Комментарии
Лёлік УШКIН, ”Наша нiва”

Такім будзе канец сьвету

Дамова аб адзінай гандлёвай зоне, Дамова аб калектыўнай бясьпецы, Рух недалучэньня — за апошні час Беларусь уступіла ў столькі блёкаў, пактаў і саюзаў, нарадзіла столькі геапалітычных Франкенштайнаў, што, здаецца, адзіны маленькі канфлікт можа прывесьці да канца сьвету.

Хроніка аднаго апакаліпсісу вачыма прэсы.

«Саўбелка» (Беларусь): «Калі літоўцы пабудуюць ядравы могільнік на нашай мяжы, мы адгрохаем самую буйную сьвінафэрму ў Эўропе».

«Baltic Times» (Рыга): «Каб не дапусціць атручваньня адкідамі беларускіх фэрмаў, літоўцы гатовыя ўжыць сілу».

«Народная газета» (Беларусь): «Літва канцэнтруе войскі на нашай мяжы. Трэба адэкватны адказ, а таксама стырылізаваць усіх бамжоў, каб трымаць моцнымі нашыя тылы» (з заявы дэпутата Касьцяна).

«Саўбелка» (Беларусь): «У магчымым канфлікце мы можам разьлічваць на нашых хаўрусьнікаў па міжнародных геапалітычных блёках» (з заявы МЗС).

«Al Ahram» (Судан): «У рамках нашых дамоваў па Руху недалучэньня мы дасылаем у Беларусь наш найлепшы батальён аднагорбых вярблюдаў» (з афіцыйнай заявы суданскага ўраду).

ВВС: «Сьледам за Вэнэсуэлай, Суданам, Кубай Дэлі і Ісламабад адпраўляюць вайсковыя фармаваньні ў дапамогу беларусам. Сьвет на парозе глябальнай вайны».

«Рэспубліка» (Беларусь): «Калі ў пагранічным нарадзе беларускі і зымбабвійскі салдат: вораг ня пройдзе!» (з загалоўку артыкулу).

«Вольнае Глыбокае»: «Учора на дыскатэцы ў Лынтупах адбыўся інцыдэнт з удзелам жаўнераў індыйскага і пакістанскага корпусаў. Ёсьць траўмы. Нанесеная шкода маёмасьці: зламаныя два крэслы».

«Jasarat» (Пакістан): «Індыйцы білі мяне ботамі за тое, што не люблю Раджа Капура» (інтэрвію пакістанскага жаўнера, зьбітага ў Лынтупах).

СNN (ЗША): «Эскаляцыя гвалту: на знак помсты за ахвяраў бойкі ў Беларусі прапакістанскія тэрарысты ў Кашміры ўзарвалі ўсё, што можна ўзарваць».

«The Hindu» (Індыя): «Урад паставіў ультыматум Ісламабаду!»

«Financial Times» (Англія): «У выніку абмену ядравымі ўдарамі Пакістан і Індыя перасталі існаваць».

«Washington Post» (ЗША): «Набуду добры падвал, каб перажыць ядравую зіму» (з рубрыкі «Прыватныя абвесткі»).

«Саўбелка» (Беларусь): «На Піншчыне пабудаваны новы аграгарадок» (назва перадавіцы)

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)