Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе
Вярхоўны суд на пазоў Міністэрства юстыцыі зьліквідаваў Таварыства беларускай школы (ТБШ). У незалежнай Беларусі арганізацыя мела легальны статус апошнія чвэрць стагодзьдзя і сёлета магла адзначыць 100-гадовы юбілей сваёй дзейнасьці, піша Радыё Свабода.
Сярод прэтэнзій Міністэрства юстыцыі — нібыта несапраўдны юрыдычны адрас, бо вярталася карэспандэнцыя, а таксама тое, што не апублікавалі справаздачу дзейнасьці за неабходны прамежак часу.
Гэта ўжо другая афіцыйная забарона ў гісторыі аб’яднаньня. Роўна 85 гадоў таму адпаведнае распараджэньне выдала польская адміністрацыя, а якраз у «Дзень народнага адзінства» тое самае зрабіла ўласная дзяржава.
Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч на «расправу» адрэагавала па-філязофску.
«Давайце лічыць гэта прызнаньнем. Значыць, нашы настаўнікі рабілі ўсё правільна. Аб'ектыўна кажучы, і так шмат пасьпелі за гэтыя 25 гадоў. Таму будзем лічыць, што гэта чарговы перапынак на таталітарызм, з трэцяга разу дакладна ўсё атрымаецца», — перакананая яна.
Беларускім словам — па прымусовай палянізацыі
Датай заснаваньня Таварыства беларускай школы лічыцца 22 лютага 1921 году, калі Цэнтральная школьная рада ў Вільні прыняла адпаведную пастанову дзеля актывізацыі працы на месцах. Галоўны напрамак палягаў у «разьвіцьці беларускай асьветы».
Згодна са статутам, ТБШ мела права адкрываць і ўтрымліваць народныя школы, праводзіць курсы для непісьменных дарослых, утрымліваць настаўніцкія сэмінарыі, аказваць вучэбна-мэтадычную і грашовую дапамогу.
Выкладчыкі і дзеці гімназіі імя Францішка Скарыны ў Радашкавічах, сярэдзіна 1920-х
Новая ініцыятыва заявіла пра сябе надзвычай актыўна: адкрывала народныя дамы зь бібліятэкамі, наладжвала працу гурткоў творчай самадзейнасьці, удзельнічала ў падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасьць — балазе ў Вільні запрацавала сваё выдавецтва.
Першую суполку ў цяперашніх межах Беларусі заснаваў 7 сьнежня 1921 году ў Радашкавічах мовазнаўца, будучы акадэмік Браніслаў Тарашкевіч. Некалькімі гадамі раней ён выдаў «Беларускую граматыку для школ», якая адыграла выключную ролю ў станаўленьні літаратурнай мовы і вытрымала некалькі перавыданьняў. Яшчэ адной знакавай фігурай у супольнай справе стаў Аляксандар Уласаў, выдавец-рэдактар «Нашай Нівы», гаспадар суседняга маёнтку Мігаўка. Пасьля ўваходжаньня ў верасьні 1939-га Заходняй Беларусі да БССР лёс абодвух склаўся трагічна.
Мовазнаўца і грамадзкі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч
Сьледам за далучэньнем Віленскага краю да Польшчы пачаўся наступ на беларускую асьвету. Працяглы час моўным рупліўцам удавалася адбіваць атакі прымусовай палянізацыі, пашыраючы свой уплыў па ўсёй Заходняй Беларусі.
У немалой ступені гэтаму спрыяла тое, што пасьля выбараў у Сэйм у лістападзе 1922 году паўстала ўплывовая фракцыя «Беларускі пасольскі клюб», чальцамі якой сталі актыўныя сябры ТБШ Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў, Пятро Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павал Валошын ды іншыя. Такім чынам, беларускае навучаньне займела парлямэнцкую падтрымку.
Спыніць беларусізацыю — вырашыць праблему
У красавіку 1923 году адбыўся зьезд пэдагогаў беларускіх гімназій, які прыняў рэзалюцыю: мэта нацыянальнай школы — выхаваньне праўдзівага інтэлігента. На акупаваных землях пашыралася думка, што толькі школа на роднай мове забясьпечыць неўміручасьць народу. Як вынік, да вясны 1925-га Цэнтральная школьная рада зарэгістравала 6524 дэклярацыі аб навучаньні па-беларуску 10 тысяч дзяцей.
Польскі ўрад паспрабаваў перахапіць ініцыятыву, прыняўшы «Закон аб мове і арганізацыі школьнай справы». Фармальна дакумэнт павінен быў палепшыць становішча нацыянальных меншасьцяў, аднак Браніслаў Тарашкевіч ахарактарызаваў яго катэгарычна: «Фікцыя дзеля заспакаеньня эўрапейскай грамадзкасьці і пад ціскам Лігі Нацый».
