Сёння кіраўніцтва БПЦ — цалкам лаяльнае да дзеючых уладаў і лічыць, што нічога страшнага не адбываецца.
Тэолаг Наталля Васілевіч: «Ва ўладаў няма чырвоных ліній, могуць пасадзіць, нават біскупа, і няма хваляванняў, што скажа на гэты конт грамадства»
Чаму царква маўчыць, калі святароў кідаюць за краты.
Палітзняволены святар Уладзіслаў Багамольнікаў, які адбыў сем арыштаў запар і правёў на Акрэсціна больш як 100 содняў, стаў фігурантам крымінальнай справы — яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Раней святару Сяргею Разановічу і ягонай сям’і прысудзілі па «справе Аўтуховіча» ад 15 да 19 год калоніі.
І гэта без уліку тых, вельмі шматлікіх, святароў і вернікаў розных канфесій, хто быў арыштаваны, атрымліваў «суткі», вымушана з’ехаў з Беларусі.
На гэтым тле заявы прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, у прыватнасці, пратаіерэя Фёдара Поўнага — барацьба з «чужынскімі» дзіцячымі цацкамі, прапановы рэфармаваць школьную адукацыю, каб трансляваць дзецям «правільныя каштоўнасці», і стварыць у Беларусі новую навуку, якая «ўзвышала» б дзяржаву і народ, — выглядаюць, мякка кажучы, дзіўна.
Чаму БПЦ яскрава маўчыць, калі святары трапляюць пад рэпрэсіі і ціск з боку ўладаў, што адбываецца ў краіне з царквой і верай і ці ператворыцца факультатыў па асновах духоўнасці ў новы школьны прадмет? Гэтыя і іншыя пытанні Филин абмеркаваў з багасловам, палітолагам і юрысткай Наталляй Васілевіч.
— БПЦ цікавіцца падрастаючым пакаленнем, навукай, чым заўгодна, але не рэагуе на арышты і пераслед святароў — чым гэта можна патлумачыць?
— Насамрэч да падрастаючага пакалення царква асаблівай цікавасці не праяўляе. Адукацыя ў школах — гэта не сістэматычная праца, накіраваная на фармаванне асобы, якая можа ннавучыць адрозніваць дабро ад зла, такой працы БПЦ не вядзе, альбо вядзе кропкава, у асобных прыходах.
Што датычыць адсутнасці публічных заяваў пра пераслед, то перш хачу вярнуццада гісторыі 2020 года, калі ў Беларускай царкве знайшліся біскупы і святары, якія выступілі супраць гвалту, супраць фальсіфікацый. На жаль, усе гэтыя выступы скончыліся наступам на царкву, фактычна кіраўніцтва царквы было змененае, а хто нейкім чынам выказваўся, тым пагражалі.
У царкве ёсць тры пазіцыі: адныя стаяць цалкам на баку ўладаў і лічаць, што тыя, кого рэпрэсуюць, самі вінаватыя, бо выступаюць супраць улады і з’яўляюцца «дэструктыўнымі элементамі», якіх трэба перавыхоўваць сілай дзяржапарату, тым мячом, які начальнік пры сабе носіць.
Яшчэ адна пазіцыя, гэта пазіцыя ігнаравання, заплюшчванне вачэй на пакуты людзей, на вайну, на ўціск, на несправядлівасць, выбар жыць сваімі ўласнымі праблемамі, сваім уласным духоўным жыццём — як у прытчы пра добрага самараніна мінакі — святар і законнік - абмінулі збітага вандроўніка, які ляжаў на дарозе абрабаваны, бо гэта «не іх справа».
Ну і вядома, натуральны інстынкт самазахавання — страх тых людзей, у каго ёсць сумленне і хто бачыць, што адбываецца, адчувае ўсю трагічнасць сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, але ўзровень рэпрэсій настолькі вялікі, што дзейнічаць публічна — гэта гарантавана патрапіць пад «асфальтаўкладчык».
Таму гэтыя апошнія дзейнічаюць там, дзе яшчэ застаюцца магчымасці для дзеяння, схавана, непублічна, і ўсё роўна рызыкуюць, проста не «нарываюцца» адкрыта.
