Общество
Іна Студзінская, ”Радыё Свабода”

Тадэвуш Кандрусевіч адслужыў першую імшу ў катэдральным касьцёле

26 верасьня ў Менскім катэдральным касьцёле найсьвяцейшай панны Марыі першую імшу правёў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 21 верасьня Папа Рымскі Бэнэдыкт ХVІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча кіраўніком каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Раней з 1991 году Тадэвуш Кандрусевіч ачольваў рымска-каталіцкі касьцёл у Расеі.

Спачатку да вернікаў зьвярнуўся сакратар канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Антоні Дзям’янка: “Сардэчна вітаю ксяндза арцыбіскупа мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Вельмі цешуся, што на прывітаньне ксяндза арцыбіскупа прыбылі вернікі ня толькі з архікатэдральнай парафіі, але і з іншых парафій. Бачу, што ёсьць шмат моладзі, людзей рознага узросту”.

Імша ў менскай катэдры пакуль не прэзэнтацыйная: Тадэвуш Кандрусевіч правёў яе як звычайны сьвятар. Але на пачатку сваёй прамовы ён падкрэсьліў, што вяртаецца на радзіму:

— Сёньня я вяртаюся на сваю радзіму. Вяртаюся, каб з воляй Божай, якая была выказаная ў словах і прызначэньні сьвяцейшага айца Бэнэдыкта ХVІ, каб працаваць сярод вас. Прыміце мяне, як свайго... Касьцёл тады поўны ёсьць, калі ёсьць біскуп, сьвятары і народ божы. І няхай сёньняшняе набажэнства дапаможа нам будаваць гэтую еднасьць і будаваць каралеўства Божае на гэтай зямлі.

Тадэвуш Кандрусевіч ў сваёй прамове згадаў, як ў сьнежні 1991-га ён як сьвятар упершыню паехаў у Польшчу. Тады рэлігійнай літаратуры вельмі бракавала. Сьвятар спрабаваў правесьці шмат кніг — колькі мог пацягнуць. Але ў Горадні на мытні яму патлумачылі, што правезьці ён можа толькі дзьве кнігі... Цяпер літаратуры шмат, але атрымліваецца, як кажа мітрапаліт Кандрусевіч, парадокс:

— Так многа рэлігійнай літаратуры, усё больш і больш касьцёлаў, усё больш і больш сьвятароў, усё больш тых, хто катэхізуе, тых, хто вяшчае слова божае, а чалавек жыве так, быццам бы Бога не было. Чалавек жыве так, як быццам бы ён гэтага слова ня чуў...

Цырымонія ўрачыстага ўваходу ў менскую архікатэдру Тадэвуша Кандрусевіча адбудзецца 10 лістапада. А сёньня Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу са старшынём Камітэту ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)