Таццяна Пархімовіч: «Не буду называць Лёшу героем. Ён проста зрабіў тое, што павінен»

Маналог жонкі арыштаванага байца Кудзіна, якая засталася з пяццю дзецьмі.

Ужо амаль паўгода ў расійскай турме знаходзіцца беларус Аляксей Кудзін. Гісторыя гэтага шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе прагрымела яшчэ ў жніўні 2020 года. Тады падчас пратэстаў у Маладзечна Кудзін пабіўся з амапаўцамі, пасля чаго быў жорстка затрыманы.

Фота: Настасся Уткіна, rh.by

Ён атрымаў абвінавачванне па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (гвалт у адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў). З жніўня да сярэдзіны лістапада Кудзін знаходзіўся пад хатнім арыштам, а пасля нечакана знік — як стала вядома, з’ехаў з Беларусі ў Заходнюю Еўропу. А пасля перабраўся ў манастыр у Расію, дзе яго праз затрымалі па патрабаванні беларускіх уладаў. З таго часу праваабаронцы змагаюцца супраць яго экстрадыцыі.

Увесь гэты час у Маладзечне Кудзіна чакае сям’я. Гэта жонка Таццяна Пархімовіч, двое родных дзяцей і трое прыёмных — пляменнікі Таццяны аказаліся пад яе апекай пасля смерці бацькоў. У шчырым маналогу Таццяна распавяла Нашай Ніве пра тое, як чакае і што кажа дзецям, як спраўляецца адна і якой бачыць будучыню.

«Лёша вельмі сумленны, такі багатыр — сапраўдны Алёша Паповіч»

«Нас з Лёшам пазнаёміў агульны знаёмы, мы пачалі сябраваць. Потым зразумела, што гэты чалавек мне сніцца. Я не хацела нікога падманваць, таму прызналася Лёшы, што кахаю яго, а мужу патлумачыла, што, яго, мужа, больш не кахаю. І той, і той мяне зразумелі, і мы з Лёшам адразу пачалі жыць разам. На наступны ж дзень пасля той размовы я падала на развод з першым мужам.

Не люблю няпэўных паводзін, трэба быць шчырым. Не кахаеш — сыходзь, тым больш калі разумееш, што табе гэта не трэба і няма за што змагацца. Калі б нават нешта не склалася з Лёшам, я разумела, што мой першы муж — гэта ўжо не мой мужчына. Час — самае дарагое ў жыцці, таму навошта яго адбіраць і ў сябе, і ў іншых.

Лёша — вельмі станоўчы чалавек, прыстойны. Не ведаю нікога, хто б казаў пра яго нешта дрэннае, магчыма, толькі праз адчуванне зайздрасці. Ён заўсёды дапаможа іншаму, нават калі гэта пашкодзіць яго камфорту, ён ніколі нікому не здрадзіць. Лёша вельмі сумленны, такі багатыр — сапраўдны Алёша Паповіч.

Як цяперашняя разлука паўплывала на нашы адносіны? Ніяк, толькі змяніла іх у лепшы бок. Я і так ведала, што гэты мужчына — мой да канца жыцця. Не ведаю, магчыма, ён думаў інакш, але мы заўсёды вельмі верылі адно адному.

Напэўна, я толькі зрабілася мацней. Страшна, што калі Лёша вернецца, то не здолею «адключыць» гэтую сваю набытую моц. Бо мужчына павінен рабіць усё сам, а сіла жанчыны ў яе слабасці. А за гэты час жыццё не дазваляла мне быць слабай. Я павінна трымаць абарону.

У нас з ім дастаткова чыстыя адносіны, таму ў мяне не было прычын нешта пераасэнсоўваць праз разлуку. Лёша не з тых мужчын, што дазваляюць сабе недасказанасці, гэта такі «святы Алексій». Што датычыцца яго стаўлення да мяне, Лёша ніколі не быў заўважаны ў нейкіх незразумелых тэлефонных размовах ці перапісках з іншымі жанчынамі, нават у лайках у інстаграме. Канфлікты ёсць у любой сям’і, гэта нармальна, але ў нас не было такога, каб мы былі вымушаныя дараваць адзін аднаму нешта вялікае ці ў нечым саступаць.

Мне цяжка праз тое, што яго няма каля мяне. Але нават калі б Лёша не здолеў з’ехаць і атрымаў тут нейкія чатыры гады калоніі, для мяне гэта таксама зусім не было б праблемай. Хаця зразумела, што ніхто не будзе сядзець ні чатыры, ні дванаццаць год. Я проста ведаю, што ўсё скончыцца».

