«Сёння чалавек набіваецца ў «соотечественники», а заўтра лыжачкі з хаты прападаюць»

І добра калі толькі лыжачкі, а не ўся хата разам з імі. Тэлеграм-канал Письма к дочери — пра новую расейкую iнiцыятыву, якая падштрухнула адмыслова напiсаць тэкс па-беларуску.  

— Бачыш ты што нарабілася? Расейская дзярждума збіраецца прыняць закон, каб лічыць суайчыннікам кожнага, хто крышачку можа нешта сказаць па-расейску. І пры тым, як я сабе разумею, згоды асобы, якой не пашанцавала ведаць тое-сёе з расейскай мовы, ніхто не збіраецца пытацца.

Яно, канешне, і лагічна. Бо калі кожнага пытацца, ці хоча ён быць суайчыннікам з дэпутатамі расейскай дзярждумы, то дзе ты тых суайчыннікаў набярэшся? Нават тыя суайчыннікі, што былі, і тое разбягуцца. Так і скажуць: «Ваши соотечественники в тамбовских лесах на луну воют».

Але нам з табою, канешне, няма чаго пералякацца. Мы ж той расейскай мовы не ведаем і ніколі не ведалі. Вось і гэты ліст таму доказ. Скуль нам с табою яе ведаць? А ў мяне наогул няма ўжо шанцаў вывучыць. Нават і не ўгаворвай. Кагнітыўныя здольнасьці ў мяне, у маім сталым узросце, ужо не тыя, каб разумець расейскага дэпутата Затуліна.

А калі хто да цябе падыдзе ды спытаецца: «А хочешь быть моим соотечественником?», ты кажы: «Моя зовсім не understand гэтую idioma ruso». І адразу пераходзь на другі бок. Бо сёння чалавек набіваецца ў соотечественники, а заўтра лыжачкі з хаты прападаюць. І добра калі толькі лыжачкі, а не ўся хата разам з імі.

Але ж ёсць тыя, каму не пашанцавала. Хто, можа, расейскую мову ў школе падхапіў, знянацку. Бо быў жа дзіця, кіндар, што з яго ўзяць? А іншы ў студэнцкія гады быў неразборлівы ў лінгвістычных сувязях. Чалавек жа не вінаваты. А цяпер я нават і не ведаю, што гэтым гаротным людзям рабіць. Але нешта рабіць трэба. І лепей не чакаць пакуль той закон прымуць. Бо закон, з аднаго боку, зваротнай сілы не мае, а з іншага, мы ж ведаем, што калі трэба, то бывае не да законаў.

І вось уяві: растлумачыў чалавек на сваёй ломанай расейскай мове разгубленаму незнаёмцу, як прайсці да Karlovo náměstí, а той незнаёмец ужо навастрыуся прыехаць на танку. Тым больш, што маршрут яму вядомы. Дык чаму ж не прыехаць? Пазбавіць новых суайчыннікау іх «мелких националистических заблуждений».

Але з іншага боку… Ведаеш, што я табе скажу? У свінні, што верашчыць, только сала гарчыць.

Нельга ж не заўважыць, што, чым больше іх спеціяльная аперацыя ідзе згодна з планам, тым болей з’яўляецца новых ідэй. Бо пакуль гэтая спеціяльная операцыя прывяла толькі да паспяховай дедолларизации, десахаризации и частичной депопуляции (давялося па-расейску, бо ў беларускай мове, дзякуй Богу, таких слоў няма). І каб усе гэтыя поспехі не былі заўважныя тымі суайчыннікам, што пакуль яшчэ засталіся, патрэбна кожны дзень даваць ім сэнс жыцця і новыя крыніцы натхнення.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)