— Тады, у 2020-м, мы бачылі, як пасля пэўных дзеянняў, перамоў і заступніцтва вышэйшых дзеячаў царквы, напрыклад, гісторыя з Тадэвушам Кандрусевічам скончылася адносна добра. Цяпер — ці можа хто-небудзь зрабіць штосьці падобнае для айца Уладзіслава Багамольнікава, іншых палітзняволеных святароў і вернікаў?
— Зараз у нас ужо амаль дзве тысячы палітвязняў, і дзясяткі тысяч беларусаў з 2020 года прайшлі праз здзекі і катаванне на Акрэсціна і ў іншых падобных месцах, несправядлівыя арышты, брутальныя затрыманні.
На жаль, у беларускім грамадстве няма цяпер сілы, якая магла б супыніць гэты гвалт і беззаконне. У тым ліку і царква не з’яўляецца такой сілай, у якой было б дастаткова ўнутранага рэсурсу, уплыву на дзяржаву, смеласці і адвагі для таго, каб гэта зрабіць. Грамадзянская супольнасць цяпер разгромленая.
Цэрквы ў Беларусі знаходзяцца ў такім жа стане, як і ўсё астатняе грамадства: яны вымушаныя сядзець цішком, падпарадкоўвацца загадам, быць пад пастаянным кантролем, а рабіць штосьці могуць толькі партызанскімі метадамі, прыхавана.
Уладзіслаў Багамольнікаў — гэта ж таксама царква. Нават не «таксама», а цяпер — ён і ёсць галоўны твар беларускай царквы, царквы, якая пакутуе з людзьмі.
Ён заставаўся сумленным чалавекам, пры гэтым не рабіў ніякіх публічных заяваў, не выступаў у СМI, у яго нават фотаздымка якаснага няма, каб ілюстраваць яго гісторыю.
Але ён усё роўна, сваімі маленькімі справамі, у сваім маленькім полі, на сваёй дзялянцы, аказаўся «небяспечным» для ўлады, настолькі, што ўладзе спатрэбілася закрыць яго ў турме, каб з ім не было ніякай сувязі і каб яго самога маральна зламаць і пакараць пакутамі і невыноснымі ўмовамі.
Цяпер уся грамадзянская супольнасць, усё грамадства заціснута, знаходзіцца пад прэсам, сёння няма таго нават нейтральнага поля ўнутры Беларусі, дзе больш ці менш бяспечна было б выступіць у абарону іншых, каб самім не апынуцца за кратамі.
Але нават маленькія, незаўважныя публічна дзеянні таксама маюць значэнне — і ўлады баяцца іх, лічаць небяспечнымі для сябе.
— Таму перыядычна становіцца вядома пра новыя затрыманні святароў, ці пра адхіленне кагосьці з іх ад працы за антываенныя пропаведзі… Ці можна казаць пра крызіс царквы і, магчыма, нават крызіс веры ў Беларусі?
— Я не думаю так. Сам факт таго, што святароў саджаюць, і вернікаў саджаюць — мы як група «Хрысціянская візія» вядзем маніторынг, і бачым, што вельмі вялікая колькасць вернікаў за кратамі, — гэта значыць, што яны не маўчаць і не падпарадкаваліся несправядлівасці і гвалту.
Прынамсі самі ўлады чуюць іхні голас, чуе, што ёсць пратэст, не абавязкова палітычны, а пратэст хрысціянскага сумлення — і гэта на яе балюча дзейнічае. Бо калі б уладзе было проста ўсё роўна, яна б не кідала гэтых людзей за краты.
З аднаго боку, згаджаецца Наталля Васілевіч, публічная пазіцыя беларускіх цэркваў, і праваслаўнай, і каталіцкай, не гучыць так моцна, як гучала ў 2020-м — але ва ўмовах рэпрэсій асобныя людзі і суполкі ўсё адно стараюцца штосьці рабіць, каб дапамагчы тым, каго пераследуюць, сказаць словы суцяшэння, падтрымкі і праўды:
— Проста гэта не атрымліваецца сказаць гучна, мы нібыта сядзім у забетанаваным мяху і наш голас, як сігнал wi-fi, не прабіваецца праз сутарэнні на волю. І гэты голас ледзь чутны, бо вялікія пагрозы і рызыкі пераследу.
