Экономика

Сяргей Нікалюк, Новы час

«Сёлета мы адзначым юбілей марных спробаў даць усім па 500»

Урад разлічвае, што сярэдні заробак у 2019-м перавысіць 1000 рублёў. Але якім будзе на той час яго доларавы эквівалент?

Усё цячэ, усё змяняецца». Аўтарства гэтага выказвання прыпісваюць старажытнагрэчаскаму філосафу Геракліту (каля 554–483 да н. э.), аднак мы лёгка можам знайсці яго паслядоўнікаў сярод родных бяроз і асін.

Да прыкладу, у снежні 2009 года адзіны палітык (АП) надаў сярэдняй зарплаце сакральны статус. Ён паставіў перад урадам задачу цаной «крыві з носу» выйсці на «святую лічбу» (500 у доларавым эквіваленце) да канца 2010 года.

Але ўсё цячэ, усё змяняецца. 19 красавіка ў Пасланні–2019 тое, што на працягу дзесяці гадоў афіцыйна лічылася святым, было паніжана да будзённага: «Мы павінны стварыць людзям мінімальна нармальныя ўмовы для жыцця. А гэта перш за ўсё тыя «няшчасныя» 500 долараў».

Тут напрошваецца яшчэ адна паралель, навеяная рэшткамі школьных ведаў з антычнай гісторыі і міфалогіі. Магчыма, чытач ужо здагадаўся, што гаворка ідзе пра Ахілеса і чарапаху.

Хутканогі герой не ў стане дагнаць чарапаху, бо за час, які ён марнуе на пераадоленне першапачатковай адлегласці, што аддзяляе яго ад прадстаўніка атрада паўзуноў, гэты ціхаходны прадстаўнік паспявае прапаўзці пэўную адлегласць.

З заробкам у доларавым эквіваленце ўжо дзесяцігоддзе назіраецца аналагічная гісторыя. Налічаны ў рублях заробак упэўнена расце, але гэтак жа ўпэўнена зніжаецца курс беларускага рубля. Звернемся да сакавіцкай статыстыкі.

Сярэдні заробак за першы вясновы месяц склаў 1056,9 рубля, што з улікам курсу на канец месяца (2,1285 BYN / USD) адпавядала 497 доларам.

Не хапіла нейкіх 3 долараў да «няшчасных» 500. Але не хапіла. Такім чынам, узяты ўладай дзесяць гадоў таму абавязак і цяпер застаецца не дасягнутым.

Урад разлічвае, што сярэдні заробак у 2019 годзе перавысіць 1000 рублёў. Упэўнены, што так яно і будзе. Але якім будзе на той час яго доларавы эквівалент? Гэтага не ведае ніхто, бо прадказваць курс беларускага рубля смяротным не дадзена. А таму гонка беларускага Ахілеса і беларускай жа чарапахі, хутчэй за ўсё, працягнецца.

Працяг артыкула чытайце тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(12)