Общество

«Сын зьдзівіўся, што настаўніца не крычыць». Як дзеці беларусаў-уцекачоў вучацца за мяжой

Дзясяткі тысяч беларусаў выехалі за гэты год за мяжу. Людзі ўцякалі ад перасьледу. Цяпер яны ўладкоўваюць сваё жыцьцё ў іншых краінах. Як справы з адукацыяй дзяцей у краінах, дзе беларусы знайшлі сабе часовы прытулак, піша Свабода.

«У наш бок ніхто з палякаў коса ніколі не глядзеў»

У лютым 2021 году гомельская міліцыя распачала «пагром» Навабеліцкага раёну. Надта часта ў тэлеграм-каналах зьяўляліся здымкі з «партызанамі» і раённым сьцягам. У адзін дзень затрымалі сама меней 10 сем’яў. Пад «зачыстку» трапілі Цімафей і Наста Яжовы. Пасьля ператрусаў, допытаў і перасьледу яны вырашылі пакінуць краіну. Аселі ў польскай Лодзі.

Наста зь дзецьмі Леанідам і Канстанцінам

У пары двое дзяцей — 8-гадовы Канстанцін і 10-гадовы Леанід. Яны вучацца ад сакавіка ў польскай школе. Там ёсьць нулявая кляса, таму дзеці пайшлі вучыцца на клясу ніжэй, чым у Беларусі. У верасьні малодшы пойдзе ў другую, старэйшы — у чацьвёртую. Праблем з уладкаваньнем у іх не было — вучацца ў школе, што побач з домам.

«Уладкаваліся мы так: пайшлі проста да дырэктара школы і на мяшанцы беларускай, польскай і расейскай моваў і з дапамогай google-перакладчыка патлумачылі, чаго мы хочам. Да нас паставіліся добра, з разуменьнем, і ўзялі ў школу адразу. Мы былі на той момант у іх першыя беларусы. Насамрэч мы перажывалі больш, чым дзеці. Нам пашанцавала і са школай, і з настаўнікамі. Дзецям прызначалі дадатковыя ўрокі польскай мовы два разы на тыдзень. Яшчэ займаліся з рэпэтытарам», — кажа Наста.

Яна ўспамінае, што малодшы Канстанцін у Беларусі наогул не хацеў хадзіць у школу, бо там на яго крычала настаўніца.

«Цяперашнюю настаўніцу ён ацаніў як добрую, кажа, што яна не крычыць, ня сварыцца на дзяцей. Наогул я сама назірала за заняткамі, калі яны былі онлайн. Мне спадабаліся настаўніцы. Яны роўна ставяцца да ўсіх дзяцей. Нікога не вылучаюць. Бо ў нас дома было так, што настаўніца назаве некага „тупым“, і дзеці яго ўсьлед за настаўніцай пачынаюць шальмаваць.

Вялікі плюс — настаўніцы не нэрвуюцца, не прыніжаюць дзяцей, ставяцца да іх як да асобаў. І малодшаму, і старэйшаму ў школе спадабалася. Старэйшы, дарэчы, мала калі мне што апавядаў пра школу ў Гомлі. Тут жа, калі я забіраю яго са школы, ён падрабязна расказвае, што было на ўроках, што праходзілі. Значыць, яму там камфортна», — кажа Наста.

Яна зазначае, што ні ў яе бок, ні ў бок дзяцей ніхто з палякаў не сказаў нічога кшталту «Панаехалі» і не паглядзеў коса.

Наста кажа, што ў школе шмат творчых заняткаў для дзяцей, яны шмат малююць, робяць нешта рукамі.

«Неяк у старэйшага, Лёні, была кантрольная. І дзеці не пасьпелі напісаць, прагучаў званок. Настаўніца сказала, каб ішлі на перапынак, потым дапішуць. Лёня так зьдзівіўся і казаў мне: „Мама, яна не сказала, што мы тупыя, што мы нічога не пасьпяваем і будзем пісаць на перапынку!“. Значыць, так гаварыла нейкая настаўніца ў гомельскай школе», — дадала былая гамяльчанка.

Бацькі далі згоду на тое, каб дзеці наведвалі рэлігійныя заняткі.

