Экономика
Наста Ігнатовіч, Еўрарадыё

Тарыфы даражэюць, а за камунальныя паслугі мы вінныя ўсё больш

Сёлета тарыфы падаражэлі адразу на 10 долараў, а чыноўнікі запэўніваюць, што мы аплачваем усяго 31% камунальных выдаткаў (год таму было 32,5%). У наступным годзе, паводле слоў віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, квартплату могуць павялічыць яшчэ на 20 долараў. Гэтак неўзабаве нам скажуць, што за камуналку мы плацім яшчэ менш?

Чаму чым больш даражэюць тарыфы ЖКХ, тым менш камунальных выдаткаў мы аплачваем?

Віцэ-прэм’ер спасылаецца на істотнае падаражэнне энергарэсурсаў. Але тут лічбы не сходзяцца. Бо за ацяпленне мы сёння плацім ажно 103%. Электраэнергію краіна набывае ў Расіі амаль у два разы танней, чым прадае сваім жыхарам (спасылка). Тое ж — з коштам на газ: краіна пакупае яго па 119-128 долараў за кубаметр, а нам прадае па 214 долараў.

На кошты энергарэсурсаў скардзяцца Еўрарадыё ў планава эканамічным аддзеле “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі”:

“Па ліфтах, напрыклад, у нас узрасла сілавая электраэнергія. Мы плацім Мінэнерга за карыстанне ліфтамі ужо большую суму — на 20% больш. Атрымоўваецца выдаткі ўзраслі, а тарыфы засталіся такімі ж...”.

Паводле дадзеных Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі сёлета насельніцтва пакрывае 34,5% выдаткаў за тэхабслугоўванне, палову выдаткаў за вываз і абясшкоджванне смецця, аплачвае ўсяго трэць (32,5%) рэальнага кошта за карыстанне ліфтамі і 43% за ваду-каналізацыю.

Але нават калі мы будзем улічваць самае стратнае (34,5%, 50%, 43% ды 32,5% аплачаных выдаткаў), выніковая лічба ў 31% — ну ніяк не выходзіць.

“Недзе 2-3 гады таму Адміністрацыя прэзідэнта спрабавала праверыць, як ідзе фарміраванне гэтых тарыфаў, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. — Яны паглядзелі, што міністэрства эканомікі дэкларуе 55%, а на самой справе насельніцтва пакрывае 75% тарыфаў ЖКХ. Я думаю, што калі добра падлічыць, то сёння гэта лічба будзе не 31, а дзесьці 55-60%”.

Другую прычыну эканаміст бачыць у штучным павелічэнні выдаткаў самімі камунальшчыкамі:

“Прадпрыемствы атрымліваюць датацыі з бюджэту, яны штучна павялічваюць выдаткі”.

Такім чынам, каб атрымаць датацыі з бюджэту, камунальшчыкі могуць наўмысна паказваць стратнасць і падвышаць сабекошт. Пра нешта падобнае разважае і супрацоўніца “Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі”:

“На тэхабслугоўванне ў нас былі мізэрныя паступленні з бюджэту, таму мы ўжымаліся з выдаткамі. Цяпер ужо трошку дадалі. У нас ідуць выдаткі на падрыхтоўку да зімы, канешне, гэта і бягучы рамонт, і рамонт інжынернага абсталявання. За другі ды трэці квартал выдаткі вышэй, бо ідзе поўным ходам падрыхтоўка да зімы...”.

Аднак адкуль узялася гэтая выніковая лічба (31% аплаты камунальных паслуг беларусамі) застаецца загадкай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)