Сёння Дзяды — дзень, калі ўспамінаюць продкаў

2 лістапада ў беларусаў адзначаюцца Дзяды, дзень калі ўспамінаюць усіх памерлых.

Праваслаўныя традыцыйна адзначаюць Дзяды ў першую суботу перад 8 лістапада (Змітраўская бацькоўская субота), і сёлета гэты дзень акурат прыпадае на 2 лістапада. Каталікі таксама адзначаюць гэты дзень 2 лістапада.

Згодна з традыцыяй, сёння прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы (7 і больш няцотных святочных і абрадавых страваў). Абавязковымі былі куцця, клёцкі, бліны, мяса, яечня.

Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч: лічылася, што душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды, трэба пачаставаць. А пасля вячэры са стала не прыбіралі — для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.

Абрад паклікання душаў продкаў апісаны ў паэме А. Міцкевіча «Дзяды».

Некалі ў незалежнай Беларусі Дзяды былі недзяржаўным святам у краіне, але потым выходны дзень адмянілі.

У нядзелю, 3 лістапада, адбудзецца традыцыйнае шэсце і мітынг у Курапаты, заяўнікам выступае Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, а далучаюцца ўсе ахвотныя і неабыякавыя. Шэсце дазволена ўладамі.

Збор удзельнікаў у нядзелю а 10:30 каля Гадзіннікавага завода (ст. метро «Парк Чалюскінцаў»). З 11:00 да 14:30 — шэсце ў Курапаты.

Сіноптыкі абяцаюць на нядзелю добрае надвор'е.

Толькі з раніцы ёсць верагоднасць невялікага дажджу, а днём будзе +10-12 градусаў цяпла.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)