Общество

Сямён Печанко

Сяржук Бахун: «Мінулы год запомніўся светлымі тварамі людзей»

Грамадскі актывіст Сяржук Бахун падсумоўвае вынікі 2020-га і дзеліцца парадай на будучыню.

Сяржук Бахун. Фота: facebook.com/dziejaby

Год таму я не мог уявіць сабе маштабы пратэстаў, якія вось-вось задарацца. Было зразумела, што Віктар Бабарыка, Валер Цаплкала ды Сяргей Ціханоўскі маюць пэўны рэйтынг. Што ўлада ў асобе Аляксандра Лукашэнкі, наадварот, нарошчвае антырэйтынг.

Тое, што беларусы здольныя на сур’ёзны ўчынак, я адчуў пасля чэргаў на пікетах па зборы подпісаў. І гэтае адчуванне толькі ўмацавалася ў часе паездак Святланы Ціханоўскай па краіне. Я быў на такой сустрэчы ў родным Берасці.

Стала зразумела, што патрэбныя лічбы на выбарах усё адно «намалююць», але гэтым разам беларусы проста так гэта не пакінуць без рэакцыі.

За гэты год краіна змянілася. Як палітыка Лукашэнкі, так і грамадства. Улады абралі адзіны вектар — на Усход. Той жа Уладзімір Макей, дыпламат, які мусіць рабіць усё, каб краіна супрацоўнічала з чым найбольшай колькасцю дзяржаваў, заявіў пра пераход да аднавектарнасці, пра адмову ад прынцыпаў нейтральнасці. Гэта непрафесійна.

Грамадства моцна змянілася. За год яно прайшло шлях, які мусіла адолець за апошнія 26 год. Восенню быў выпадак. Я разгаварыўся з маладой дзяўчынай. Яна ведала і пра самыя розныя палітычныя кампаніі, і пра знікненні апанентаў улады напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х. І я запытаў, адкуль яна ўсё гэта ведае ў такім маладым узросце.

Дзяўчына адказала, што за месяцы кампаніі перачытала ўсю найноўшую гісторыю Беларусі — ад палітыкі да эканомікі. Сказала, што як у чалавека можа быць кіслароднае галаданне, так у яе быў недахоп ведаў пра сваю краіну.

Мы думалі, што большасць ні чым не цікавіцца. Ну, хіба што тым, што ў іх у халадзільніку. Можа раней так і было, але людзі змяніліся. Зразумелі, што адным халадзільнікам жывы не будзеш. Што для паўнавартаснага жыцця важныя і духоўныя, маральныя моманты. Зразумелі і тое, што можна, натуральна, не цікавіцца палітыкай, але рана ці позна яна сама зацікавіцца кожным.

Раней я слаба ведаў сваіх суседзяў. Ты прыязджаеш дамоў, вітаешся з чалавекам на лесвічнай пляцоўцы і вы разбягаецеся па сваіх кватэрах.

Цяпер я магу і з тым чалавекам пагутарыць, і з гэтым. Знаёмства стала больш шчыльным. І так у многіх. Людзі зразумелі, што сіла ў кансалідацыі. Мы можам з сябе нешта ўяўляць тады, калі мы разам. Калі мы будзем раздробленыя, па-асобку, намі будзе прасцей кіраваць.

У сям’і мала што змянілася. Усе мы засталіся пры ранейшых поглядах ды перакананнях. Хіба што ў кагосьці з родных стала менш веры ў тое, што Расія можа вырашыць нашы праблемы.

Ніякія рэпрэсіі не ўтрымаюць грамадства, калі скончыцца падтрымка з боку Масквы. Так было напрыканцы існавання ГДР. Спецслужба «Штазі» была ці не больш крыважэрнай, чым савецкі КДБ, але калі СССР спыніў падтрымку, то яна нічога не змагла зрабіць з жаданнем немцаў аб’яднацца, стаць адной нацыяй.

Рэжым робіць стаўку на рэпрэсіі, але калі падтрымка з Масквы скончыцца, ніякі гвалт не дапаможа захаваць уладу.

Самае светлае — гэта твары людзей, якіх у 2020-м сустракаў на вуліцах нашых гарадоў. Адчувалася, што мы сталі адной сям’ёй, мы былі разам. Нібы побач стаялі браты і сёстры. Калі цяпер паглядзець фотаздымкі — з іх ідзе пазітыў і натхненне.  

Смерці людзей, якіх не павіна было быць, сталі для мяне ў 2020-м чорнай старонкай. Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка ды іншыя.  

Жыццё — самае каштоўнае, што ёсць у чалавека. Я разумею, што ёсць палітычная барацьба. Але нельга пераходзіць рысу і забіраць дзеля гэтай барацьбы жыцці людзей.

Гэтыя смерці застануцца чорнай плямай у гісторыі Беларусі.

Што мы мусім рабіць далей? Жаданых вынікаў мы можам дачакацца не хутка. Калі мы хочам пераменаў, то мусім развіваць і цаніць фундаментальныя каштоўнасці. Чалавек можа не размаўляць паўсюль па-беларуску, але мусіць любіць родную мову, не дазваляць абражаць яе.

Мусім цаніць незалежнасць нашай краіны, гартаваць нацыянальную самасвядомасць. Гэта тое, што здольнае аб’яднаць нас, каб прайсці доўгую дыстанцыю, як яднала палякаў напрыканцы 80-х.

Калі мы хочам збудаваць уласны дом, то незалежнасць, мова і самасвядомасць будуць цэглай і цэментам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(22)