“Сёньняшняя Беларусь -- не бел-чырвона-белая краіна, і нават не чырвона-зялёная, а глыбока фіялетавая”
Маючы ў кішэні паўтузіна пасьведчаньняў сябра ініцыятыўных групаў хрысьціянскіх дэмакратаў — у Менску, Віцебску, Гомелі, Магілёве — грукаесься ў дзьверы. Так, выбараў няма, але мы ходзім. Размаўляем зь людам па-беларуску. Кажам, што перамены насьпелі і што трэба верыць. Кажам пра Беларусь і Бога.
Кажаш, кажаш, кажаш, глядзіш у паўпустыя вочы насупраць, і раптам адчуваеш: нейкі забыты зь дзяцінства пах. Чым гэта пахне… фарба з рамонту… салат аліўе… цыгарэтны дым зь перагарам… шматгадовы кватэрны быт…
«Мы ўжо нікому ня верым». «Усё роўна вы нічога не даб’ецеся». «Знаеце што, а нам бяз розьніцы». Не, гэта ня бел-чырвона-белая краіна. І нават не чырвона-зялёная. Сёньняшняя Беларусь глыбока й насычана фіялетавая.
Адзін мой суразмоўнік, былы чыноўнік, на маё «Дык колькі ж можна цярпець?» пасьміхнуўся: «Гэта вы церпіце. А людзі жывуць, пакуль можна».
Так, беларусы сьпяшаюцца жыць. Есьці, піць, купляць, гуляць, будаваць, грашыць, крэсьліць «ваша лато», глядзець кітайскую Алімпіяду. І няхай няма праўды, свабоды ды справядлівасьці, няхай трэць мужыкоў ужо алькаголікі, няхай на 1000 шлюбаў у нас 721 развод, няхай Беларусь ужо першая ў сьвеце па самагубствах — жыць.
18-гадовы Кастусь, каталік з Глыбоччыны, што прыехаў у Менск паступаць на гістфак (і, між іншым, адзін з чатырох у цэлае краіне атрымаў на тэсьце 100 балаў), пытаецца: «Вось у 1970—80-я таксама ж была стабільнасьць. У нас распавядаюць, жылі нармальна. Як жа тады Савецкі Саюз рухнуў?»
Будучаму гісторыку цікава.
Так, быў хлеб. Былі відовішчы. Была і дарагая нафта, і Алімпіяда, і «Спортлато». Елі, пілі, куплялі, гулялі, будавалі, грашылі… І тэлевізійная хлусьня была, і страх, і КГБ, і міліцыя. Ды не чырвоная з зоркаю была тады Беларусь — такая самая як і цяпер, фіялетавая.
Але праз колькі гадоў эсэсэр рухнуў. Таму што застой пахне ня толькі кухняй ды прыбіральняй. Менавіта ў часы застою тыя, хто прынюхваецца, адчуваюць подых гніеньня — і намацваюць расколіны ў каменных склепах ды ключы ў дзьвярох, каб вырвацца. Эпохамі застою Госпад шчодра ўгнойвае глебу для імклівага росту тых дзівосных яскравых асобаў, якія, высьпеўшы, зьменяць сьвет.
Сто гадоў таму цуд Адраджэньня таксама гадаваўся сярод усталяванага рэжымам задушлівага «супакаеньня». «Наша Ніва», заснаваная ў 1906-м, усё наступнае цьмянае дзесяцігодзьдзе кшталтавала вобразы будучае Беларусі. Купала, Багдановіч, Гарэцкі, Арсеньнева, браты Луцкевічы, Станкевіч і Гадлеўскі — гэта таксама былі дзеці застою.
Чым пахне сучасная беларуская абыякавасьць?
Пылам, які падымецца над руінаю рэжыму.
Таму мы будзем грукацца дахаты да беларусаў. Будзем выгрукваць пустоты й лініі расколінаў ў каменных сьценах і жалезных дзьвярох. Да тых пор, пакуль не пачуем водар сьвежага паветра.
Грукайцеся — і адчыняць вам, напісана ў Эвангельлі.
Читайте еще
Избранное