Общество
Валер Каліноўскі, «Радыё Свабода»

Тая ж турма. Толькі дома

Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў памянялі камэры СІЗА КДБ на хатні арышт. Пра ўмовы іх утрыманьня Свабодзе распавялі блізкія родзічы вязьняў.

Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп, расказала Свабодзе, што яе дачка вярнулася ў сваю кватэру. А з ёй прыйшлі два супрацоўнікі КДБ. Ірыне дазволена сустракацца і размаўляць толькі са мною, бацькам Уладзімерам Трафімавічам і сынам Данікам. Ірына вельмі радая, што пабачыла сына. Але ёй забаронена размаўляць па тэлефоне, чытаць газэты, выходзіць у інтэрнэт. Нават забаранілі сустракацца з маці мужа Андрэя Саньнікава. Зразумела, што яна хоча быць з дзіцёнкам, таму яна будзе выконваць усе гэтыя прадпісаньні.

"Выглядае яна добра, прыгожая. Казала, што умовы ўтрыманьня былі нармальныя. Але атрымала толькі 2 лісты ад нас, хаця мы пісалі дзясяткі", - кажа Люцына Бяльзацкая.

Жонка Ўладзімера Някляева Вольга, распавяла, што яе муж знаходзіцца таксама ў падобнай сытуацыі. Забаронена, чытаць газэты, выходзіць у інтэрнэт, сустракацца і размаўляць па тэлефоне з сябрамі. Ён дома, а суседнім пакоі ўвесь час знаходзяцца 2 супрацоўнікі КДБ, якія мяняюцца. Папярэдне кватэру праверылі на наяўнасьць кампутара, а таксама балькон, каб не змог зьбегчы.

"Для мяне вельмі важна, што я магу быць побач зь ім, клапаціцца пра яго, бо ў яго сапраўды былі праблемы са здароўем. Падвышаўся ціск. Апрача таго яны там ў СІЗА ўсе грыпам перахварэлі. Выявілася, што ён не атрымаў ніводнага майго ліста і лісты ад яго мне фільтравалі. Але перадачы збольшага ён атрымліваў."

Вольга Някляева паведаміла таксама, што мужу забаронена сустракацца ні з кім акрамя яе і адваката.

"Тая ж турма толькі дома. Нас папярэдзілі, што ў выпадку парушэньня правілаў адразу накіруюць ў СІЗА. Самае галоўнае, што турбуе Ўладзімера, што нязьнятыя абвінавачваньні ні з яго, ні зь іншых арыштаваных па гэтай справе. Тое, што іншыя застаюцца ў СІЗА. У тым ліку хворы на цукровы дыябэт Аляксандар Фядута."

А 12 гадзіне да вокнаў кватэры Ўладзімера Някляева зьбіраюцца падыйсьці яго паплечнікі, каб павітаць яго. Пагутарыць яны зь ім не змогуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)