Тадэвуш Касьцюшка
Яго звалі Тадэвуш, яе — Людвіка. Ёйны бацька ня даў згоды на шлюб і маладыя закаханыя заняліся распрацоўкаю пляну ўцёкаў. Чамусьці такія пляны раскрываюцца занадта рана... Так Тадэвуш з 80 дукатамі ў кішэні апынуўся на шляху зь Беларусі ў Францыю, а затым у Новы Сьвет. Сюжэт можна было б назваць банальным, каб не адна дэталь: у пашпарце у Тадэвуша стаяла прозьвішча — Касьцюшка...
Яго заслугі ў барацьбе за свабоду Злучаных Штатаў былі
ацэненыя надзвычай высока: званьне генэрала, найвышэйшая баявая ўзнагарода
краіны — ордэн Цынцыната, і апрача таго — амэрыканскае грамадзянства,
пажыцьцёвая пэнсія і зямельны надзел. (Пазьней, у тэстаманце, ён перадасьць
гэтую маёмасьць свайму сябру, аўтару Дэклярацыі незалежнасьці Томасу
Джэфэрсану, даручыўшы выкарыстаць грошы на выкуп нэграў-рабоў.)
Уразіўшы нядаўніх баявых таварышаў, поплеч зь якімі ваяваў
сем гадоў, Касьцюшка адмаўляецца ад кар’еры ў ЗША і сядае на карабель, каб
вярнуцца на радзіму, у Літву-Беларусь. На календары — 1784-ы. Празь дзесяць
гадоў рэспубліканскія ідэалы запаляць сэрца генэрала, і ён стане на чале
вызвольнага паўстаньня, што прынясе яму славу нацыянальнага героя Беларусі й
Польшчы.
У нашых беларускіх шыротах час рухаецца сваім, пакручастым
шляхам. І ўсё ж, і ўсё ж... У 1970-я, гады майго студэнцтва, мы мусілі ведаць,
што Касьцюшка — “паляк” і герой зусім ня нашай гісторыі. (Дарэчы, сам Андрэй
Тадэвуш у жыцьцяпісе засьведчыў: "Нарадзіўся я ліцьвінам").
“Нашым” быў Сувораў, войскі якога патапілі паўстаньне 1794
году ў крыві.
Да 260-годзьдзя Андрэя Тадэвуша (а ён быў ахрышчаны 12
лютага 1746 году) у Мерачоўшчыне — адноўленай сядзібе Касьцюшкаў каля Косава
адчынены музэй. Магчыма, некалі мы дажывем да таго дня, калі ў Беларусі
зачыняць музэй Суворава,а сувораўская вучэльня будзе пераназваная ў гонар
Касьцюшкі. Здавалася б, нейкае спадзяваньне на гэта дае зьяўленьне першага ў
нашай краіне помніка паўстанцкаму правадыру, створанага скульптарам Алесем
Шатэрнікам. Вось толькі помнік гэты знаходзіцца на тэрыторыі амэрыканскай
амбасады...
Читайте еще
Избранное