Спачатку я думаў падарыць ім кнігу, але потым вырашыў яе агучыць, бо больш шанцаў, што яны паслухаюць, а праз гады ў іх адгукнецца беларушчына. Бо ў мяне, на жаль, не было такога чалавека, які б паказаў беларускую культуру. Таму насамрэч я раблю ўсё для іх.
Сяргей Верамеюк: «Хачу працаваць у Еўропе на заводзе, каб набрацца ведаў і прыехаць з імі ў Беларусь»
Студэнт, адлічаны за дзень да абароны дыплома, распавядае «Салiдарнасцi», як будуе сваё жыццё ў Польшчы i марыць вярнуцца дадому.
Летам 2021 года ў Мінску каля інтэрнату затрымалі студэнта БНТУ Сяргея Верамеюка. Гэта здарылася за дзень да запланаванай абароны дыплома — хлопец вучыўся на інжынера пяць гадоў. Пасля 15 содняў на Акрэсціна Сяргея адлічылі. Не дапамагло нават тое, што ён шмат выступаў ва ўніверсітэце, бо займаецца музыкай, а ў 2018 годзе стаў «студэнтам года» БНТУ.
Сяргей распавёў «Салідарнасці», як склаўся яго лёс пасля затрымання і адлічэння, пра абарону дыплома ў Варшаўскім палітэху, працу, а таксама пра творчасць у выгнанні і мары аб будучыні.
«У машыне адразу спыталі: «Ну, як будзем базарыць: паролі дасі, не?»
— У 2020 годзе я быў амаль на ўсіх пратэстах: спачатку на радзіме ў Брэсце, потым — у Мінску, — успамінае суразмоўца. — Я таксама шмат выказваўся, пісаў, ва ўніверсітэце прасоўваў сваю пазіцыю ў дэканаце.
Статус публічнага чалавека як музыкі і актывіста спрацоўваў па-рознаму: з аднаго боку, да мяне было больш увагі, з іншага, ён дапамагаў.
Вядома, ва ўніверсітэце мая пазіцыя не падабалася: кіраўніцтва хацела, каб усе сядзелі ціха-спакойна. Калі праходзілі акцыі пратэсту, мяне выклікалі на размовы ў дэканат: проста каб я ў гэты час не мог выйсці на пратэст.
25 сакавіка 2021 года, на Дзень Волі, Сяргея затрымалі па дарозе ў інтэрнат. Тады студэнт атрымаў першыя 15 содняў, пасля якіх працягнуў вучыцца. Першы раз, дадае Сяргей, ва ўніверсітэце яго «прыкрылі», але другі раз так зрабіць ужо не атрымалася. У чэрвені, за дзень да абароны дыплома, студэнта зноў затрымалі і павезлі ў ГУБАЗІК.
— Я прыехаў з Брэста ў Мінск спецыяльна за дзень да абароны, каб спакойна падрыхтавацца. Але каля інтэрнату да мяне падышлі сілавікі і затрымалі. У машыне адразу спыталі: «Ну, як будзем базарыць: паролі дасі, не?». Я адразу ўсё даў.
Калі мяне прывезлі ў ГУБАЗІК, то праверылі ўсе дэвайсы. Потым паказвалі фотаздымкі дзяўчыны, з якой мы былі падпісаныя адзін на аднаго ў Instagram — шмат пра яе пыталі, хто яна, што я ведаю і г.д. Мы былі знаёмыя толькі завочна, і я проста адказаў, што мы ставім адзін аднаму лайкі.
Пасля мяне прывялі да Луненіча Ігара Паўлавіча. Ён адразу пачаў надзімацца і казаць: «Чё ты х**нёй занимаешься?». Я адказаў, што нідзе нічога не раблю, жыву спакойнае жыццё. Ён яшчэ некалькі разоў паўтарыў сваё пытанне, але калі зразумеў, што нічога ад мяне не зловіць, яго тон змяніўся, прагучала: «Ладна, зараз тэлефануем ва ўніверсітэт, калі за цябе ўпісваюцца, едзеш вучыцца далей, калі не — едзеш адпачываць». Я адразу зразумеў, што ніхто мне там не дапаможа, але не ведаю, ці сапраўды ён тэлефанаваў.
Пасля содняў Сяргея адлічылі з БНТУ; на той момант у яго ўжо была позва ў ваенкамат.
— Мне проста сказалі: ну, прабач, нічога зрабіць не можам. Але людзі, з якімі я размаўляў менавіта тады, былі вельмі спачувальнымі. Было два варыянты, як мяне можна адлічыць: паставіць два за абарону дыплома (і тады давялося б выплочваць грошы за пяць гадоў навучання, бо я вучыўся на бюджэце), ці паставіць пропуск па няўважлівай прычыне.
Мне паставілі пропуск. Аднавіцца я адразу не мог, бо ў мяне ўжо была позва ў ваенкамат, то бок, толькі пасля службы.
— Не было злосці, усё-такі адлічылі на фінішнай прамой?
