Скандалы
Уладзімер Глод, ”Радыё Свабода”

Сяргею Скрабцу пяты раз пагражаюць апiсаць маёмасьць

Менскі гарадзкі гаспадарчы суд запатрабаваў з кіраўніка дэпутацкай групы «Рэспубліка» у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца 9 мільёнаў 920 тысячаў рублёў. Грошы Скрабец павінны перавесьці на рахунак падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну сталіцы.

Калі былы дэпутат адмовіцца выканаць судовую пастанову, яго маёмасьць апішуць. Сяргей Скрабец сказаў «Радыё «Свабода», што ён патрапіў у безвыходнае становішча: «Я ўжо з улікам знаходжаньня ў турме чатыры гады нідзе не працую. Мяне, былога намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі, не бяруць нават інжынэрам па тэхніцы бясьпекі. Мае дакумэнты год безвынікова праляжалі на працоўнай біржы. Адкуль жа я вазьму грошы? А што тычыцца апісаньня маёмасьці, дык яно стане ўжо пятым. Усё ўжо апісана і перапісана».

Сяргей Скрабец быў асуджаны Вярхоўным судом на 2,5 гады турэмнага зьняволеньня за вымаганьні крэдытаў у дзяржавы. Сам ён абвяргае гэтае абвінавачваньне і гаворыць, што пацярпеў за сваю палітычную дзейнасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)