Беларускі пасольскі клюб. Сядзяць (зьлева направа) у 1-м шэрагу: Антон Аўсянік, Фабіян Ярэміч, Павал Валошын; у 2-м шэрагу: Вячаслаў Багдановіч, Міхаіл Кахановіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксей Назарэўскі, Аляксандар Уласаў. Стаяць: Васіль Рагуля, Сымон Якавюк, Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла, 1923 год
У верасьні 1926 году адбыліся выбары Галоўнай управы ТБШ. У яе склад увайшлі ўжо згаданыя Браніслаў Тарашкевіч, Пятро Мятла, часты госьць Мігаўкі, вядомы фальклярыст і грамадзкі дзеяч Рыгор Шырма, а за старшыню абралі Радаслава Астроўскага.
Таварыства аказвала дапамогу Віленскай, Клецкай, Наваградзкай, Радашкавіцкай ды іншым гімназіям і пачатковым школам, а таксама накіроўвала моладзь (часта нелегальна) на вучобу за мяжу, у тым ліку ў БССР. Да 1930 году ў структуры ТБШ працавалі ўжо 483 гурткі, якія аб’ядноўвалі больш за 15 тысяч чалавек.
Аляксандар Уласаў (зьверху) ў кампаніі выпускнікоў Радашкавіцкай гімназіі
Наіўна было разьлічваць, што польская адміністрацыя заплюшчыць вочы на рост нацыянальнай сьвядомасьці і ўсё мацнейшую палітызацыю арганізацыі. Выхад з-пад кантролю чакана прывёў да маштабных рэпрэсій з арыштамі і працяглымі тэрмінамі зьняволеньня.
Нэўтралізацыя чальцоў Галоўнай управы стала пунктам невяртаньня. Спынілі існаваньне шэраг пачатковых школак, а сьледам і беларускія гімназіі ў Радашкавічах (1929), Клецку (1931), Наваградку (1934). Канчатковым ударам па пазыцыях арганізацыі стала яе афіцыйная забарона 2 сьнежня 1936 году. Апошнім кіраўніком ТБШ пад Польшчаю аказаўся Рыгор Шырма.
Расейскі дыктат — бонус да «вызвольнай місіі»
У выніку «вызвольнай місіі» Чырвонай арміі і далучэньня Заходняй Беларусі да БССР здарылася іншая навала. Пакуль Масква была заклапочаная вынішчэньнем сьлядоў «панскай Польшчы», пачатковая і сярэдняя школа заставаліся беларускамоўнымі. Але затым гісторыя паўтарылася, толькі гэтым разам ужо з расейскім дыктатам.
Найбольш актыўных чальцоў нацыянальнага руху, як Браніслава Тарашкевіча і Аляксандра Ўласава, ліквідавалі фізычна. Па вайне падхапіць эстафэту Таварыства беларускай школы ўжо не было каму, хоць сытуацыя горшала на вачах.
Аляксандар Уласаў зь сям'ёй у Мігаўцы
Родную мову паступова выкаранялі з усіх сфэраў ужытку, асьвета пайшла пад нож ці ня першай. Спачатку ў вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, а да канца 1970-х ад яе пазбавіліся ў гарадах, пакінуўшы моўныя выспы толькі ў вясковых школах.
Адрадзілася Таварыства беларускай школы праз доўгія 60 гадоў, ужо за часамі дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь. Праўда, лякальныя спробы былі і раней, разам з уздымам нацыянальнага руху ў 1980-я. Адной зь першых грамадзкіх акцыяў «Беларускай Майстроўні» стала вяртаньне да тактыкі ТБШ: у Менску зь ініцыятывы Віктара Івашкевіча маладыя актывісты пайшлі ад дзьвярэй да дзьвярэй, каб сабраць подпісы за беларускамоўнае навучаньне.
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алесь Лозка
На хвалі нацыянальнага абуджэньня на пачатку 1990-х за рэанімацыю ТБШ узяўся этнограф, кандыдат філялягічных навук Алесь Лозка. Статус адзінай дзяржаўнай мовы абяцаў шырокі фронт дзейнасьці. Але ганебны рэфэрэндум 1995-га з узаконеным «двуязычием» перакрэсьліў спадзевы на шырокую беларусізацыю.
Тым ня меней 22 сакавіка 1996-га Ўстаноўчая асамблея арганізацыі прыняла Статут, а 30 жніўня таго ж году Міністэрства юстыцыі выдала старшыні ТБШ Алесю Лозку дзяржаўнае пасьведчаньне аб рэгістрацыі № 0760. Праўда, давялося скарэктаваць пляны і ўжо ня столькі спрыяць працы беларускіх школаў, садкоў, летнікаў, як дэкляравала першапачатковая місія, колькі бараніць іх.
Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактарка сайту Nastaunik.info Тамара Мацкевіч
У наступныя гады адбываліся плянавыя перарэгістрацыі, пакуль напярэдадні 100-гадовага юбілею арганізацыя разам зь іншымі грамадзкімі ініцыятывамі не патрапіла пад татальную зачыстку з боку дзейнага рэжыму.
Не абмінула хваля ператрусаў і лідэра арганізацыі Алеся Лозку, і ягоную намесьніцу Тамару Мацкевіч. Дыскрымінацыя ўсяго беларускага выйшла на фінішную прамую...
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное