Общество

Анастасія Зелянкова

Тарас: «Будучыня наша імглістая»

Пісьменнік і гісторык Анатоль Тарас патлумачыў, чым павінны займацца інтэлігенты ў краіне, дзе іх ніхто не паважае. Пра гэта і ягоная новая кніга.  

Яшчэ нядаўна Анатоль Тарас абвясціў, што зачыняе ўсе свае беларускія праекты, якія «не прыносяць ні славы, ні грошай, ні проста ўдзячнасці», але так і не стрымаў слова.

— Адразу ж пасля гэтага на мяне пасыпаліся прапановы, і стала зразумела, што людзям беларуская тэма неабыякавая і патрэбная, а значыць, я яшчэ магу шмат карыснага зрабіць на гэтай ніве, — адзначае пісьменнік. — Мяне пазвалі праводзіць лекцыі па гісторыі ў «Адкрыты лекторый», запрасілі весці перадачу «Дата-генератар» на Еўрарадыё, выдаваць гістарычны альманах.

Адначасова знайшоўся і спонсар для новай кнігі «Сейбіты беларушчыны». Гэты зборнік склалі 13 эсэ пра выбітных дзеячаў беларускай культуры, якія працавалі ў ХХ стагоддзі.

— Гэта кніга — адказ на тое, чым павінна займацца інтэлігенцыя, — адзначыў пісьменнік падчас прэзентацыі. — Бальшавікі ставілі мэтай стварыць новага чалавека — савецкага. І ім удалося. Святлана Алексіевіч называе гэтага чалавека «чырвоны чалавек». І ён дагэтуль жывы, нават пасля таго, як нам звалілася на галаву, як той мех бульбы, незалежнасць. У такіх абставінах будучыня наша імглістая. Калі з аднаго боку Расійская імперыя, а з другога Польшча, лёс Беларусі вельмі нявызначаны. І ў гэтай сітуацыі менавіта інтэлігенцыя можа выратаваць краіну ад поўнага знішчэння.

Анатоль Тарас прызнаецца, што сёння да інтэлігенцыі ў краіне ставяцца не вельмі прыязна:

— Хто сёння паважае інтэлігентаў? Ніхто! Ні ўлада, ні простае насельніцтва. Для людзей, якія прывыклі толькі спажываць, інтэлігенты – гэта нейкія дзівакі, якія вяшчаюць пра незразумелыя рэчы — незалежнасць, свабоду, мову — а самі не маюць нічога —  нi грошай, ні ўлады. Але ж нават у такіх умовах інтэлігенцыя павінна рабіць сваю справу. Яны павінны будаваць віртуальную дзяржаву. Наш сімвал— гэта купалы Сафіі ў Полацку. Іх, які і нашу краіну, дашчэнту разбуралі, а потым на гэтым жа самым месцы з тых жа самых камянёў будавалі новы храм.

Менавіта пра такіх людзей і кніга Анатоля Тараса «Сейбіты беларушчыны». Сярод яе герояў — Ігнат Канчэўскі, Вацлаў Ластоўскі, Янка Купала і іншыя.

— Ідэі філосафа Ігната Канчэўскага дагэтуль актуальныя. Ён даводзіць, што беларусы ні ўсходнікі, ні заходнікі, а памежнікі, і наш лёс пастаянна вагацца паміж гэтымі дзвюма цывілізацыямі. Так, беларусы вельмі добра засвоілі гэтую навуку выжывання, — адзначае гісторык. — Ці ўзяць гісторыка Язэпа Юхо. Ён яшчэ ў савецкія часы спакойна і ціха падкладаў міны пад афіцыйную гістарыяграфію, даводзячы, што наша дзяржава вядзе свой пачатак ад Полацкага княства, расказваючы пра ВКЛ. Ён даказаў, што не трэба плакаць, не трэба стагнаць ці крычаць на барыкадах, трэба проста рабіць сваю справу.     

Гэтым, на думку Анатоля Тараса, і павінны сёння займацца тыя, хто хоча, каб Беларусь жыла, — змяняць свядомасць людзей:

— Галоўнае тут не сцяг, не назва краіны ці нават мова. Галоўнае тое, што ў людзей у галаве. Бо не пашпарт вымушае чалавека змагацца за краіну і кідае яго пад кулі, а менавіта свядомасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(29)