«Такім аказаўся кошт здабытай вамі праўды». Святлана Ціханоўская звярнулася да журналістаў і блогераў

З нагоды міжнароднага Дня салідарнасці з беларускімі медыя нацыянальны лідар падзяквала незалежным медыя за іх працу.

— 9 лютага – паўтара гады з кропкі незвароту, з моманту, калі беларусы вырашылі не маўчаць, а глядзець праўдзе ў вочы. І гэтае 9 лютага мы прысвячаем тым, хто дапамагаў і дапамагае нам дамагчыся гэтай праўды – журналістам, блогерам і медыям, — адзначыла Святлана Ціханоўская. — Сярод вас ёсць тыя, хто атрымаў кулю. Шмат тых, хто апынуўся за кратамі. Яшчэ больш тых, хто трапіў пад пагром рэдакцый, быў вымушаны пакінуць дом і збіраць па кавалках сваю прафесію нанова ў іншай краіне.

Палітык падкрэсліла, што раней беларусы прызвычаіліся лічыць, што медыя — гэта нешта аўтаматычнае, гарантаванае чытачам і гледачам.

— Але ж глядзіце, за гэтыя паўтара гады беларусы цалкам зразумелі ўсе відэарасследаванні і рэпартажы робяць такія ж людзі, як і мы, якія хвалююцца за бяспеку сваіх бацькоў і шукаюць магчымасці гадаваць дзяцей, калі арыштоўваюць рахункі. Такім аказаўся кошт здабытай вамі праўды, — адзначыла яна.

Святлана Ціханоўская выказала падзяку журналістам за іх прафесійны выбар — тым, хто аднаўляе працу рэдакцый і хто стварае персанальныя блогі.

— Дзякуй тым, хто задае мне нязручныя пытанні. Дзякуй тым, каму хапае энергіі ўзяць на сябе адказнасць за каманды. І дзякуй тым, хто заўважае, калі канчаюцца сілы, перадыхае і рухаецца далей, — адзначыла Ціханоўская. Я ведаю, што вы хочаце жыць ў Беларусі, дзе ніхто не можа заблакаваць сайты медыа і арыштаваць іх аўтараў. Дзе тэлевізар і радыё свабодныя, а не манапалізаваныя дзяржавай.  Дзе людзі не баяцца размаўляць з журналістамі, дзе вы патрабуеце каментар любога чыноўніка і палітыка, і гэта ў яго інтарэсах, каб ён быў апублікаваны. Дык паверце, мы ўсе хочам жыць у гэтай краіне. І кожны з нас адказны за тое, каб не зварочваць са шляху да яе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(32)