Скандалы
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

Сына топ-мэнэджэра «Трайпла» падазраюць у фінансавых злачынствах на мільёны даляраў

Казьбек Япрынцаў, сын «правай рукі» алігарха Юрыя Чыжа — Уладзімера Япрынцава, заключаў мільённыя кантракты з рознымі фірмамі на пастаўку біядызэлю. Кампаніі пералічвалі яму грошы, але паліва не атрымлівалі.

Прадстаўнікі пацярпелых фірмаў сьцьвярджаюць, што вяртаньне грошай гарантаваў асабіста Ўладзімер Япрынцаў, намесьнік генэральнага дырэктара Юрыя Чыжа. Аднак на Казьбеку застаюцца мільённыя даўгі.

У выніку некаторыя СМІ паведамілі, што абодва Япрынцавы затрыманыя. А плаціць па рахунках Япрынцава-малодшага Лёнданскі суд можа прымусіць якраз кампанію «Трайпл».

Ва Ўкраіне кампанію, падкантрольную Япрынцаву-малодшаму, ужо судзілі і прызналі за ёй 1 мільён даляраў доўгу. Крыніца паведаміла Радыё Свабода, што прынамсі 5 кампаніяў страцілі свае грошы, заключыўшы з Казьбекам Япрынцавым дамовы на пастаўку біядызэлю.

Дамовы заключаліся на афшорную кампанію Казьбека Edena Investments, зарэгістраваную на Брытанскіх Віргінскіх астравах. Партнэры сьцьвярджаюць, што пры заключэньні дамоваў Япрынцаў-малодшы карыстаўся іміджам «Трайпла», дзе нібыта працаваў мэнэджэрам, праводзіў перамовы ў офісе кампаніі і меў рэкамэндацыі ад ранейшых партнэраў «Трайпла».

А калі пра ягоныя праблемы стала вядома бацьку, той ад свайго імя зрабіў «Трайпл» гарантам выплаты сынавых даўгоў.

Інфармацыя пра арышт намесьніка генэральнага дырэктара «Трайпла» Ўладзімера Япрынцава і ягонага адзінага сына — 33-гадовага Казьбека зьявілася пры канцы жніўня. Паведамлялася, што Япрынцаў-малодшы, магчыма, у турме яшчэ з 8-га жніўня, а ягонага бацьку паказальна затрымалі 14 жніўня ў рэстарацыі, дзе Япрынцаў-старэйшы сьвяткаваў 54-ты дзень народзінаў.

У якасьці магчымай вэрсіі затрыманьня выказвалася спроба вывесьці капіталы за мяжу. СМІ таксама адзначалі, што найбліжэйшы партнэр Уладзімера Япрынцава, уладальнік «Трайпла» Юры Чыж, ужо празь некалькі дзён спакойна зьбіраў бульбу разам з прэзыдэнтам на дзялцы ў Драздах.

Згадвалі і пра тое, што арыштаваць такога буйнога бізнэсмэна (№ 19 у рэйтынгу 200 самых пасьпяховых бізнэсмэнаў Беларусі паводле вэрсіі ej.by) можна толькі з дазволу самога кіраўніка краіны.

Праваахоўныя органы Беларусі адмовіліся прадстаўляць інфармацыю наконт лёсу Ўладзімера і Казьбека Япрынцавых. У прэс-службе КДБ Радыё Свабода сказалі, што гэтую справу па-ранейшаму не камэнтуюць. А прэс-служба Сьледчага камітэту адказала, што інфармацыяй пра Япрынцавых не валодае.

Кампанія «Трайпл» папрасіла даслаць запыт на электронны адрас прэс-службы, і мы чакаем ад іх камэнтароў.

Ёсьць таксама зьвесткі, што Ўладзімера Япрынцава адпусьцілі, і затрыманым застаецца толькі ягоны сын.

Цяпер высьвятляецца, што за некалькі апошніх гадоў Казьбек Япрынцаў набраў мільённых даўгоў, якія часткова могуць легчы на «Трайпл».

