Общество

Тамара Шевцова

Такінданг: «Адзін раз мы чулі, як сігналілі машыны «жы-ве-Бе-ла-русь», гэта вельмі падняла настрой»

Добрая кампанія — вельмі спрашчае знаходжанне на Акрэсціна.

Напярэдадні на свабоду пасля 15 сутак арышту выйшлі музыканты — Павел Аракелян, Андрусь Такінданг, Ігар Асідчанка і Леанід Паўлёнак. Кастусь Лісецкі падчас арышту захварэў і зараз знаходзіцца ў лякарні.

Усе яны былі затрыманы пасля дваравых канцэртаў у Мінску.

— Я не шкадую ні аб чым. Па-першае, мы дайгралі той канцэрт да канца. Там было вельмі душэўна. А ўчора мяне сустракалі людзі з таго двара з Каменнай горкі і гэта было вельмі прыемна. Яны нават нейкі мой малюнак у сябе на сцяне размясцілі,  — усміхаецца музыкант гурта «Рэха» Андрусь Такінданг.

Эрык Арлоў-Шымкус сустракае калегу

Ён распавеў «Салідарнасці» аб сваіх першых уражаннях на волі.

— Так апынулася, што ў пятніцу 6 лістапада я сустракаў з Акрэсціна кантрабасіста Эрыка Арлова-Шымкуса, а пасля сам быў затрыманы і ўчора ўжо ён мяне сустракаў. Такі колазварот. Я вельмі добра сябе адчуваю і вельмі ўражаны тым, колькі людзей мяне сустракала, спачатку на Акрэсціна, а потым дома суседзі. Шмат падарункаў, лістоў, такое адчуванне, што мы дзесяць гадоў катаргі адсядзелі, такое стаўленне да нас,— дзеліцца артыст і шкадуе, што яшчэ не паспеў усім падзякаваць.

Вось так Андруся сустракалі суседзі

Ён расказвае пра ўмовы ў турме і аб тым, як адбываецца сувязь заключаных са светам.

— Усе гэтыя два тыдні нейкая мінімальная інфармацыя паступала да нас у камеру з новымі затрыманымі. Так мы даведаліся пра  Рамана, якога забілі, і былі шакаваныя гэтай смерцю.

Адзін раз мы чулі, як сігналілі машыны «жы-ве-Бе-ла-русь», гэта вельмі падняла настрой. Аб тым, што адбываюцца нядзельныя маршы, мы даведваліся па тым, як увечары прыязджалі аўтазакі, мы чулі. Потым на калідоры заводзілі новых людзей, мы разумелі, што адбываюцца арышты, і што людзей даволі шмат.

Калі нас затрымалі пасля канцэрта, то адвезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там розныя супрацоўнікі: нехта проста выконваў свае функцыі і пісаў пратаколы, нехта троху мацюкаўся і прыкрыкваў: «Што вы дома не сядзіце!»

Але нас не білі, гвалту не ўжывалі. А вось тыя, каго затрымалі ў нядзелю 8 лістапада, расказвалі, што бачылі некага збітага пры затрыманні альбо ў аўтазаку. Ім ужо і кайданы на рукі апраналі, — успамінае музыкант.

Так атрымалася, што першыя тры дні ён знаходзіўся разам са сваімі сябрамі, а потым знайшоў новых сяброў.

— Нас затрымалі чацвярых, усіх разам дапытвалі і размясцілі спачатку ў чатырохмеснай камеры, а на наступны дзень, у нядзелю, калі было шмат затрыманых, нас перавялі ў двухмесную.

Там быў адзін матрац, але ж для нас гэта не было страшна, мы ўсе свае, неяк размяшчаліся на ложках ды падлозе. Пасля суда ў аўторак ад нас забралі Кастуся Лісецкага і Леаніда Паўлёнка і мы засталі з Ігарам Асідчанкам, а потым мяне перавялі ў камеру на шэсць чалавек. Сярод іх былі і бізнесмен, і прадпрымальнікі, і праграміст, і студэнт. Усе людзі інтэлігентныя з вышэйшай адукацыяй. Былі тыя, каго затрымлівалі і летам, але яны не здаюцца і працягваюць барацьбу.

Адіз чалавек вельмі цікава распавядаў лекцыі па гісторыі старажытнага Рыму. Наогул размовы былі доўгімі, неяк спрабавалі займацца фізкультурай. Добрая кампанія — вельмі спрашчае знаходжанне на Акрэсціна, — сцвярджае музыкант.

Як і ўсе арыштанты, ён чакаў перадачу ад блізкіх.  

— Не столькі ежу, ежа для мяне была нармальная, як у санаторыі, дыетычныя кашы, я іх з задавальненнем еў. Мне перадалі Евангелле «Новы запавет» і асноўнае — ручку і нататнік. Можна было пісаць і маляваць, — паказаў музыкант свае малюнкі з-за кратаў.

Перад тым як працягваць творчую дзейнасць, артыст збіраецца праверыцца на каронавірус, таму што за кратамі «было вельмі шмат хворых».

Аракелян: У турмах робіцца ўсё, каб як мага больш вязняў выйшлі адтуль з каранавірусам

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(42)