Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

Тэрмін арышту Андрэя Клімава працягнулі яшчэ на тры месяцы

Пра гэта апазыцыянэр паведаміў у лісьце зь менскага турэмнага шпіталю, куды ён трапіў са сьледчага ізалятару пасьля сардэчнага прыступу. Навіну пра падаўжэньне тэрміну паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца прэсавай службы Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальля Валакіда, якая спаслалася на ліст палітыка да аднадумцаў.

«Ён напісаў у лісьце, што яшчэ на тры месяцы працягнуты тэрмін. Напісаў, што для яго гэта стала нечаканасьцю. Яшчэ пра здароўе піша, што пагоршылася, што 21 траўня перажыў сардэчны прыступ.

Піша, што ў шпіталі проста адпачывае, бо ў камэры на чатыры ложкі было шэсьць чалавек і ўсе палілі, акрамя яго. І дым таксама вельмі шкодзіў здароўю. Там ён задыхаўся. А цяпер піша, што можа выспацца і пагуляць у дворыку, падыхаць сьвежым паветрам”.

Чаму працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай, Андрэй Клімаў не паведамляе. У гарадзкой пракуратуры Менску гэтых зьвестак не камэнтуюць.

Нагадаем, Андрэй Клімаў быў затрыманы 3 красавіка. Яго падазраюць у закліках скінуць уладу, якія ён нібыта распаўсюдзіў праз інтэрнэт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)