— Не было, бо я быў да гэтага гатовы. Я проста думаў, што рабіць далей, ці ісці ў войска. Мне гэтая тэма блізкая, і калі б у краіне было ўсё добра, пайшоў бы служыць. Але падумаў, што пасля двух адсідак лепш з’ехаць і атрымаць дыплом.
«У Польшчы я студэнтам купляў сабе ўсё патрэбнае, адкладаў грошы і змог купіць машыну»
Прыехаўшы ў Варшаву, адлічаны студэнт адразу пайшоў у Варшаўскую палітэхніку — Сяргей ужо няблага валодаў польскай мовай, бо за час навучання ў БНТУ скарыстаўся праграмай абмену і некаторы час вучыўся ў Любліне. Хлопец растлумачыў сваю сітуацыю: што яго адлічылі і ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.
— Праз пару дзён патэлефанавалі, сказалі падаць дакументы, і праз час я ўжо быў залічаным ва ўніверсітэт. Акадэмічная розніца была маленькая, таму я адразу трапіў на апошні курс. Новы дыплом я не пісаў — пераклаў на польскую сваю працу з БНТУ.
Вось, дарэчы, адзначыў, што ў Беларусі амаль усе студэнты пішуць дыпломны праект. А ў Польшчы — дыпломную працу, даследчы дыплом. Калі б я ў Беларусі пісаў нешта кшталту «давайце заменім печ на МТЗ з адной на другую», у Польшчы мусіў быў пісаць дыплом нанова. А я пісаў даследчы дыплом, і таму ён тут прайшоў. У групе такіх прац было мiнiмум.
Ва ўніверы ўсе былі вельмі зычлівыя, дапамагалі, у тым ліку з перакладам дыплома. Потым мне самі прапанавалі пайсці на магістратуру. У выніку я здаў бакалаўр на чатыры з паловай (з пяці — С.), магістратуру — на 5. Я там ледзь не плакаў, бо быў удзячны за гэту магчымасць.
Калі скончыў універсітэт у Польшчы, быў розны спектр эмоцый, нават адзначыў акаўнт БНТУ у сацсетках — хацелася паказаць, што яны мяне адлічылі, але я ўсё адно абараніўся, няхай і ў іншай краіне, — кажа суразмоўца «Салiдарнасцi».
Сяргей таксама ўспамінае, што амаль адразу, калі пераехаў, пачаў працаваць. Спачатку — кур’ерам у дастаўцы, развозіў ежу на ровары і атрымліваў у сярэднім 28 злотых за гадзіну (зараз каля 6,5$), пазней — па спецыяльнасці:
— Гэтая праца, можна сказаць, была ад універсітэта. Дарэчы, цікавая гісторыя. Сузаснавальнік пісаў доктарскую і сутыкнуўся з праблемай: яму трэба было атрымаць малую колькасць металічнага парашку для 3Д друку, а ўсе прамысловыя машыны-атамайзеры працуюць з тонамі. Ён пачаў развіваць тэму і праз гэта атрымаўся бізнес —ультрагукавая атамізацыя металу.
Я працаваў у фірме ў аддзеле R&D (research and development — С.). Мы рабілі розныя даследаванні і развівалі тэхналогіі, каб палепшыць абсталяванне і тэхналогію атамізацыі розных сплаваў. Там быў гнуткі графік, можна было спакойна сумяшчаць з вучобай. Таксама там добра плацілі і гэта быў добры інжынерны досвед.
Свой заробак у польскай фірме хлопец не называе, бо падпісваў адпаведную паперу. Але ён зазначае, што гэта у разы болей, чым калі ён працаваў у падобнай установе ад універсітэта ў Беларусі — там Сяргей зарабляў 4 рублі ў гадзіну (на той момант каля 2$).
— Для студэнта тут больш магчымасцей зарабіць па спецыяльнасці, чым у Беларусі. У Польшчы я студэнтам купляў сабе ўсё патрэбнае, адкладаў грошы і змог купіць машыну. Для студэнта гэта — вау.
Я працаваў у БНТУ, і наш аддзел электралітна-плазмавай паліроўкі зарабляў не шмат грошаў. А тут, напрыклад, адна машына каштуе прыблізна 200 тысяч еўра.Таму ў польскай фірмы больш грошай, і яны могуць сабе дазволіць R&D аддзел. Гэта крута, калі ёсць магчымасць укладаць сродкi ў навуку.
У БНТУ існуе нешта падобнае: хабы, падтрымка праектаў, але ж гэта іншы ўзровень падтрымкі. Ну і ўвогуле я лічу, што ў Беларусі амаль мёртвы сярэдні машынабудаўнічы інжынерны бізнес. Яго амаль няма. У нас ёсць гіганты, але вось бізнесаў, калі людзі проста сабраліся і робяць грошы, развіваюць тэхналогіі, прадаюць машыны па ўсім свеце — не.
— Бачна, што ты ўлюбёны ў сваю спецыяльнасць інжынера. Але ў тваім жыцці таксама шмат творчасці: агучваеш кнігі і творы на беларускай, пішаш песні. Як сумяшчаць тэхнічнае з творчым?