«Настаўніца нам патлумачыла, што гэта ж ня толькі пра каталіцкую веру, а пра міласэрнасьць, фармаваньне добрых якасьцяў. На тых уроках яны таксама шмат займаюцца творчасьцю», — кажа Наста.

Па выніках мінулага навучальнага году дзеці атрымалі граматы і кнігі ў падарунак. «На лінейцы іх хвалілі, сказалі, што зрабілі вялікі скачок у вывучэньні польскай мовы. Зразумела, яны сумуюць па сябрах у Гомлі, па бабулі-дзядулі, але не па школе», — дадала беларуска.

«У школе сказалі, што ўкраінскую мову дзіця вывучыць хутка»

Алена з мужам да пераезду ў сталіцу Ўкраіны жылі ў Мазыры. Пераезд быў незаплянаваны — па мужа «прыйшлі» ўлетку. Міліцыя прычапілася да нейкай карцінкі, якую жыхар Мазыра даслаў праз Viber. Карцінка пацягнула на крымінальную справу кшталту «абразы прадстаўніка ўлады». Сям’я спакавала мінімум рэчаў і пераехала ва Ўкраіну. У Кіеве яны толькі каля месяца.

У сям’і трое дзяцей. Арцёму 7 гадоў, Дзіяне 13, старэйшай дачцэ Віялеце — 17.

Арцёма ўладкавалі ў школу з украінскай мовай навучаньня, Дзіяну — у онлайн-школу з расейскай мовай навучаньня. Украінскую мову там таксама будуць вывучаць, бо іспыты безь яе не здасі.

«Са школай для Арцёма не было ніякіх праблем. Прыйшлі да завуча, прынесьлі дакумэнты, і ўсё. Яна сказала, што з украінскай мовай ня будзе праблем — дзіця «схопіць» яе за 2-3 месяцы. Дзіяна будзе займацца ў онлайн-школе, якую тут адкрылі беларусы ў Кіеве. Са старэйшай вось праблемы.. У Беларусі яна вучылася на трэцім курсе каледжу, тут жа не бяруць, можа толькі нанава паступаць, па яе спэцыяльнасьці ці платна. Але мы платна, мусіць, не пацягнем пакуль. Часовага віду на жыхарства мы ня маем, працаваць пакуль ня можам, грошай у нас ня надта... Уцякалі зь Беларусі, запасаў асабліва не было», — кажа Алена.

Яна марыць як мага хутчэй вярнуцца дахаты, у Мазыр, і думае, што ўцёкі — гэта ненадоўга.

«Добра, што мяне звольнілі зь беларускай школы. Ня бачу сябе часткай гэтай сыстэмы»

Ганна да ўцёкаў ва Ўкраіну працавала настаўніцай у Гомлі. Яна страціла працу летась, пасьля таго як трапіла на акцыі пратэсту ў аб’ектыў журналістаў. Здымак убачыла кіраўніцтва — і Ганну звольнілі.

Выехаць ёй з мужам і дзецьмі давялося гэтым летам — пасьля ператрусаў і допытаў у яе і мужа. У мужа — у справе аб «акце тэрарызму». «За два дні сабралі рэчы і паехалі», — кажа Ганна.

Дзяцей у сям’і двое: сыну 10 гадоў, дачцэ — 7.

«У звычайную школу з украінскай мовай дзяцей прынялі без аніякіх праблем. І я ня бачу праблемы ва ўкраінскай мове, таму што мы тут застаёмся, паступаць недзе потым трэба будзе. Ёсьць беларускія школы онлайн. Але яны платныя. Мы іх не пацягнем. Мы ўжо вучым зь дзецьмі ўкраінскую мову.

Дачцэ падабаецца, яна гаворыць, што ўкраінская мова прыгожая, мэлядычная. Сыну цяжкавата пакуль з мовай. Зь дзецьмі яны гуляюць, размаўляюць — на сумесі расейскай і ўкраінскай. Праблемаў няма ў камунікацыі. Наогул праблема мовы для мяне не стаяла. Галоўнае, каб дзеці былі ў бясьпецы, каб не прыходзілі гэтыя „чорныя“, АМАП. Дзеці дагэтуль неадэкватна рэагуюць, калі бачаць украінскіх паліцыянтаў. Проста сьціскаюцца», — кажа Ганна.