«Калі Лёша з’ехаў, усе хатнія справы ляглі на мяне»

«Шмат якія мужчыны падзяляюць хатнюю працу на жаночую і мужчынскую, то-бок ніякую, Лёша ж вельмі шмат рабіў па доме. Калі ён быў дома, то ўставаў рана ранкам, рабіў дзецям сняданак, заводзіў іх у школу і дзіцячы садок. Нават не пытаўся, чыя зараз чарга ўставаць да дзяцей.

Калі ж Лёша з’ехаў, мяне ўжо ніхто не здолеў падстрахаваць, усе хатнія справы ляглі на мяне. Але ў мяне ёсць такая фраза: «ніхто не жыве дома бясплатна». Таму спраўляемся так: адно дзіця палівае кветкі ці выносіць смецце, іншае выгульвае сабаку і гэтак далей. То-бок проста размяркоўваю на дзяцей тую нагрузку, з якой яны могуць справіцца.

Адразу было цяжка, бо прыёмныя дзеці не надта добра ставіліся да хатняй працы. Але я вельмі арганізаваны чалавек, таму магу ўсё размеркаваць. Сачу за тым, каб дзеці пісалі план спраў на дзень і захоўвалі дысцыпліну.

Як толькі Лёшу затрымалі, я сказала дзецям, дзе ён. Яны добра разумеюць, што тата — не крымінальнік, проста наша сям’я трапіла ў такую сітуацыю праз палітычныя абставіны ў краіне. Дзеці ўсведамляюць, што гэта тэрміновая сітуацыя. Таму проста трэба ім правільна ўсё тлумачыць. Бажэна, наша малодшая дзяўчынка, часта плача, пытаецца, дзе тата. Адказваю, што тата хутка прыедзе. Ёй чатыры гады, апошні дзень народзін прайшоў у яе без Лёшы.

Тое, як спраўляюцца дзеці, залежыць ад мяне, ад таго, якому стаўленню да сітуацыі я іх навучу. Можна ж гора пражываць па-рознаму. Я дзікі аптыміст, мяне нічога не загоніць у яму. За апошні год я бачыла, як паміраюць блізкія людзі — мой старэйшы брат і яго жонка. Потым мы забралі сабе дзяцей брата, у жніўні сілавікі забралі Лёшу — усё гэта было вельмі складана. Пазней Лёша з’ехаў, і я засталася адна з пяццю дзецьмі. Але ж няўжо падобна, што я прагнулася? Проста мне стала ясна, наколькі я моцны чалавек».

«Яму прыходзіць вельмі шмат лістоў з Беларусі — і канечне, для яго гэта важна»

«На апошні суд я не трапіла, але адвакатка распавядала, што Лёша выглядаў добра, усміхаўся. Ён абсалютны аптыміст, за амаль чатырнаццаць год нашых адносін не памятаю, каб у яго быў дрэнны настрой. Я сама — вельмі эмацыйны чалавек, а Лёша не любіць нервавацца.

Нядаўна напісала яму першы ліст. Зараз Лёша знаходзіцца ў СІЗА ў Зеленаградзе, а раней, пакуль яго не перавялі, у нас была з ім тэлефонная сувязь, таксама я бачыла яго на судах. Нічога асабістага ў лісце не пісала, распавяла пра тое, што я раблю дома, як гляджу за нашым участкам і домам, спрабую будаваць лазню. І у канцы ўжо трошкі сопляў. Не пісала шмат пяшчотных словаў, бо ён цудоўна ведае, як я да яго стаўлюся, ведае, што я яго чакаю. І Лёша ўсё-ткі мяне бачыць, калі я прыязджаю, і глядзіць на мяне проста неперадавальна.

Лёша піша незнаёмым, яму прыходзіць вельмі шмат лістоў з Беларусі — і канечне, для яго гэта важна. У яго вельмі дрэнны почырк, але ён кажа, што спрабуе ў адказах пісаць павольна і друкаванымі літарамі. Мастачка Вольга Якубоўская, што малюе коцікаў, прыслала яму свой твор.

Першы раз, калі я яго пабачыла на судзе, мы ўвогуле нічога не сказалі адзін аднаму. Проста стаялі дзве гадзіны і ўсміхаліся. Потым Лёша напісаў нашай сяброўцы ў лісце, што ён не чакаў мяне пабачыць. Другі раз, калі я была на судзе, паседжанне доўжылася ўсяго дзесяць хвілін — і гэта было так мала! Доўга ехала да яго на цягніку і амаль не пабыла з ім. Калі я выйшла з судовай залі, заплакала.

Часам я праяўляю эмоцыі, бо з цягам часу гэта ўсё-ткі накопліваецца. Але не дазваляю сабе, каб ён бачыў мае слёзы. А яшчэ разумею, што яму вельмі важна проста бачыць мяне. Нічога, мы тут яго падтрымаем і ўсё зробім, што належыць.

Лёша ведае, што я спраўляюся. Калі нешта не тое, магу пазваніць бабулі, пагутарыць і перазагрузіцца. Але дзеці ўсё роўна пытаюцца, калі тата вернецца. Два разы я была ў Маскве на судах, і яны пыталіся, ці забяру я тату.

Канечне, падчас сямейных святаў было складана без яго. Дапамагае тое, што ты сам сабе шмат што тлумачыш, распавядаеш, што хутка нічога не бывае. Я зусім не абвінавачваю Лёшу ў тым, што здарылася, не лічу, што ён нешта зрабіў няправільна. Проста наша сітуацыя — гэта, як кажуць, выдаткі вытворчасці, з гэтым трэба звыкнуцца».

«Я вельмі ганаруся ім, і кожны дзень кажу пра гэта дзецям»

«Людзі мне пішуць, што мой муж — герой. Так лічыць — гэта іх права, але я не буду называць Лёшу героем. Для мяне ён проста зрабіў тое, што павінен быў зрабіць. Што ён такое сур’ёзнае ўчыніў? Проста абараніў сваё жыццё. Нейкія людзі пачалі збіваць майго мужа, неаднаразовага чэмпіёна свету і заслужанага майстра спорту. На якой падставе яны гэта рабілі?

Трэба проста бачыць майго мужа і яго кулак. Калі б Лёша хацеў кагосьці збіць, ад таго чалавека нічога б не засталося. А так ён вельмі карэктна сябе абараніў, там ні ў кога няма цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пры гэтым пра яго пачалі казаць, што ён злачынец.

Вельмі шмат людзей раяць нам з’язджаць з краіны, але я проста не бачу ў гэтым сэнсу. Было б вельмі проста з’ехаць, калі ты адзін ці маеш аднаго-двух дзяцей, але калі ў цябе іх пяць, гэта вельмі складана. Таму я проста настройваю сябе на тое, што ўсе цяжкасці скончацца і мы будзем жыць так, як жылі раней.

Вырашаем праблемы па меры іх з’яўлення. Зараз нам трэба, каб тата хаця б выйшаў з турмы, нават калі ён будзе ў іншай краіне. Галоўнае, каб ён быў у бяспецы, а потым ужо будзем глядзець. У Лёшы вельмі шмат сяброў, але зразумела, што ўсё будзе залежыць ад яго самога: ён будзе павінны шукаць працу, жыллё, займацца дзецьмі.

Што датычыцца сітуацыі ў краіне, гэтае беззаконне скончыцца, такое не можа доўна працягвацца. Гэта відавочна. Проста нехта па незразумелых прычынах трымаецца за старое жыццё, нехта не верыць, што магчыма нешта іншае. Раней я вельмі хацела з’ехаць у іншую краіну і паспрабаваць нешта іншае, але цяпер разумею — можна жыць у любым месце, калі табе даюць гэта рабіць і зарабляць на жыццё.

Я вельмі ганаруся мужам, і кожны дзень кажу пра гэта дзецям. Нагадваю, што тата — малайчынка, і ён зараз пакутуе за сваю праўду. Я і так ім ганарылася, але сваімі ўчынкамі ён цалкам апраўдаў мае чаканні.

Шмат хто мне казаў, што такога не бывае, каб у Расіі адпускалі беларусаў, але ж нядаўна адпусцілі Андрэя Прылуцкага (удзельнік забастоўкі на «Беларуськаліі» — «НН»). Канечне, гэта не канец гісторыі, але чалавек хаця б адправіўся дахаты з СІЗА. Можа, і Лёшу так выпусцяць, чаму не?

Я часта ўяўляю, як пабачу Лёшу на волі. Думаю, як яго сустракаць, ці бегчы да яго насустрач. Лёша кажа, што адчувае сябе нармальна, але часам, калі трэніруецца, падымае галаву і ўсведамляе, што ён у турме. Таму, калі ён выйдзе на волю, Лёша будзе адчуваць нейкую асцярогу, нібыта жывёлу выпускаюць з заапарка. У дадатак ён жа не ведае, ці буду я яго сустракаць.

Але я ведаю, што гэта здарыцца і ён выйдзе на волю. Упэўненасць — гэта палова перамогі, Лёша сам мне так кажа, калі едзе на бой. Мы з ім аптымісты, і ніякіх дрэнных думак у нас быць не можа. Думкі матэрыяльныя».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(47)