«Сымбаль бай усё». Зачынілася адна з самых вядомых крамаў нацыянальнай сімволікі

Праект будзе весці адукацыйную дзейнасць у сацыяльных сетках.

Крама нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by канчаткова спыніла сваю працу, у тым ліку ў анлайн-фармаце. Пра прычыны гэтага вымушанага кроку, а таксама пра тое, якім чынам можна падтрымаць каманду, стваральнікі праекту распавялі на сваім афіцыйным сайце.

«Усе падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол нашай кампаніі, прывялі да таго, што мы больш не можам арэндаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў»,  – патлумачылі заснавальнікі Symbal.by.

Нагадаем, яшчэ ў чэрвені 2020 года мінская санстанцыя патрабавала зачынiць пашывачны цэх крамы за парушэнні, якія «стваралі пагрозу нацыянальнай бяспецы, шкоду жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнаму асяроддзю». Былі канфіскаваныя 419 цішотак з надпісам «ПсихоЗ%» (іх, адзначае дырэктар крамы Павел Белавус, уласнікам не вярнулі нават пасля экспертызы і сплочвання штрафаў), а ў кампанію і на вытворчасць некалькі разоў прызодзілі праверкі з міліцыі, падатковай інспекцыі і АБЭЗ.

Літаральна праз некалькі дзён праз патрабаванне райаддзела па надзвычайных сітуацыях Савецкага раёна Мінска была зачыненая і сама афлайн-крама на Машэрава, 18. Людзей, якія прыйшлі ў апошні працоўны дзень падтрымаць кампанію і набыць сувеніры ці падарункі з нацыянальным каларытам, брутальна затрымліваў АМАП.

Нягледзячы на шматлікія праверкі, якія прайшлі ў тым ліку ў кампаній і прадпрымальнікаў-партнёраў Symbal.by, і на тое, што мытня не выпусціла з Беларусі і не вярнула ў краму больш як 200 пасылак з замовамі замежных пакупнікоў, анлайн-крама працягвала працаваць да 30 студзеня гэтага года. Але ў гэты дзень проста на працоўных месцах былі затрыманыя АБЭЗам і адпраўленыя на Акрэсціна чатыры супрацоўнікі крамы, якія ў выніку атрымалі ад 15 да 20 сутак арышту па артыкулах 17.1 і 23.4, а ўсе тавары і тэхніка былі канфіскаваныя.

«Розныя дзяржаўныя органы ўтрымліваюць нашыя тавары і рэчы на агульную суму больш за 50 тысяч рублёў, пры гэтым не паведамляючы пра іх далейшы лёс і статус, – зазначае  Павел Белавус. – Краму Symbal.by забілі, але верым, што яна некалі ўваскрэсне. Місія на дадзены момант выканана: сваёй сямігадовай дзейнасцю мы даказалі, што ёсць у беларусаў свая мова, свая гісторыя і свае сімвалы, якія яны сапраўды любяць, паважаюць і гатовыя за іх змагацца. Мы спыняем гандлёвую працу, але як і раней будзем весці нашыя сацыяльныя сеткі і расказваць беларусам пра цікавыя падзеі і з’явы прысвечаныя беларускай мове, гісторыі, сімвалам і традыцыям».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(8)