Таццяна Вадалажская пра затрыманне і суткі: «Гэтыя 10 дзён не было ніякіх следчых дзеянняў»

Сацыёлаг Таццяна Вадалажская пасля 10 дзён выйшла на волю. Яна пад падпіскай аб нявыездзе.

Увесь час, што Вадалажская сядзела на Акрэсціна, з яе удзелам не было ніякіх следчых дзеянняў. Вобшук у яе праводзіў КДБ.

Затрымалі Таццяну 4 жніўня.

— Я была дома — да мяне прыйшлі раніцай, а 7.30. Правялі вобшук там, дзе я жыву, а потым яшчэ ў бацькоў, дзе я прапісана. Забралі тэхніку і, паколькі ў мяне шмат тэкставага матэрыялу, некалькі кніжак, паперы. У бацькоў забралі старыя паперы, якія былі ў маім пакоі, — расказвае Таццяна і дадае, што ў цэлым усё прайшло карэктна.

Умовы на Акрэсціна для палітычных застаюцца нечалавечымі: ні матрацаў, ні пасцелі, кругласуткава ўключанае святло. Перадачу Таццяна атрымала. А дзяўчатам, што з ёй сядзелі, аддалі рэчы, які сваякі ім пакінулі тыдзень таму.

— Такія ўмовы — гэта дадатковы ціск і спроба паказаць, у тым ліку іншым жыхарам гэтай установы, што вось хто самыя злачынцы. І гэта абсалютна непрымальна. Супрацоўнікі ведаюць, што павінны выконваць ўнутраныя правілы, бо калі з імі размаўляеш пра матрацы і бялізну, яны кажуць: «Ну вы ж разумееце».

У камеры палова сядзела па справах палітычных, а палова — па звычайных крымінальных, кшталту невялікія кражы. Ім не пашанцавала, што яны патрапілі да нас. Для іх гэта было дадатковае пакаранне, і некаторыя ўсё спрабавалі з ахоўнікамі дамовіцца, каб іх перавялі ў нармальную камеру.

Таццяна пасля выхаду з ІЧУ

Адной з сукамерніц Таццяны была Надзея Калач — валыншчыца гурта Irdorath. Дзяўчыну перавялі на Валадарку. Надзею і іншых музыкаў гурта затрымалі на лецішчы, калі яны святкавалі яе дзень народзінаў.

— Гэта сітуацыя для яе была вялікім шокам. І тыя абвінавачанні, якія прад’яўляюцца, і сам спосаб, якім яны прад’яляўюцца, калі інтэлігентных, культурных людзей гвалтоўна затрымліваюць, — дзеліцца Вадалажская.

Да чаго рыхтавацца ёй самой, сацыёлаг не разумела.

— Я разумею ў прынцыпе прэтэнзію да каманды Мацкевіча, але што канкрэтна яны лічаць найбольш правакатыўным для іх, мне так і не стала ясна.

Гэтыя 10 дзён не было ніякіх следчых дзеянняў. І гэта таксама складана — не мець ніякай інфармацыі. Я не чакала, што яны выпусцяць мяне пасля 10 дзён. Паколькі следчых дезянняў не было, думаю, яны проста не паспелі падрыхтавацца, каб пакінуць мяне там.

Сацыёлаг застаецца падазраванай па артыкуле 342 КК.