Яна задаволеная, што ў школе ёсьць праграмаваньне, робататэхніка, ангельская мова і танцы. «А ваенрукоў, як у беларускіх школах цяпер, няма. Я сама цешуся, што больш не працую ў беларускай школе. Ня бачу сябе часткай гэтай сыстэмы. Не разумею, як цяпер дзеці будуць вучыцца, калі настаўнікі будуць гаварыць ім у школе адно, гэтае ўсе „ідэалягічна правільнае“, а бацькі дома — другое», — кажа былая жыхарка Гомля.

«Расейскамоўная школа ў Вільні ня надта адрозьнівалася ад беларускай»

Блогер Андрэй Павук, стваральнік суполкі «Рудабельская паказуха», прызнанай беларускімі ўладамі экстрэмісцкай, пераехаў у Літву з жонкай і дзецьмі ў верасьні мінулага году.

Андрэй Павук з дачкой Соф'яй, архіўнае фота

Арсень, сын Андрэя і Вольгі, пайшоў у трэцюю клясу, дачка Соф’я — у першую.

«Спачатку мы зьвярнуліся ў беларускую гімназію, але там не было месцаў. Пайшлі ў расейскамоўную школу, там нас прынялі. Наогул у Вільні ёсьць габрэйскія, расейскія, польскія школы.

Нас прынялі ў школу, хоць дакумэнтамі ў нас былі «лапы і хвасты» — толькі пасьведчаньні пра нараджэньне ды пашпарты. Мы ж пераехалі незаплянавана, нечакана. У школе ёсьць бясплатнае харчаваньне для першай клясы. Калі навучаньне было онлайн, дзецям выдавалі прадуктовыя наборы. Гэта нас так зьдзівіла! Ня ты нясеш нешта ў школу, а табе даюць. Дзеці ў нас пераборлівыя, але школьным харчаваньнем былі задаволеныя, елі там.

Старэйшаму абеды былі платныя — 11 эўра за тыдзень. Цяжка было, калі навучаньне перайшло ў онлайн. Нашым не было як камунікаваць зь іншымі дзецьмі, ды і на якасьці адукацыі гэта адбілася. Але мне здаецца, што літоўская адукацыя больш прасунутая — дзеці ў 3 клясе ўжо лічылі ў слупок трохзначныя лічбы», — дзеліцца Вольга.

Яна засталася не задаволеная расейскамоўнай школай па некаторых фактарах. Вольга кажа, што там праблемы з кадрамі, настаўнікі многія ва ўзросьце, таму гэта накладае «такі флёр» на працэс адукацыі.

«Напрыклад, адна настаўніца — тыповая «ябацька», пачала мне адразу гаварыць пра Ціханоўскую, хоць я не заводзіла такіх размоў і прасіла яе не абмяркоўваць. Адчувалася такое перадузятае стаўленьне, калі казалі: «А вось у нас сваякі ў Горадзенскай вобласьці, і ім усё падабаецца!». Іншая настаўніца, можа, праз паважаны ўзрост, не магла даць рады дзецям, і гэта ўплывала і на пасьпяховасьць, і на паводзіны. Пазытыў быў у тым, што яны ўсё-ткі стараліся дапамагаць, дапамагалі зь літоўскай мовай па-за ўрокамі», — лічыць былая жыхарка Акцябрскага.

Яна задаволеная, што дзецям ня «пудраць мазгі» ідэалёгіяй. «Нічога лішняга, апроч ведаў. Ёсьць рэжысэрскі, танцавальны гурткі, тэатар. Праблема, што сыну і дачцэ не хапае стасункаў зь дзецьмі. Мусіць, нам трэба часьцей хадзіць у госьці да іншых беларусаў», — кажа Вольга.

«У беларускай школе ў другой клясе Арсенію стала проста нецікава. Бо праграма была прымітыўнай, кшталту «Сонца — яно жоўтае, круглае». І Арсеній, паколькі ён даволі разьвіты, перастаў праяўляць увагу, цягнуць руку. Тады настаўніца нам заявіла: «Можа, у вас нейкія праблемы ў сям’і?». Такую выснову зрабіла», — зазначыла Вольга.

На гэты навучальны год яна перавяла дзяцей у іншую школу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)