— Штосьці ўсё ж атрымліваецца рабіць справамі — напрыклад, паказальным падаецца ўчынак Уладзіслава Завальнюка, які ўладкаваўся дворнікам, каб усё адно быць паблізу Чырвонага касцёла, нават калі там нельга праводзіць службы.
— Так, гэта знакавая гісторыя. Ён малайчына, што знайшоў пэўны, няхай і такі экстравагантны, спосаб засведчыць сваю незадаволенасць, некалькі дзён працаваў дворнікам і прыцягнуў медыйнуюўвагу і ўвагу грамадскасці да касцёла і сітуацыі. Але ж у выніку ўлады каталіцкай царквы прызначылі дадатковага адміністратара ў парафію, які і павінен весці перамовы з уладамі — то-бок, ксяндза Завальнюка адхілілі ад дыялогу наконт Чырвонага касцёлу.
Цяперашняму царкоўнаму кіраўніцтву таксама прасцей працаваць з прадказальнымі людзьмі, якія не будуць выкідваць нейкія экстравагантныя рэчы, якія могуць раз’юшыць улады, бо будуць інтэрпрэтаваныя як пратэст.
У нейкім сэнсе, царкоўныя ўлады таксама можна зразумець: у сітуацыі падвышанага ціску вельмі цяжка ісці на дадатковыя канфлікты з уладамі. Цяпер у гэтым супрацьстаянні — ва ўладаў ГУБАЗіКі, яны паказваюць, што няма чырвоных ліній і што любога могуць пасадзіць, нават біскупа, і няма хваляванняў, што скажа на гэты конт грамадства.
Хто мог падумаць пэўны час таму, што адабранне Чырвонага касцёлу наогул можа адбыцца? Але ж адбылося. Улады працягваюць наступаць на грамадскасць і спрабуюць знайсці той націск, які дазволіць ім максімальна кантраляваць сітуацыю, і кожны крок у адказ з боку цэркваў робіцца яшчэ больш цяжкім, бо поле для дзейнасці скарачаецца, застаецца літаральна маленькі лапік прасторы, заціснутай з усіх бакоў. І паўплываць на сітуацыю не атрымліваецца ані ў дэмакратычных сілаў, ані ў заходніх палітыкаў шляхам нейкіх перамоў, прастора застаецца кантраляванай рэжымам — не толькі Лукашэнкі, але і расейскім.
— Але ж ёсць і адваротныя прыклады — супрацоўніцтва царквы з уладамі. Другі год запар у беларускіх школах існуе факультатыў пра духоўнасць і патрыятызм, нават вядуцца размовы пра рэформы ў адукацыі, каб дадаць у яе рэлігійны складнік і праводзіць «правільныя каштоўнасці». На ваш погляд, што з гэтага атрымаецца?
— Дыскусіі на гэты конт вядуцца ўжо дваццаць гадоў, але вялікіх зрухаў не адбываецца. Калісьці быў такі Анатоль Рубінаў у адміністрацыі Лукашэнкі, які ў 2006-м, калі не памыляюся, у газеце «Советская Белоруссия» выступіў з праграмным артыкулам: што дзяржава і рэлігія — канкурэнты, і чым большы ўплыў мае рэлігія ў грамадстве, тым меншы ўплыў дзяржінстытутаў.
А царква да таго ж паказала, што можа доўга маўчаць, нібы не мае голасу, як рабіла гэта да 2020 года — а потым у нейкі момант спрацоўвае трыгер і высвятляецца, што ў многіх бацюшак прыхаваныя бел-чырвона-белыя сцягі ляжалі адпрасаванымі, і вось ужо яны разам з вернікамі спяваюць на вуліцах «Магутны Божа».
У прынцыпе, гэтыя людзі — яны ж непадкантрольныя дзяржаве; ты не можаш паставіць бацюшку выкладаць, а да яго яшчэ дадаткова ідэолага прыставіць, каб той слухаў, што той бацюшка гаворыць.
Таму пускаць нейкіх «левых» людзей і ў школы, і ў любыя іншыя месцы ўлада лічыць небяспечным. Думаю, у асобных месцах такія факультатывы будуць працягвацца, але сістэмнага характару гэта не набудзе, бо дзяржава не давярае царкве, як і нікому ў грамадстве.
Читайте еще
Избранное