— Маладыя музыканты зараз — гэта інжынеры, праграмісты, і толькі пасля ўжо музыканты. Спадзяюся, я памыляюся і шмат хто з нас можа прысвячаць музыцы больш часу. Я не магу, бо мне трэба адчуваць, што заўтра будзе, што есці і дзе спаць.
Думаю, у мяне заўсёды будзе двайны выбар: і тэхнічная спецыяльнасць, і музыка. У ідэале я б хацеў мець інжынерны бізнес і пісаць музыку. Дзе б я ні быў, буду імкнуцца да гэтага. Але лепш за ўсё ў Беларусі, бо гэта дом.
— Твае песні, выпушчаныя ў эміграцыі, пра Беларусь. Творы, якія агучваеш, абавязкова па-беларуску. Наколькі гэта важна для цябе і ці прынцыпова?
— Я запісаў «Маленькага прынца» на беларускай мове, таму што ў мяне два браты, і мне неяк хочацца ўкласці ў іх беларускамоўнае зерне.
Я ўсё адно чытаю кнігу, і мне не цяжка паставіць мікрафон і запісаць. Я беларус нават тут, і мае польскія калегі ведаюць, што я з Брэста, я распавядаю ім пра нашу краіну.
Мне падаецца важным захоўваць сябе тут, бо гэта як гісторыя з габрэямі: яны былі выгнаныя са сваёй зямлі, але захавалі сваю культуру, традыцыі. Гэта іх лад жыцця. Нам таксама трэба не толькі захоўваць сваю культуру, але і шукаць яе, бо я, напрыклад, шмат чаго не ведаў і не ведаю.
Калі бліжэйшым часам нічога не зменіцца, то нашы дзеці ці ўнукі прыедуць у Беларусь з той культурай, якую мы ім перадалі. Мы шмат чаго згубілі і, мне падаецца, ад нашага пакалення шмат чаго залежыць.
Мая маці чула яшчэ вясковую беларускую мову. Я — чуў, але ўжо меней. Мае дзеці ўжо гэтага не ўбачаць. Думаю, для нашай культуры зараз вырашальны час, і яе надзея — гэта мы.
Сяргей прызнаецца, што яму вельмі баліць за Беларусь. Акрамя таго, ён пастаянна ў беларускім кантэксце. Хлопцу нават дагэтуль сняцца яго затрыманні.
— Апошнюю сваю песню «Беларусь і я» напісаў даўно, і тады, падаецца, яна была больш актуальная. Цяпер ад людзей адчуваецца стомленасць. Верагодна, зараз трэба пісаць нешта нейтральнае, але на беларускай мове — каб гэта было модна, каб гэта можна было спажываць і каб гэта выціскала расейскамоўны матэрыял, то бок, трэба ствараць прапанову.
Думаю, трэба рабіць якасна: пісаць, пісаць і пісаць. Канешне, мінус, што мы не ў Беларусі, бо асноўныя слухачы — там. І няма магчымасці праводзіць там канцэрты, а гэта адзін з інструментаў, каб пашыраць сваю творчасць, больш магчымасцяў зачапіць слухачоў.
У будучыні Сяргей хоча вярнуцца дадому ў Беларусь, калі гэта будзе магчыма.
— Я хачу працаваць у Еўропе на заводзе, каб набрацца ведаў і прыехаць з імі ў Беларусь. Спадзяюся, у нас падымецца адукацыя, тэхналогіі, да нас будуць прыходзіць грошы і мы будзем развіваць прамысловасць, эканоміку, імідж краіны.
— Ці ёсць нейкія рэчы, якія ты ўжо прыкмеціў у Польшчы і хацеў бы расказаць пра гэта ў Беларусі?
— Па-першае, у Беларусі шмат кантролю за ўсім, і яго, я лічу, трэба прыбраць. Калі гэта адбудзецца, усё пачне з’яўляцца само сабой.
Па-другое, у нас павінна быць універсітэцкая культура: беларускія студэнты і выкладчыкі павінны ўбачыць, як навучальны працэс пабудаваны ў Еўропе.
Я заўважыў, што тут ніхто ні за кім не бегае — не хочаш, не рабі. У БНТУ спрабуюць нешта выціскаць з чалавека, а гэта ўвогуле дэматывуе вучыцца. Як у нас казалі: з БНТУ не адлічваюць.
Таксама ў польскіх універсітэтах для выкладчыкаў важна, што пра іх думаюць студэнты. Пасля кожнага семестру мы запаўнялі анкеты, дзе выказваліся, што думаем пра таго ці іншага выкладчыка, і для яго гэта было насамрэч важна.
Апроч гэтага, я заўважыў, як палякі дбаюць пра сваю гісторыю і прамысловасць. Напрыклад, ёсць музей самалётаў. І яны распавядаюць: вось, нашае, вось, наш паляк зрабіў тое і тое. Мне падаецца, што нам таксама трэба ствараць нейкія інфармацыйныя праграмы і г.д., дзе будуць распавядаць пра тое, што зрабілі менавіта беларусы, каб у людзей быў гонар і яны пра гэта распавядалі па-за межамі Беларусі. Каб ведалі і ганарыліся сваімі людзьмі і поспехамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное