Общество

Вера Рачыцкая

«Сёння табе дапамаглі – заўтра ты дапаможаш. Але тут гэта ў краінавым маштабе»

Швецыя і Нарвегія першымі падтрымалі Міжнародны гуманітарны фонд для беларусаў. Чаму?

Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла ў Вільні 3-4 жніўня, была прадстаўленая канцэпцыя Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным.

Кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак выказаў «Салідарнасці» меркаванне, чаму менавіта Швецыя і Нарвегія першымі прыйшлі на дапамогу рэпрэсаваным беларусам, якіх ужо больш за 50 тысяч. Ён лічыць, што гэта традыцыйная пазіцыя гэтых дзяржаваў, гэта донары, якія заўсёды дапамагалі і дапамагаюць Беларусі.

Пра гісторыю і салідарнасць

– І ў Нарвегіі, і ў Швецыі вельмі моцна развіты падыход салідарнасці, – кажа суразмоўца. – Калі казаць пра Швецыю, то гэта абумоўлена гістарычна.

Швецыя да пачатку ХХ стагоддзя была беднай аграрнай краінай, з якой масава выязджала насельніцтва. І калі, напрыклад, ішла каланізацыя паўночнаамерыканскіх штатаў, то людзі выязджалі цэлымі пасёлкамі. Таму ў ЗША шмат шведскіх прозвішчаў і нават цэлыя шведскія паселішчы.

Таксама выязджалі яны і ў Паўднёвую Амерыку і там, калі зараблялі нейкія грошы, дасылалі іх дамоў і падтрымлівалі такім чынам гэтыя вялікія шведскія сем’і, бо ў Швецыі было ўсё складана з сельскай гаспадаркай і не магчыма было там вырасціць сабе ежу.

І з таго часу яны зразумелі, што гэтая салідарнасць вельмі важная, і зараз шведы гэтую салідарнасць рэтранслююць ад сябе. Гэта прыблізна тое, што я спрабую, як мадэль, прывіваць у беларускім грамадстве.

Сёння табе дапамаглі – заўтра ты дапаможаш. Але тут гэта ў краінавым маштабе. І таму я думаю, што скандынаўскія краіны будуць самымі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага фонду.

Як заўважыў Андрэй Стрыжак, нарвежскую гісторыю ён ведае менш, але думае, што яна ў іх падобная, бо гэта прыблізна тая ж самая кліматычная зона, тыя ж умовы былі, нарвежцы таксама масава выязджалі.

– Да таго ж, – працягвае ён, – гэта традыцыйна моцныя сацыял-дэмакратычныя краіны, у якіх ёсць у межах нацыянальна-ідэалагічнага падмурку вось такая салідарнасць.

Зразумела, што гэта абумоўлівае высокія падаткі, але гэта і сацыяльныя гарантыі, і абароненасць. І менавіта таму гэтыя краіны маюць дастаткова вялікія праграмы міжнароднай падтрымкі.

Колькі грошай будзе ў фондзе?

Як адзначыў Андрэй Стрыжак, яшчэ размова вядзецца пра тры краіны, якія павінны далучыцца да фонду падтрымкі, але пакуль пра іх ён не можа казаць. Што тычыцца фінансавых сродкаў, пра якія вядзецца размова, праваабаронца кажа:

– На сённяшні дзень гутарка ідзе недзе пра 1.2-1.5 мільёна еўра ад двух краінаў, паглядзім колькі змогуць дадаць іншыя краіны, з якімі зараз ідуць перамовы, але ў любым выпадку сухі астатак – гэта тое, што ў цябе ёсць на рахунку і што ты можаш размяркоўваць.

Я вельмі спадзяюся, што сума будзе значная і яна дазволіць пакрыць хаця б частку тых патрэбаў, якія ёсць у сем’яў палітзняволеных, палітзняволеных, у тым ліку і вызваленых.

У першую чаргу, гэта разлічана на тых людзей, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Уласна на гэтыя тры асноўныя катэгорыі і будзе ісці рэсурс.

У залежнасці ад таго, наколькі будзе напаўняцца гэты бюджэт, у адпаведнасці з гэтым і пашырыцца мандат фонду.

Што кажа пра фонд Вольга Зазулінская?

Як зазначае кіраўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская, Міжнародны гуманітарны фонд – гэта інстытуцыйная падтрымка, а не фонд, дзе будуць працаваць нейкія людзі і атрымліваць заробкі. Гэта тое месца, дзе будуць збірацца сродкі. І гэтыя сродкі будуць дапамагаць арганізацыям, якія будуць гэтыя сродкі ў іх запытваць.

Чаму ёсць толькі пэўныя арганізацыі, якія туды ўвайшлі? Зараз іх там восем, чатыры публічныя – тыя, хто ўваходзіць у кааліцыю Хуткай гуманітарнай дапамогі, і ёсць яшчэ чатыры, якія будуць названыя пазней, тыя, хто мае права для сваіх праграм запытваць гэтыя сродкі.

На думку Вольгі Зазулінскай, калі гэты фонд пачне працаваць, то будуць таксама вызначацца і іншыя арганізацыі, якія будуць прыходзіць з запытам, але сама сістэма пабудавана такім чынам, што далучэнне якойсьці арганізацыі будзе ўзгадняцца з усімі, хто ўжо там ёсць, і ў тым ліку і з міжнароднай арганізацыяй World.

Як падкрэсліла «Салідарнасці» Вольга Зазулінская, шведы і нарвежцы дапамагаюць не толькі ў гэтым Міжнародным фондзе, але яны заўсёды падтрымліваюць беларускія медыя, НКА і праекты. І за гэта беларусы ім вельмі ўдзячныя.