Чем известен сын заместителя гендиректора «Трайпла»

«Крокус К» і 1 мільён даляраў

У студзені 2013 году Казьбек Япрынцаў як прадстаўнік холдынгу «Трайпл» правёў перамовы з украінскай кампаніяй «Крокус К» пра пастаўку 5 тысяч тон дызэльнага паліва на суму 4,7 мільёна даляраў, — паведамілі Радыё Свабода ў гэтай украінскай кампаніі. Па выніках перамоваў «Крокус К» заключыў дамову з кампаніяй Казьбека Япрынцава Edena Investments і абавязаўся пералічыць усю суму ў якасьці перадаплаты.

«Нягледзячы на сумнеўнасьць юрысдыкцыі, у якой зарэгістраваная Edena Investments, мы ўлічвалі рэпутацыю кампаніі „Трайпл“, высокі статус яе саўладальніка, Уладзімера Япрынцава, таму магчымасьць падману падавалася нам неверагоднай», — кажа прадстаўніца кампаніі «Крокус К» Анжаліка Найко.

«Крокус К» перавёў належныя 4,7 мільёна даляраў на рахунак Edena Investments. А далей, як кажуць прадстаўнікі кампаніі, падзеі разгортваліся якраз паводле гэтага неверагоднага сцэнара.

Прадстаўнікі Edena Investments пачалі мяняць умовы і тэрміны пастаўкі. Пасьля паведамілі, што праз Edena Investments паставіць паліва немагчыма, і прапанавалі новую схему з удзелам падкантрольнай ім кампаніі.

«Пад пагрозай страты ўсіх сплачаных грашовых сродкаў мы былі вымушаныя пагадзіцца», — кажа Ангеліна.

Такім чынам абавязаньні паставіць 5 тысяч тон паліва ўзяла на сябе фірма Strawfield Logistics Ltd, зарэгістраваная на брытанскай антыльскай высьпе Ангілья.

У ліпені 2013 году Strawfield Logistics Ltd накіравала ў «Крокус К» ліст, дзе паведамляла, што паліва паставіць ня зможа, а атрыманую перадаплату верне на банкаўскі рахунак «Крокус К».

Каб вырашыць пытаньне, кіраўніцтва «Крокус К» прыбыла ў Менск.

Перамовы праходзілі ў кабінэце намесьніка генэральнага дырэктара «Трайпл» Уладзімера Япрынцава ў самім офісе кампаніі «Трайпл». У іх удзельнічалі Ўладзімер і Казьбек Япрынцавы, дырэктар «Крокус К» Ігар Хіргій і прадстаўнік украінскага банку, які ажыцьцяўляў фінансаваньне па кантракце паміж «Крокус К» і Edena Investments.

Вяртаньне грошай Уладзімер Япрынцаў гарантаваў асабіста, — кажуць у «Крокус К». Грошы вярталіся на рахунак «Крокус К» часткамі. Агулам вярнулася 3 мільёны 700 тысяч даляраў. Апошні плацеж прыйшоў у жніўні 2013 году.

Перамовы наконт 1 мільёна даляраў, які Казьбек Япрынцаў застаўся вінен «Крокус К», выніку не прынесьлі.

Тады ўкраінская кампанія зьвярнулася ў суд.

11 лютага 2014 году Міжнародны камэрцыйны арбітражны суд пры Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны прыняў рашэньне спагнаць са Strawfield Logistics Ltd вартасьць аплочанага, але не пастаўленага тавару і кампэнсаваць страты кампаніі «Крокус К».

Але свой 1 мільён даляраў «Крокус К» не атрымаў ад Япрынцава-малодшага дагэтуль.

«На дадзены момант іхная завінавачанасьць перад намі складае 1 мільён даляраў, гэта без уліку пені і нашых затрат, — кажа прадстаўніца кампаніі «Крокус К» Анжаліка Найко. — Нам хацелася б дабіцца справядлівасьці. Гэта пытаньне міжнародных стасункаў і добрасумленнага вядзеньня бізнэсу».

