«Так было ў Кіеве, і так цяпер адбываецца ў нас»

Аляксандр Фядута — пра тое, ці варта разгойдваць лодку і хто гэта робіць.

Сваё меркаванне на гэты конт палітолаг выказаў у перадачы «Экспертыза Свабоды». Прапануем вашай увазе ўрывак з гэтай размовы.

«Пачынаючы з 2013 году і да канца мінулага году я працаваў у Кіеве. Майдан адбываўся ў мяне на вачах. Я магу сказаць адно: якое разгойдваньне сытуацыі можа стварыць апазыцыя? Прабачце, сытуацыю заўжды разгойдвае той, у каго ёсьць мажлівасьць кантролю эканамічных і палітычных працэсаў. Гэта значыць улада. Так было ў Кіеве, і так цяпер адбываецца ў нас.

Тое, што адбывалася напярэдадні Дня волі і ў Дзень волі, было выкліканае зусім ня заклікамі спадароў Статкевіча, Дашкевіча, Лазоўскага і мітычнага «Белага легіёну». Усё гэта было выклікана крокамі самой улады. І большасьць тых, хто прыходзіў на маршы недармаедаў і нават 25 сакавіка, прыйшлі не таму, што нейкая апазыцыя іх заклікала, а таму што для іх гэта было пытаньне ўласнай годнасьці, патрэбай выказаць нязгоду з тым, што робіць улада.

Улада разагнала зусім мірную дэманстрацыю. І тое, як яна гэта зрабіла, зусім не выглядае на прапанову кампрамісу. Зусім. Тым больш, што тыя людзі, якіх яна пасадзіла, гэта якраз тыя мажлівыя паплечнікі па абароне сувэрэнітэту Беларусі.

Ну што казаў спадар Лазоўскі ў вядомым выступе на Белсаце? Ён казаў, што яму ўсё роўна, якое прозьвішча ў прэзыдэнта краіны — галоўнае, каб ён бараніў сувэрэнітэт. Што казаў Дашкевіч? Ён казаў — я не пайду зрынаць гэтую ўладу, я ня буду ўдзельнічаць у правакацыі, я прыйду на Плошчу зь сям’ёй, таму што гэта сьвята. Ну і атрымалі: арышты, папярэджаньні, нехта дубінкі, а нехта і абвінавачаньні ў спробе тэрарызму. Гэта кампраміс з боку ўлады?

... Наша сыстэма пабудавана так, што адна асоба дае лібэралізацыю, пасьля яна яе згортвае, пасьля зноў дае і г. д. Лібэралізацыя — гэта не дывановая сьцежка, якая разгортваецца ў той момант, калі трэба дачакацца прыезду вядомага заходняга палітыка. І гэта не фатэль, які адбіраецца ў аднаго партнэра і падсоўваецца іншаму.

Лібэралізацыя — гэта зьмена пэўных рамкавых правілаў узаемадзеяньня грамадзтва і ўлады. І да таго моманту, пакуль улада гэтага не зразумее і ня пойдзе на кампраміс, гэта не лібэралізацыя. Улада ня пойдзе сапраўды на абмеркаваньне вось гэтых рамкавых умоваў узаемадзеяньня з грамадзтвам, і мы будзем мець гэтую згорнутую дывановую сьцежку кожны раз, калі ўладу будзе нешта не задавальняць.

Да таго моманту, пакуль бізнэс будзе сыходзіць з прынцыпу, які навязваецца і бізнэсу, і апазыцыі, і грамадзтву нашай уладай — стабільнасьць вышэй за ўсё, не разгойдвайце човен, таму што ўсе зь яго вылецім — вось да таго моманту мы будзем мець менавіта такое стаўленьне і да бізнэсу, і да грамадзтва, і да апазыцыі, якое сёньня ёсьць у нашай улады. І ніякіх іншых магчымасьцяў прымусіць яе прыслухацца да меркаваньня тых, хто не падзяляе яе пункту гледжаньня, на жаль, няма».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)