторыі Беларусі для школьнікаў. Вы там пра Галакост знойдзеце паўстаронкі. Тут самая сапраўдная каньюнктура», — кажа Леанід Сьмілавіцкі.

«Чаму ў Беларусі стаіць 500 помнікаў ахвярам Галакосту і ніводзін зь іх не пабудаваны за дзяржаўныя грошы? Яны збудаваныя за сродкі нашчадкаў загінулых і розных фондаў. Беларускі бок кажа, што дбае пра памяць. Лукашэнка быў на «Яме» тры разы, апошні раз у 2005 годзе. А ў краінах Балтыі пра генацыд габрэяў згадваюць штогод, дэпутаты парлямэнту надзяваюць жоўтыя павязкі, прэзыдэнты выступаюць з прамовамі», — кажа гісторык.

Мэмарыял «Яма»

«Калі правы чалавека не абароненыя, то пра якую навуковую аб’ектыўнасьць можа ісьці гаворка?»

Леанід Сьмілавіцкі перакананы, што ўлады Беларусі выкарыстоўваюць гісторыю ІІ сусьветнай вайны для расправы над грамадзянскай супольнасьцю.

«Гэта і сымболіка, сьцягі, любая зачэпка, каб паказаць, што, маўляў, памагалі тады нацыстам, а нацысты нас забівалі, і зьвяртаюцца да Захаду: дык каму вы дапамагаеце? Але задушэньне грамадзянскай супольнасьці, тыя мэтады беззаконьня, наводзяць на зусім іншыя аналёгіі».

Закон аб генацыдзе, як лічыць гісторык, зроблены для ўнутранага спажываньня, паколькі, на яго думку, «ніхто і так не паверыць людзям, якія чорнае называюць белым і наадварот».

Леанід Сьмілавіцкі перакананы, што калі навука і палітыка сустракаюцца, то атрымліваецца прапаганда. Ён лічыць, што навука ня можа служыць ізраільцянам, габрэям або беларусам. Ёсьць або навука, або нешта іншае. Паводле яго, тыя, хто сёньня кіруюць беларускай навукай, атрымалі спэцыяльнае заданьне ад кіраўніцтва краіны перапісваць гісторыю. «Але гэта нікога не пераконвае», — канстатуе Сьмілавіцкі.

«Калі правы чалавека не абароненыя, то пра якую навуковую аб’ектыўнасьць можа ісьці гаворка? У мяне такое ўражаньне, што кіраўніцтва Беларусі шукае аргумэнты і ня можа іх знайсьці. Глядзіць у люстэрка і не жадае бачыць свой адбітак. Але такога не бывае. Ты абавязкова ўбачыш там свой адбітак. Гэты закон накіраваны і супраць Нямеччыны, маўляў, вы нас забівалі, зьнішчалі, а цяпер вучыце нас жыць і падтрымліваеце ворагаў, якія падрываюць нашу дзяржаўнасьць. Але беларуская дзяржаўнасьць «заточаная» пад аднаго чалавека, і мы ведаем, пад каго. А што тычыць ахвяраў... Так, сапраўды, забілі і спалілі масу людзей, але ніхто гэтага не адмаўляе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(32)