Уладзімер Япрынцаў

Jaspen Capital Partners і 1 мільён 700 тысяч даляраў

Суд ужо прызнаў кампанію Япрынцава вінаватай адзін мільён даляраў «Крокус К», але 27 лютага 2014 году Япрынцаў заключае новую дамову з чарговай украінскай фірмай. Гэтым разам — з кампаніяй Jaspen Capital Partners.

Паводле ўмоваў кантракту, 2000 тон біядызэлю кампанія Edena Investments мелася паставіць ва Ўкраіну з 15 сакавіка па 5 красавіка 2014 году:

«Мы ў гэты пэрыяд чакалі дызэльнае паліва, — распавядае сузаснавальнік Jaspen Capital Partners Пётра Спатар. — Пасьля Казьбек Япрынцаў, Аляксандар Арабян і Ісаак Пападопулас — гэта сябры Казьбека і супрацоўнікі групы кампаніяў „Трайпл“ — пад рознымі прыклёпамі казалі, што пастаўка пераносіцца. Аж да таго, што казалі: „Вось гэты дызэль ужо на ўкраінскай мяжы, ужо размытняецца ці прыйшоў на мяжу, заяўку трэба падпісаць“.

Пасьля ў адзін цудоўны момант сказалі — „прабачце, у нас трансакцыя не атрымалася, ці нешта такое, давайце замест дамовы па продажы дызэлю падпішам крэдытную дамову, паводле якой мы вам вернем грошы ў жніўні 2014 году“. Ізноў жа грошы не былі вернутыя. І амаль штотыднёва яны нам давалі нейкія абяцаньні».

Такімі «абяцанкамі» Казьбек і ягоныя сябры «кармілі» ўкраінскую кампанію цэлы год. На пачатку 2015 году Jaspen Capital вырашылі абвясьціць пра праблемы са сваімі беларускімі партнэрамі публічна. Пасьля гэтага частку грошай тыя вярнулі.

«Пасьля таго як гэта ўсё выйшла ў публічную плашчыню, у нас адбылася тэлефонная размова з Уладзімерам Япрынцавым, — кажа Пётра Спатар. — Уладзімер Япрынцаў сказаў наступнае: нібыта на дадзены момант у яго няма гэтай сумы грошай. Але ён зараз займаецца продажам нейкага недабудаванага офіснага будынку ў цэнтры Менску. Да канца верасьня ён павінен быць прададзены. І з грошай, якія ён атрымае за продаж гэтага будынку, ён разьлічыцца з намі».

Па словах Спатара, яшчэ пад новы 2015 год сам Казьбек распавядаў іншую гісторыю:

«Што зараз яны („Трайпл“. — РС) падпісалі буйны кантракт з урадам Беларусі. І ўрад Беларусі ім пералічвае 45 з паловай мільёнаў эўра. І з гэтых грошай яны нам заплацяць доўг. І такія казкі былі», — кажа Спатар.

Спатар сьцьвярджае, што хоць на пачатку году яны ўжо мелі гарантыю «Трайпла», але Казьбеку «верылі ня надта». Той нават дасылаў ім рахунак пра перавод 45 з паловай мільёнаў эўра паміж рознымі афшорнымі кампаніямі, нібыта ў пацьверджаньне сваіх словаў. (Копіі дакумэнтаў ёсьць у распараджэньні рэдакцыі Радыё Свабода.)

У выніку ў ліпені 2015 году Edena Investments, Jaspen Capital Partners і група кампаніяў «Трайпл» падпісалі трохбаковае пагадненьне, паводле якога кампанія Казьбека Япрынцава абавязвалася рабіць рэгулярныя плацяжы ў лік доўгу і скончыць выплаты да кастрычніка.

З боку «Трайпла» пагадненьне падпісаў намесьнік генэральнага дырэктара кампаніі Ўладзімер Япрынцаў — бацька Казьбека. На дакумэнтах стаіць пячатка групы кампаніяў «Трайпл».

