Тарыф у мінскім таксі зменшыцца да 3000 рублёў за кіламетр?

Пяць службаў гатовыя аб’яднаць высілкі для барацьбы з дэмпінгуючым «Алмазам».

Рынак таксі ў Мінску стаіць на мяжы глабальных пераўтварэнняў. Як паведаміў «Нашай Ніве» адзін з кіроўцаў службы 152, з пачатку чэрвеня ў большасці таксі сталіцы будзе ўведзены «адзіны» тарыф — 3000 рублёў за кіламетр. Дамову аб каардынацыі дзеянняў заключылі службы таксі 107, 135, 152, 155 і 158.

Цяпер кошт праезду ў іх складае 3300–3600 рублёў. Афіцыйных каментароў на гэты конт у службах таксі пакуль няма.

Па словах нашага чытача, кіраўніцтва службаў таксі нібыта гатовае зменшыць тарыфы да ўзроўню аднаго з найбуйнейшых ігракоў, таксі «Алмаз» (7788). Па меркаванні іншых удзельнікаў рынку, гэтае таксі з тарыфам 3100 рублёў дэмпінгуе, працуючы фактычна ў страту, каб знішчыць канкурэнтаў.

«Алмаз» — не адзіны перавозчык з нізкімі тарыфамі. Напрыклад, таксі 181 заяўляе тарыф 2500 рублёў, а «Таксі Удача» (7337) на днях увяло ноў-хаў — дыферэнцыяваны кошт праезду. У пятніцу і выходныя кошт праезду будзе складаць 3000 рублёў за кіламетр, а ў астатнія дні — 2000 рублёў.

За кошт нізкага тарыфу гэтыя таксі прыцягваюць больш пасажыраў, праўда, спрабуюць кампенсаваць прыбытак іншымі плацяжамі. Напрыклад, у «Таксі Удача» першыя 5 км дарогі па буднях каштуюць 30 тысяч рублёў, і толькі пасля ўключаецца тарыф 2000 рублёў за кіламетр. Фактычна пасажыр плаціць як мінімум на 20 тысяч рублёў больш, чым вынікала б з «чыстага» тарыфу.

Дырэктар службы таксі 107 Ігар Верхавец раней называў спробы дэмпінгу ад канкурэнтаў паўкрымінальнымі. «У савецкія часы тарыф на таксі параўноўвалі з чатырохкратным коштам праезду ў грамадскім транспарце або з коштам аднаго літра паліва, — мяркуе ён. — Цяпер максімальны тарыф складае 3600 рублёў за кіламетр. Гэта звязана з канкурэнтнай барацьбой, але пры гэтым церпіць якасць паслугаў. Заяўляюцца тарыфы і ў 2500 рублёў. Я лічу, што гэта ідзе нейкая паўкрымінальная дзейнасць, гэта сыход ад падаткаў».

Таксісты пакуль вырашаюць, ці змірыцца з прапанаваным ім змяншэннем тарыфаў, ці байкатаваць прынятае рашэнне і пратэставаць супраць яго прымянення. «Нам далі зразумець, што калі ў адказ на нашае паніжэнне „Алмаз“ знізіць тарыф да 2500 рублёў, усе службы таксама пяройдуць на гэты ўзровень, — кажа кіроўца службы 152. — А гэта будзе фактычна разарэнне для таксістаў. Што казаць, калі нават у абласных цэнтрах тарыфы большыя, чым у Мінску. У дадатак абаненцкая плата на "Алмазе" ўдвая меншая, чым у астатніх службах. І якраз-такі гэты плацёж кіраўніцтва службаў змяншаць не збіраецца.».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)