Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«…Таму Лукашэнка і паехаў у Сочы, сядзіць у засадзе і чакае Пуціна»

Апошнім разам грунтоўная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна адбылася 15 сьнежня мінулага году. Пасьля гэтага кіраўнікі дзяржаў бачыліся падчас самітаў АДКБ і ЭАЭС у Маскве 21 сьнежня.

Дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, якая адбылася 18 студзеня, паведаміў, што ў лютым-сакавіку запланавана правядзеньне пасяджэньня Вышэйшага дзяржсавету гэтай структуры. Паводле кіраўніка Беларусі, яны дамовіліся з Пуціным правесьці гэту нараду ў Менску. То бок зусім хутка ў беларускую сталіцу прыедзе ўсё кіраўніцтва Расеі.

Пасьля гэтага паведамленьня падзеі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях пачалі разгортвацца імкліва. 28 студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Прычым прэс-служба Крамля адзначае, што ініцыятарам быў беларускі бок. Кіраўнікі дамовіліся сустрэцца бліжэйшым часам, каб «у закрытай і больш грунтоўнай гутарцы» абмеркаваць пытаньні двухбаковых адносін. На другі дзень, 29 студзеня, прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў тэрмінова ляціць у Санкт-Пецярбург, дзе сустракаецца з расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. І вось 31 студзеня Лукашэнка ўжо ў Сочы, павітаўся там з кіраўніком расейскага ўраду і будзе чакаць Пуціна ў засадзе.

Што здарылася, навошта так тэрмінова беларускаму лідэру спатрэбіліся новыя перамовы з прэзыдэнтам Расеі?

Мая гіпотэза не вылучаецца вялікай арыгінальнасьцю. Думаю, як звычайна, беларускаму кіраўніцтву тэрмінова спатрэбіліся грошы. Справа ў тым, што сёлета Беларусі трэба вярнуць 3,3 млрд даляраў вонкавага доўгу. Прычым 1,8 млрд даляраў трэба выплаціць у студзені-лютым. На 1 студзеня краіна мела 4,176 млрд даляраў золатавалютных рэзэрваў. Прычым рэальнай валюты, якой можна плаціць запазычанасьці, паводле ацэнак экспэртаў, дзесьці каля 2,2 млрд даляраў. То бок, выплаціўшы доўг, можна застацца без рэзэрваў. Таму тэрмінова трэба нешта вырашаць.

Яшчэ адна акалічнасьць. 26 студзеня адбылася важная нарада «аб актуальных пытаньнях разьвіцьця эканомікі». Паводле БЕЛТА, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што ўрад ставіць шэраг пытаньняў, якія патрабуюць прыняцьця рашэньняў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што абдумваў прапановы ўраду не адзін дзень і не адзін тыдзень. «І я не знаходжу магчымасьці і неабходнасьці мяняць курс (калі ў кагосьці ёсьць такія прапановы) у гэтай сытуацыі», — заявіў ён.

Можна выказаць здагадку, што абмяркоўвалася праграма ўраду для прадстаўленьня МВФ, каб атрымаць крэдыт. І, калі меркаваць па рэпліках Лукашэнкі, ён яе адрынуў. У зьвязку з гэтым — ці то перамовы з фондам увогуле перапыняюцца, ці то Менск рэзка падвысіў стаўкі і прапануе Захаду выдаць крэдыт выключна з палітычных прычын, бо ладзіць эканамічныя рэформы Беларусь адмаўляецца.

У любым выпадку пытаньне з крэдытам МВФ падвісае. І ўсе разьлікі беларускіх урадоўцаў, што ў першым квартале дамовімся з фондам і хутка атрымаем грошы, аказаліся марнымі.

А калі так, то адзіная надзея — на Расею. Таму Лукашэнка і паехаў у Сочы, сядзіць у засадзе і чакае Пуціна. Галоўнае пытаньне — выдзяленьне Беларусі крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця ў памеры 2 млрд даляраў.

Калі ж па гэтай праблеме дамовіцца ня ўдасца, то ёсьць і плян Б. Справа ў тым, што львіную долю доўгу трэба плаціць Расеі. Дык вось, можна дамовіцца, каб перанесьці выплату на іншы тэрмін, то бок рэструктураваць доўг.

Магчыма, гэтым і тлумачыцца тэрміновы адпачынак Лукашэнкі.

Таксама на гэтую тэму:

Сочи, лыжи, Лукашенко. Снова в ожидании Путина?

Как Лукашенко проблемы на курортах решает