Аднак пасьля інфармацыі пра арышт Казьбека і Ўладзімера Япрынцавых плацяжы ад іх у бок Jaspen Capital Partners спыніліся. Украінская кампанія зьвярнулася з афіцыйным запытам у «Трайпл» і Edena Investments.

«Група кампаніяў «Трайпл» у асобе Юрыя Чыжа адказала нам, што кампанія «Трайпл» не прызнае дадзеную дамову, бо Юры Чыж на пасадзе генэральнага дырэктара не ўпаўнаважваў Уладзімера Япрынцава, які зьяўляецца намесьнікам генэральнага дырэктара і партнэрам кампаніі «Трайпл», падпісваць нейкія дакумэнты ад імя «Трайпл», — кажа Пётра Спатар.

Украінскую кампанію гэта не задаволіла, і яны падалі пазоў супраць кампаніі Казьбека Япрынцава па месцы рэгістрацыі — у Ўсходне-Карыбскі вярхоўны суд.

«Папярэдняе слуханьне прызначана на пачатак кастрычніка. На слуханьні будзе прызначаны ліквідатар Edena. Мы ведаем, якая кампанія будзе ліквідатарам, і шэраг задач перад ёй паставілі», — сьцьвярджае Пётра Спатар.

Япрынцаў-малодшы давядзе «Трайпл» да суду

Пасьля слуханьняў у судзе 5 кастрычніка на працягу аднаго-двух тыдняў кампанія-ліквідатар атрымае доступ да банкаўскіх рахункаў Edena Investments.

«І мы зможам пабачыць, куды Казьбек Япрынцаў вытраціў грошы, якія яму былі пералічаныя на куплю дызэлю, — кажа Пётра Спатар. — Гэтую інфармацыю мы зьбіраемся зрабіць публічнай для далейшага ціску ці магчымага пераводу справы з цывільнай у крымінальную плашчыню».

Ужо на гэтым тыдні юрысты Jaspen Capital Partners падаюць у Лёнданскі суд на саму групу кампаніяў «Трайпл».

«Яна — адзін з удзельнікаў трохбаковага пагадненьня, выступала гарантам па нашай трансакцыі, — тлумачыць гэтыя дзеяньні Пётра Спатар. — Юры Чыж кажа, што не ўпаўнаважваў нікога, але ў нашых юрыстаў і ў нас іншае бачаньне. Мы рэгулярна дасылалі эмэйлы на афіцыйны адрас і на афіцыйны эмэйл групы кампаніяў „Трайпл“. Таму казаць, што яны ніколі ня ведалі і ніколі не ўпаўнаважвалі, празь некалькі месяцаў пасьля падпісаньня, — гэта не зусім правільна».

Пётра Спатар кажа, што пасьля таго як на пачатку году ўголас распавялі пра свае праблемы з Казьбекам Япрынцавым, да іх зьвярнуліся яшчэ чатыры кампаніі, якія пацярпелі ад яго. Гэта кампаніі са Швайцарыі, Беларусі і Ўкраіны. Адна зь іх — якраз «Крокус К».

«Яны таксама пачалі працаваць з Казьбекам Япрынцавым, заплацілі яму нейкія грошы, некаторыя зь іх атрымалі гарантыю „Трайпла“, і пасьля гэтаксама, як мы, слухаюць шмат розных гісторыяў, абяцаньняў наконт вяртаньня грошай», — кажа Спатар.

Цяпер Edena вінаватая ўкраінскай кампаніі 1 мільён 700 тысяч даляраў. Яшчэ 700 тысяч даляраў кампаніі ўдалося вярнуць.

Усе маўчаць, бо Казьбек ведае, як «Трайпл» пастаўляў ва Ўкраіну бязмытны расейскі біядызэль?

Гарантыйны ліст

Чаму дасьведчаныя ўкраінскія кампаніі даверыліся афшору зь беларускімі каранямі і як Казьбеку Япрынцаву ўдалося пераканаць, што ў яго ўвогуле ёсьць біядызэль?

«Мы ў гэтую трансакцыю ўваходзілі ня самі, у нас быў украінскі партнэр — група кампаніяў „Маратоні“, якая належыць Васілю Галаванічу. Тры гады таму ён гандляваў дызэлем з групай кампаніяў „Трайпл“, як я разумею, непасрэдна праз Казьбека Япрынцава, — кажа Пётра Спатар з Jaspen Capital Partners. — Тое, што Трайпл займаўся дызэлем, — гэта публічна. Мы ішлі праз чалавека, які зь імі гандляваў, і непасрэдна праз Казьбека Япрынцава. У нас пытаньняў не ўзьнікала».

Гісторыя «Трайпла» на ўкраінскім рынку нафтапрадуктаў сапраўды прыкметная. У 2012 годзе беларуская кампанія расквітнела тут настолькі, што заняла 42% долі ўсяго рынку. Палову посьпеху склалі пастаўкі славутага ПБД — паліва біядызэльнага.

«У Беларусі проста мянялі ягоную маркіроўку, дадавалі сымбалічна нейкі кампанэнт і бяз мыта адпраўлялі ва Ўкраіну», — распавядае экспэрт у пытаньнях рынку паліва і нафтапрадуктаў Сяргей Куюн.

Набліжаная да Аляксандра Лукашэнкі кампанія «Трайпл» купляла прадукт у Расеі, дадавала ў яго біяпрысадкі і адпраўляла за межы Мытнага саюзу, ня сплочваючы расейскага мыта, якое ў 2012 годзе складала 250 даляраў за тону. Паводле ўкраінскага экспэрта, гэтая схема ўзбагачэньня беларускай кампаніі не была ні для кога сакрэтам. Яна падрабязна апісаная ва ўкраінскіх і беларускіх СМІ.

«Усе разумелі, што адбываецца. Хто мусіў бы крыўдзіцца — дык гэта расейцы, якія свайго мыта не атрымлівалі, — тлумачыць Куюн. — Дызэль бязмытна праходзіў у Беларусь у межах Мытнага саюзу. А за межы яго выходзіў зь іншым кодам. Але па сутнасьці гэта было тое ж дызэльнае паліва».

Пасьпяховы бізнэс, у які, як кажуць, быў замяшаны і Япрынцаў-малодшы, давялося прыкрыць, калі расейцы ўголас выкрылі аналягічную схему з разбаўляльнікамі-распушчальнікамі. Дзякуючы ёй, Беларусь толькі ў 2011 годзе ўзбагацілася на 2 млрд даляраў.

Магчыма, бацька стаў закладнікам схемаў сына

Праўда, Сяргей Куюн, які ўзначальвае ўкраінскую кансалтынгавую кампанію «А-95», зьдзіўлены, што «Трайпл» можа быць замяшаны ў справы з невыкананьнем кантрактаў і невяртаньнем грошай.

Выглядае, што Япрынцаў-малодшы калі не наўпрост карыстаўся рэпутацыяй «Трайпла» і свайго бацькі, то прынамсі не адмяжоўваўся ад іх.

Крыніца Радыё Свабода выказвае меркаваньне, што сам Уладзімер Япрынцаў адпачатку ня ведаў пра праблемы сына.

«Магчыма, бацька стаў закладнікам схемаў сына, — кажа ананімная крыніца. — У пэўны момант Казьбек пабачыў, што можна лёгка зарабляць грошы, падманваючы людзей, а Ўладзімер калі даведаўся, ужо стала позна».

Украінская кампанія Jaspen Capital Partners сьцьвярджае, што ступень удзелу «Трайпла» ў справах кампаніі Япрынцава-малодшага стане вядомая, калі зьявіцца доступ да банкаўскіх выпісак ягонай фірмы.

Калі справа будзе разьвівацца паводле апісанага іх прадстаўніком сцэнару, гэта адбудзецца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)