З аднаго боку, выпаленае поле непазбежна запаўняецца тым, што мае найбольшы патэнцыял для экспансіі — і гэта не беларуская так званая «дзяржаўная культура» — яна акурат ні якасцю, ні патэнцыялам не вылучаецца.
Таццяна Нядбай: «Небагатая краіна Беларусь закупае сумнеўныя прадукты, прасякнутыя ідэалогіяй «рускага свету» кнігі. Гэта, на мой погляд, злачынства»
Старшыня Беларускага ПЭНа — пра тое, як паўплывае на грамадства напаўненне бібліятэк прапагандысцкай літаратурай.
Выданне Гомель Штодзень звярнула ўвагу на тое, як «рускі мір» прыходзіць у Беларусь праз бібліятэкі. На сайце goszakupki.by праводзіцца электронны аўкцыён на набыццё літаратуры для Магілёўскай абласной бібліятэкі. На кнігі плануецца выдаткаваць 50 000 беларускіх рублёў.
«І можна было б парадавацца за краіну, якая інвестуе столькі грошай у развіццё культурніцкага патэнцыялу, каб не адзіны факт: выдавецтвы спрэс расейскія… — піша выданне. — Не менш здзіўляе і выбар кніг. Ёсць у спісе пераклады добрых заходніх аўтараў, дзіцячыя энцыклапедыі і навукова-папулярная літаратура — папоўніць фонды такімі кнігамі было б карысна.
Але чаму (за беларускія, нагадаем, грошы!) беларускім дзецям збіраюцца набыць такія выданні, як «Арбат», «ВДНХ. Главная выставка страны», «Бульварное кольцо», «Кремль – сердце Москвы», «О чём молчат башни Кремля?», «Русская изба», «Как жили на Руси», «Великие победы генерала Ушакова», «Иркутск. Город сам по себе» і г.д.?!»
Да якіх наступстваў прывядзе пранікненне «рускага міру» у беларускія бібліятэкі, Филин абмеркаваў з Таццянай Нядбай, старшынёй Беларускага ПЭНа.
— Тут варта сказаць пра некалькі аспектаў. Рэжым працягвае знішчаць беларускую культуру і выцясняе яе з публічнай сферы ў падполле або за мяжу.
Беларускі ПЭН за першыя шэсць месяцаў 2023 года зафіксаваў мінімум 925 выпадкаў парушэння правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры — гэта больш, чым у адпаведныя перыяды ў мінулым годзе, і мы разумеем, што не ўсё можа трапляць у поле нашай увагі.
З другога боку, гэта частка мэтаскіраваны дзеянняў. Паводле матэрыялаў ПЭНа, дзяржава працягвае палітыку, накіраваную:
- на дэбеларусізацыю (дыскрымінацыйнае стаўленне да беларускай мовы, пераслед за беларускую ідэнтычнасць) і прасоўванне культуры і ідэалогіі «рускага свету»;
- вядзе барацьбу з «заходнімі каштоўнасцямі» і культурай (ЛГБТ-літаратурай, днём святога Валянціна і Хэлаўінам, персанажам Хагі Вагі і г. д.), польска-літоўскай спадчынай;
- распрацоўвае метадычкі для патрыятычнага выхавання новага пакалення і для адзінай дзяржаўнай палітыкі гістарычнай памяці;
- закрывае ўстановы са сферы прыватнай адукацыі;
- пераследуе чальцоў навуковых супольнасцяў, а таксама арганізацыі і супольнасці, заснаваныя на рэлігіі, палітычныя партыі і іншыя аб’яднанні.
У сённяшняй сітуацыі, па сведчаннях нашых крыніц, бібліятэкі карыстаюцца малым попытам і па факце не з’яўляюцца цэнтрамі, якія прыцягваюць шырокія масы чытачоў. Гэта і праблема зместу фондаў, якія не абнаўляюцца сучаснай, якаснай літаратурай, і цэнзура, якая вынішчае нават тое якаснае, але нелаяльнае рэжыму, што апынулася ў фондах у ранейшыя часы.
Так што напоўненасць бібліятэк прапагандысцкай літаратурай яшчэ не азначае, што гэта будзе мець вялікі ўплыў на шырокую аўдыторыю. Але разам з тым гэтую тэндэнцыю, безумоўна, нельга ігнараваць і недаацэньваць.
Яшчэ адзін аспект — гэта марнаванне бюджэтных сродкаў. У нас, на жаль, няма стаўлення да дзяржаўнага бюджэта як да сродкаў, якія належаць грамадству і павінны быць пад грамадскім кантролем.
У дэмакратычных краінах на размеркаванне істотнай часткі мясцовых бюджэтаў маюць уплыў грамадзяне. Гэта ўсё падаткі людзей, якія жывуць і працуюць у Беларусі, гэта ўсё тое, што можа пайсці на рэальныя культурніцкія падзеі і на кнігі беларускіх аўтараў, але небагатая краіна Беларусь закупае сумнеўныя прадукты, прасякнутыя ідэалогіяй «рускага свету» кнігі, фінансуючы расійскія выдавецтвы.
Гэта, на мой погляд, злачынства.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное